Гульцам закон не пісан. Беларускія футбалісты, якімі мы іх не ведалі
«Зорныя» футбалісты, якія адгулялі не за адзін замежны клуб, часта шкадуюць пра рэчы, праз якія кар'ера накрылася медным тазам. І, калі прыгледзецца, высвятляецца, што не такія ўжо яны «зорныя» — гэтыя «зоркі»...
У футбалістаў з Беларусі было не так шмат спроб зайграць у вялікіх замежных лігах — ды і тыя рэдка аказваліся па-сапраўднаму ўдалымі. Гульцы ж вінавацілі не толькі абставіны, але і саміх сябе, шкадуючы, што не паводзілі сябе інакш. «Трыбуна» паглядзела, праз што зробленае і нязробленае потым сумавалі вядомыя прадстаўнікі беларускага футболу.
Філіпенка ужываў па «метадычных матэрыялах»
У 19 гадоў абаронца БАТЭ Ягор Філіпенка падпісаў кантракт са «Спартаком», дзе асабліва не гуляў. З часам футбаліст, як ён выказаўся, праз «маладосць і дурасць» пачаў парушаць рэжым. Пасля матчаў, ведаючы пра выхадны назаўтра, Філіпенка мог пайсці ў бар, а затым і ў начны клуб. Пры гэтым падчас трэніровачнага цыклу, паводле слоў абаронцы, такога не было – ён казаў, што ўжываў алкаголь «паводле метадычных матэрыялаў». Улетку ў спякоту футбаліст аддаваў перавагу піву, у больш халоднае надвор'е – віскі з яблычным сокам.
Калі ў снежні 2014-га Філіпенка пераходзіў з БАТЭ ў «Малагу», Анатоль Капскі заявіў, што абаронца «бесшабашны, дзесьці загульны, але не прапіў ні галаву, ні здароўе». Аднак у чэмпіянаце Іспаніі абаронца аказаўся ў цалкам разабраным стане — пасля заканчэння сезону ў БАТЭ адправіўся на адпачынак у Тайланд, дзе згубіў кандыцыю, праз што практычна «выпалі» першыя паўгода ў новай камандзе. Пры гэтым у Іспаніі не звярталі вялікай увагі на тое, чым гульцы займаюцца ў вольны час.
«Калі ты трохі парушыў рэжым, але пры гэтым выйшаў на трэніроўку і адпрацаваў, напэўна, ніхто нічога не скажа», – успамінаў свой перыяд у «Малазе» Філіпенка.
У Іспаніі Ягор узяўся за галаву, бо, паводле яго слоў, «дапёр, што трэба станавіцца профі». Тады футбаліст пачаў класціся спаць да паўночы, гуляць на свежым паветры па вечарах, перастаў есці лішняе і выключыў алкаголь. Зрэшты, замацавацца ў чэмпіянаце з топ-5 гэта не дапамагло.
Глеб-малодшы лётаў да брата замест трэніровак
Пра многае шкадаваў у кантэксце сваёй замежнай кар'еры Вячаслаў Глеб. У юным узросце перабраўшыся ўслед за братам у «Штутгарт», нападаючы палюбіў піва, хоць да гэтага наогул не ўжываў алкаголь.
«Трэнер германскі пасля першай трэніроўкі кажа мне: "Які сок?" І налівае піва: "Пі, для аднаўлення гэта класна". Але ў Германіі — адно, два піва, не болей. А ў нас жа дзе адно-два, там і панеслася. І ў выніку піва спадабалася», — прызнаваўся Вячаслаў.
У адным з інтэрв'ю Глеб-малодшы расказваў, што любіў глядзець футбол у германскіх барах. Аднак нядаўна падзяліўся гісторыяй, як напярэдадні матчу «Штутгарта» ўзяў «Мерсэдэс» брата і паехаў на дыскатэку. У выніку галоўны трэнер Фелікс Магат, не асабліва разбіраючыся, пакінуў Аляксандра ў запасе, а клуб выпісаў старэйшаму з братоў штраф у 30 тысяч еўра. Той, зразумеўшы, у чым была справа, назваў Вячаслава «маленькім гаўнюком».
Аднак галоўныя шкадаванні малодшы Глеб звязвае з няўменнем «трываць, калі трэба было памаўчаць».
«Для мяне не было аўтарытэтаў. Калі мне хтосьці не падабаўся, то я адразу закіпаў. Брат, напэўна, расказваў: ён прыходзіць у распранальню ў Германіі, а я брамніка б'ю», – згадваў Вячаслаў, які, «як звычайна», пасварыўся з галкіперам.
Парушаў правілы футбаліст і ў «Гамбургу», куды сышоў са «Штутгарта» за 150 тысяч еўра. На наступны дзень пасля матчаў тыя футбалісты, якія заставаліся ў запасе, павінны былі трэніравацца – а Вячаслаў ляцеў да брата, чым выклікаў здзіўленне ў клубе. Пазней сябе таго перыяду Глеб-малодшы назваў «маладым шчанюком».
Глеб-старэйшы не захацеў вучыць мову
Сезон-2008/09 Аляксандр Глеб правёў у складзе «Барселоны», якая выкупіла цяперашняга прарэжымніка з «Арсенала» за 17 мільёнаў еўра. Праз гады паўабаронца публічна шкадаваў пра гэты пераход, але пры гэтым заўважыў, што «сам вінаваты, як там усё развівалася». Алекс згадваў пра праблемы ў стасунках з тагачаснай жонкай Настай Касянковай, праз якія быў «вельмі нервовым, нікога не слухаў». Да таго ж, Глеб «успрымаў агрэсіўна» жаданне трэнера Пепа Гвардыёлы, каб новы гулец вучыў іспанскую мову, – і «мэтанакіравана ішоў на канфлікт» з коўчам.
Трэнер і футбаліст часта лаяліся па ходзе таго сезону, за які Глеб правёў ва ўсіх турнірах 36 матчаў. А пасля пераможнага фіналу Лігі чэмпіёнаў, калі Гвардыёла пакінуў паўабаронцу па-за заяўкай, Глеб наогул хацеў «уцягнуць» трэнеру — але праз гады заявіў, што прааналізаваў сітуацыю і на месцы Пепа «паступіў бы сапраўды гэтак жа».
Сівакоў зачапіўся з трэнерам
Праз два тыдні пасля свайго 21-годдзя Міхаіл Сівакоў упершыню ў кар'еры адправіўся ў замежную лігу, падпісаўшы кантракт з «Кальяры» на тры з паловай гады. Аднак выніковы найгрыш у італьянскай эліце склаў усяго тры матчы. Праз гады Сівакоў казаў, што ў Італіі «першы час было вельмі цяжка» праз няведанне мовы – і запэўніваў, што калі б хутчэй асвоіўся, то мог бы замацавацца ў камандзе. Зрэшты, і сілу канкурэнтаў гулец не адмаўляў.
Далей у замежнай кар'еры футбаліста былі арэнды ў «П'ячэнцы» і «Вісле», а затым — пераход у бельгійскі «Зюлтэ-Варэгем». Там Сівакоў затрымаўся ўсяго на сезон праз канфлікт з галоўным трэнерам. Прычынай стала адпраўка футбаліста на матч іншай каманды пасля добрага, на думку Сівакова, паядынку за аснову. Абаронца пайшоў размаўляць з коўчам і «даў волю эмоцыям» – у выніку да канца сезона выпаў з абоймы. Пасля расстання з бельгійскім клубам Міхаіл прызнаў, што тады варта было прамаўчаць.
Качуру падвяла спроба пазбавіцца жонкі
У сезоне-1999/2000 Пётр Качура перастаў быў гульцом стартавага саставу «Шэфілд Юнайтэд» у англійскім Д2. Пры гэтым у клубе форварду прапаноўвалі новы кантракт, а былі і варыянты змяніць каманду ўнутры краіны – хацеў бачыць гульца «Стокпорт», а ў «Бірмінгем» асабіста клікаў новы галоўны трэнер Стыў Брус. Але Качура адхіліў прапановы і з'ехаў у кітайскі «Чэнду». Там форварду прапанавалі добрыя фінансавыя ўмовы, але галоўная прычына, як выявілася, была не ў гэтым.
Ужо пасля канца кар'еры Пётр прызнаўся, што з дапамогай свайго ад'езду хацеў пазбавіцца жонкі, якая, на думку гульца, дарма марнавала яго грошы. Пасля «манеўру» Качура хацеў вярнуцца ў Англію і працягнуць кар'еру там – але ўсё пайшло не па плане.
— Цяжкая была сітуацыя, калі даеш жанчыне крэдытную карту, а тармазы ў яе адсутнічаюць. Ды і ў астатнім стасункі былі сапсаваныя канчаткова. Я проста хацеў, каб у жонкі скончылася [брытанская] віза і яна вярнулася ў Мінск. А [тады] я з Кітая [вярнуўся б] у Англію, але ўжо без яе. Але [у Кітаі] падрасстраляў у футбольным плане шмат, і ў мяне ўжо не было неабходнай колькасці гульняў за зборную, каб вярнуцца ў Англію, – расказваў Качура.
У выніку пасля Кітая замест брытанскага футбола форвард сам прыехаў у Мінск гуляць за «Дынама» і заходней ужо не апынаўся. Цяпер пераход у «Чэнду» замест «Бірмінгема» Качура лічыць галоўнай памылкай кар'еры, а ад кітайскага футболу захаваў «спрэс негатыўныя ўспаміны», хоць вакол былі «шыкоўны гатэль, вялікія грошы, смачная кітайская ежа».