Вялікі спорт ніколі не быў па-за палітыкай. І не можа быць
Спорт ніколі не быў «па-за палітыкай». І менавіта гэта рабіла яго важным і значным. Часта менавіта дзякуючы знакамітым спартсменаў свет змяняўся да лепшага.
Яшчэ ў 1906 годзе на пазачарговай Алімпіядзе ірландскі прыгун Пітэр О’Конар на цырымоніі ўручэння яму медалёў падбег да флагштока, дзе вісеў сцяг Вялікабрытаніі, ускараскаўся наверх і пачаў махаць ірландскім сцягам. На той момант Ірландыя была часткай Брытаніі, але ў тым ліку і смелы ўчынак Пітэра дапамог наблізіць незалежнасць Ізумруднага вострава. І гэта быў далёка не адзіны ўчынак.
Махамед Алі: «Проста забярыце мяне ў турму»
Галоўны баксёр ХХ
стагоддзя выйграў Алімпіяду-1960 у Рыме і званне чэмпіёна свету ў прэстыжнай
версіі. Але над бліскучай кар’ерай навіс пытальнік, калі Алі пачаў гучна
выказвацца супраць вайны ў В’етнаме: «Маё сумленне не дазваляе мне страляць у
свайго брата… За што? В’етнамцы ніколі не называлі мяне “нігер”, ніколі не
лінчавалі, не спускалі на мяне сабак, не забіралі ў мяне грамадзянства, не
гвалтавалі і забівалі маіх маці і бацьку… Як я магу страляць у бедных людзей?».
Калі Махамеду прыйшла
павестка ў В’етнам, ён адмовіўся служыць у войску ЗША. Але і з’язджаць у
Канаду, як у той час рабілі многія пацыфісты, не стаў. «Проста забярыце мяне ў
турму», — сказаў ён. Прысуд быў жорсткім: пяць гадоў зняволення. Фактычна за
кратамі баксёр быў не так доўга — пачаліся апеляцыі. Але з 25 да 29 гадоў — у залатым
узросце — Алі не выходзіў на рынг. Замест гэтага ён шмат вандраваў, выступаў у
каледжах па ўсёй Амерыцы, заклікаючы да спынення вайны, расавай няроўнасці і
вучыў афраамерыканцаў ганарыцца сваім паходжаннем.
У прафесійны спорт ён
не проста вярнуўся, а зноў стаў лепшым у свеце. Цяпер у гонар Алі называюць
вуліцы.
Томi Сміт і Джон Карлас: рукі ў чорных пальчатках
Для спрынтараў з ЗША
фінал спаборніцтваў на 200 метраў на Гульнях-1968 у Мехіка прайшоў выдатна.
Сміт з сусветным рэкордам выйграў забег, Карлас фінішаваў трэцім. Але на
цырымоніі здарылася непрадказальнае: амерыканцы падняліся на п’едэстал басанож,
а падчас амерыканскага гімна паднялі дагары рукі ў чорных пальчатках. Так
спартоўцы жадалі прыцягнуць увагу сваёй дзяржавы да сацыяльных праблем у ЗША.
«Калі я выйграю, то я амерыканец, а не афраамерыканец. Але калі я раблю нешта
дрэннае, я негр…» — успамінаў Сміт.
Пасля таго, як
спартсмены вярнуліся ў Штаты, на іх абрынулася лавіна нянавісці — ім нават
пагражалі смерцю. «Злей, жудасней, пачварней», — пісаў пра іх учынак «Time
Magazine». «Ганебны, дзіцячы, нудны», — дадаваў «Chicago American». Дарэчы,
аўстраліец Пітэр Норман, які прыйшоў у тым забегу другім, выразіў салідарнасць
са Смітам і Карласам. У Аўстраліі гэтага не ацанілі: у Мюнхен-1972 яго не
пусцілі, хаця кваліфікацыйны нарматыў ён выканаў некалькі разоў.
У 2016 годзе ў
Нацыянальным музеі афраамерыканскай культуры ў Вашынгтоне з’явілася скульптура
з тым самым «Black Power Salute». А аўстралійскія ўлады афіцыйна папрасілі
прабачэння ў Нормана ў 2012-м — праз шэсць гадоў пасля яго смерці. «Black Power
Salute» быў паўтораны амерыканцамі Вінсэнтам Мэцьюзам і Уэйнам Колетам у
Мюнхене-1972. Абодва адразу атрымалі бан на ўсё жыццё. ЗША вымушаныя былі з-за
гэтага зняцца з эстафеты 4 па 400: ім проста не хапіла спартсменаў.
ЛеБрон Джэймс: «Я ніколі не сяду з ім побач»
Найлепшы (па
меркаванні шматлікіх фанатаў і яго ўласным) баскетбаліст сучаснасці — бадай,
самы сістэмны барацьбіт супраць трампізму ва ўсіх яго праявах. «Лэйкерз»
Джэймса нават пачалі байкот плэй-офф НБА-2020 у знак пратэсту супраць паводзін
паліцыі ў дачыненні да Джэйкаба Блэйка (29-гадовага афраамерыканца, сур’ёзна
параненага ў Вісконсіне). Паводле інфармацыі ESPN, толькі Барак Абама здолеў
дамовіцца з гульцамі не пачынаць байкот.
ЛеБрон не раз рэзаўся
з Трампам на яго пляцоўцы — у «Твітары». Гэта Джэймс прышпіліў да прэзідэнта
ЗША слова «bum» — «лайдак, абібок». «Трамп падзяляе краіну спортам, хаця спорт
заўсёды аб’ядноўваў людзей, а не наадварот! Я ніколі не сяду з ім побач!» —
казаў ЛеБрон у інтэрв’ю CNN. Трамп вельмі злаваўся, але што зробіш па законе з
такім змагаром?
У 2018-м Дональд
адмяніў запрашэнне для клуба па амерыканскім футболе «Філадельфія Іглз» наведаць
Белы дом пасля перамогі ў Супербоўле. Прычына: гульцы «арлоў» дэманстратыўна
выказалі нязгоду з палітыкай ЗША і станавіліся на калена падчас гімна. ЛеБрон
хутка адказаў: «Ні мы, “Кліўленд Кавальерз”, ні “Голдэн Стэйт Уорыарз” не
пойдзем у Белы дом пасля плэй-офф». Так і здарылася.
Але незадаволеныя
амерыканскія спартсмены не толькі Трампам. Галкіпер «Бостан Бруінз» Цім Томас
адмовіўся наведаць Белы дом падчас прэзідэнскага тэрміну Барака Абамы. «Лічу,
што федэральная ўлада выйшла з-пад кантролю і пагражае правам і свабодам
людзей. Гэта робіцца на выканаўчым, заканадаўчым і юрыдычным узроўнях», —
заявіў Томас. І яму за гэта нічога не было.
Мацiас Шындэларж не прыняў захоп Радзімы
Ураджэнец маравійскага
мястэчка Козлаў быў мегазоркай знакамітай аўстрыйскай зборнай міжваеннага
перыяду, якую называлі «вундэрцім» — «каманда-цуд». Нападаючы быў лідарам таго
калектыву. Як і многія аўстрыйцы, ён не прыняў захопу радзімы фашыстамі.
3 красавіка 1938 года
ў Вене была згуляна так званая «Аншлюсшпіль» — гульня, якая павінна была
ўрачыста адзначыць далучэнне Аўстрыі да Трэцяга рэйху. Гаспадары выйшлі на поле
не ў традыцыйнай чорна-белай форме, а ў чырвона-бела-чырвоным — колерах
аўстрыйскага сцяга. Шындэларж адмовіўся зігаваць у гонар акупантаў, аўстрыйцы
«адвазілі рылам» гасцей, стварыўшы неймаверную колькасць галявых момантаў, хаця
забілі толькі двойчы. «Вундэрцім» адабралася на чэмпіянат свету-1938, але пасля
аншлюсу ехаць туды павінна была ўжо аб’яднаная каманда Трэцяга рэйху.
Шындэларж не пажадаў
гуляць ні за якую зборную, акрамя сваёй, і застаўся дома. Неўзабаве ён загінуў,
атруціўшыся ўгарным газам. Паводле адной з версій, гэта было забойства: за
кавярняй, якая належала Маціасу, сачыла гестапа…
Зборная Нацыянальнага вызваленчага фронту Алжыра
Большая частка гэтай
незвычайнай каманды да 1958 года жыла топ-жыццём сур’ёзных футбольных
прафесіяналаў. Дастаткова сказаць, што адразу пяцёра выступалі за «Манака»,
былі таксама прадстаўнікі «Ліёна», «Марсэля», «Бардо». У некаторых нават быў
пэўны найгрыш за зборную Францыі, магчымасць ехаць з ёю на першынства
свету-1958. Але алжырцы вырашылі інакш — і таемна збеглі на радзіму, дзе ішла
сапраўдная вайна за незалежнасць супраць французскіх войск.
З’яднаўшыся ў зборную
Нацыянальнага вызваленчага фронту, яны за чатыры гады правялі нямала матчаў па
ўсім свеце, расказваючы пра барацьбу алжырскага народа за незалежнасць. У
афіцыйных турнірах каманда ўдзельнічаць не магла, але згуляла каля 80 «таварнякоў»,
з якіх выйграла 55. За атакуючы стыль яе асабліва любілі аматары футбола. У
1963 годзе каманда НВФ перастала існаваць, але па святочнай прычыне: на яе
месца прыйшла зборная незалежнага Алжыра — прызнаная і легітымная.
Званiмiр Бобан уступіў у бойку з паліцыяй
13 траўня 1990 года —
неафіцыйны пачатак вайны ў Югаславіі. На стадыёне «Максімір» у Загрэбе гулялі
мясцовае «Дынама» і белградская «Црвена Звезда» — харваты супраць сербаў. Ужо
на 10-й хвіліне пачалася сапраўдная бойка. Харвацкія «ультрас» рынуліся на
поле. Іх пачалі сустракаць паліцэйскія — вядома, з дручкамі. Паўабаронца
гаспадароў Званімір Бобан не спужаўся паліцыі і ўступіў у бойку. Яго хай-кік
«амапаўцу» цяпер многія называюць стартавым свістком балканскіх войн за незалежнасць.
Бобану на той момант
было ўсяго 22 гады. Ён ужо даўно падаваў надзеі і нават згуляў 7 матчаў за
зборную Югаславіі. Потым ён пераедзе ў Італію, на 10 год стане сімвалам
знакамітага «Мілана», з якім выйграе Лігу чэмпіёнаў. А ў 1998-м Званімір з
партнёрамі па зборнай даб’ецца выдатнага выніку — трэцяга месца на чэмпіянаце
свету ў Францыі. Менавіта так сенсацыйна на мундыялях дэбютавала незалежная
Харватыя.
Сакратэс: «Так — любові, не — тэрору»
Бразільскую футбольную
зорку 1980-х гг. паважалі настолькі, што да імя часцяком дадавалі слова
«Доктар». Медыцынскі дыплом у яго і сапраўды быў: пасля кар’еры ён нават
працаваў у шпіталі. Аднак у гісторыю паўабаронца ўвайшоў перш за ўсё як галоўны
гуманіст сусветнага футбола.
Ён паспрабаваў
немагчымае: выцягнуць Бразілію, захраслую ў кірзачах ваеннай хунты, да
дэмакратыі. Сакратэс прызываў суайчыннікаў да барацьбы за свае правы,
заахвочваў да грамадскай актыўнасці і ўзаемнай дапамогі. Ён выходзіў на поле з
павязкай на галаве са словамі: «Так — любові, не — тэрору». Найвышэйшай кропкай
яго імкнення да агульных правоў чалавека стаў перыяд, які атрымаў назву
Дэмакратыя «Карынціянса». У першы і, бадай, апошні раз у прафесійным клубе
працавала прамое галасаванне: гульцы, трэнеры, масажысты, адміністратары разам
вырашалі, колькі і калі трэніравацца, як гуляць, як адпачываць… Сакратэс
пераканаў уладальніка клуба Валдэмара Пірэса, што так будзе лепш.
«Карынціанс» двойчы
выйграў чэмпіянат штата Сан-Паўлу, а ў 1982-м гульцы вышлі на поле ў цішотках з
надпісам «Галасуй 15-га», заклікаючы людзей узяць удзел у першых з перавароту
1964 г. шматпартыйных выбарах у Бразіліі. Чэмпіянат Сан-Паўлу-1982 «Карынціянс»
выйграў з надпісам «Дэмакратыя» на майках. «Гэта самая вялікая каманда з тых,
дзе я гуляў. Таму што гэта больш, чым спорт. Мае палітычныя перамогі больш
важныя для мяне, чым футбольныя. Гульня заканчваецца праз 90 хвілін. А жыццё
працягваецца», — казаў Сакратэс.
У 1984-м ён падчас
палітычных дэбатаў выступіў перад аўдыторыяй агульнай колькасцю 1,5 млн.
чалавек. Уладзе такое свавольства, канешне, было не даспадобы. Прэзідэнт
бразільскай футбольнай канфедэрацыі — брыгадны генерал Жэраніма Бастас —
запатрабаваў ад клуба заставацца па-за палітыкай. Але цяжка пераацаніць
важнасць таго «Карынціянса» ў працэсе дэмакратызацыі Бразіліі. «Перамога ці
параза, але заўсёды з дэмакратыяй», — дэвіз вялікага гульца да самай смерці ў
2011 годзе.
Алегер Прэсас адмовіўся выступаць за зборную Іспаніі
Футбаліст быў абаронцам не толькі «Барселоны» і «Аякса», але і каталонскай незалежнасці. Ён нават адмовіўся выступаць за зборную Іспаніі, але гэтага яму было мала. Алегер рэгулярна выступаў у СМІ супраць іспанскіх улад, патрабуючы права Каталоніі на самавызначэнне. У 2007 г. ён напісаў артыкул для баскамоўнай газеты «Berria», дзе ўзняў пытанні незалежнасці суду ў Іспаніі на прыкладзе члена тэрарыстычнай групоўкі «ЭТА» Іньякі де Хуана, які ў той час аб’явіў галадоўку ў турме ў знак пратэсту.
З-за артыкула кампанія «Kelme» разарвала з Алегерам кантракт. На іспанскіх стадыёнах яго пачалі абсвістваць, але спартсмен не здаўся: «Тое, што адбываецца са мной, — гэта нішто ў параўнанні з пакутамі, праз якія праходзяць некаторыя людзі. Мне толькі сумна, што не ўсе нават прачыталі артыкул. Хацелася б, каб людзі ўсё зразумелі і спрачаліся па сутнасці, але гэтага не адбываецца», — казаў футбаліст.
У 2010 годзе пасля трансферу ў «Аякс» Алегер узяў удзел і ў пратэстах супраць
забароны сквоцінга ў Нідэрландах. Дарэчы, у амстэрдамскім клубе нармальна прынялі
актыўную пазіцыю гульца, бо пратэст быў мірным.
Артур Эш ненавідзеў апартэід
Адзіны цемнаскуры тэнісіст, які выйграў і «Уімблдон», і «Аўстраліян Оўпэн», і «ЮС Оўпэн», біўся за перамогі не толькі на корце, хаця і яго трыумф у Мельбурне ў 1970-м нарабіў шмат шухеру. Чэмпіён узяў тытул, толькі звольніўшыся з арміі ЗША, дзе даслужыўся да лейтэнанта. Правы чалавека і сапраўдная дэмакратыя былі для яго галоўнай мэтай, тым больш што ў той жа год здарыліся забойствы Марціна Лютэра Кінга і Роберта Кенэдзі.
Эш ненавідзеў апартэід
ва ўсіх праявах. Шмат гадоў запар яму адмаўлялі ў візе ў ПАР, куды ён марыў
адправіцца на турнір. У 1992 годзе, калі Эш быў ужо вельмі хворым чалавекам (ён
атрымаў СНІД з-за трансфузіі крыві пасля адной за аперацый), ён не змог
застацца ў баку ад дэманстрацыі ля Белага дома. Амерыка адмовілася прыняць
бежанцаў з Гаіці, хаця да гэтага з радасцю дала прытулак кубінскім ахвярам
рэжыму Кастра. Нават са слабым здароўем Эш адправіўся на дэманстрацыю, якія ў
той час былі забаронены. Арышт не прымусіў доўга сябе чакаць, але з’яўленне
тэнісіста ля Белага дома было важным знакам для ўсіх. Праз некалькі месяцаў
Артур памёр.
Вера Часлаўска: «Дзве тысячы слоў»
Адна з наймацнейшых
спартыўных гімнастак свайго часу, чэхаславацкая спартсменка магла б выйграць і
больш. Але пасля сямі залатых медалёў у Токіа-1964 і Мехіка-1968 яна стала
невыязной з ЧССР. Прычына — «палітычная нядобранадзейнасць».
Пасля ўвядзення
савецкіх войск у Прагу ў 1968-м Вера не пабаялася паставіць подпіс пад
знакамітым пісьмом «Дзве тысячы слоў». Толькі ў апошні момант ёй далі дазвол на
паездку ў Мехіка. А там у вольных практыкаваннях суддзі вырашылі прысудзіць не
адзін, а два залатыя медалі — акрамя Часлаўскай узнагародзіць яшчэ і
прадстаўніцу СССР Ларысу Петрык (дарэчы, выхаванку беларускай школы
гiмнастыкі).
Чэхаславачка, абураная такім рашэннем, падчас гімну СССР дэманстратыўна
апусціла галаву долу і ўбок. Дэмакратычныя сілы ЧССР сустрэлі жэст вельмі
станоўча, а вось для камуністычнага рэжыму Часлаўска адразу пераўтварылася ў
персону нон-грата.
Тым не менш
спартсменка на дзесяцігоддзі стала сімвалам барацьбы за дэмакратыю, а пасля
змены палітычнага ладу ўзначаліла Нацыянальны алімпійскі камітэт, стала членам
МАК ад Чэхіі і саветнікам прэзідэнта Вацлава Гавела па фізкультуры і спорце.
Хакан Шукюр хацеў сваёй краіне перамен
Найлепшы бамбардзір у гісторыі футбольнай зборнай Турцыі, аўтар самага хуткага гола ў фінальных турнірах чэмпіянату свету, сапраўдны ідал заўзятараў стамбульскага «Галатасарая», які ўзяў для туркаў першы ў гісторыі Еўракубак… Знакаміты Басфорскі Бык мог бы жыць прыпяваючы пры рэжыме Эрдагана, але ён хацеў для сваёй краіны перамен. Шукюр дэманстратыўна выйшаў з «Партыі справядлівасці і развіцця» пасля забароны дзейнасці на тэрыторыі Турцыі галоўнага палітычнага канкурэнта Эрдагана — ісламскага вучонага і пісьменніка Фетхулы Гюлена.
У 2016-м былога форварда абвінавацілі ў абразе прэзідэнта і выпісалі ордэр на арышт за ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі (гэты статус надалі партыі Гюлена). Шукюр вымушаны быў збегчы ў ЗША, дзе зараз прадае кніжкі і працуе кіроўцам «Uber». Усе яго рахункі і маёмасць у Турцыі адышлі ўладам.
Кiмiя Алізадэ — адна з мільёнаў
«Яны бралі мяне, куды хацелі, я насіла тое адзенне, якое яны казалі, я паўтарала ўсё, што яны ад мяне патрабавалі, яны эксплуатавалі мяне, калі жадалі. Я не хачу больш сядзець за сталом крывадушнасцi, ілжы, несправядлівасці і лёсткі… Я — адна з мільёнаў прыгнечаных жанчын….» — так развіталася з радзімай адзіная ў гісторыі Ірана алімпійская прызёрка. Таэквандзістка Кімія Алізадэ ўзяла бронзу ў Рыа-2016, а ў 2020-м уцякла з краіны. У знак пратэсту Кімія адмовілася ад выступу за Іран у Токіа-2020.
Вон Хо-Чун — непажаданы
Выдатны ганконгскі бягун быў галоўным прэтэндэнтам на прыз «Залаты насарог».
Але з-за падтрымкі дэмакратычных пратэстаў у краіне яго хутка выкраслілі з усіх
спісаў — за «антыкітайскія iнтэрв’ю». Да таго ж, Вон дапамагаў пацярпелым
удзельнікам дэманстрацый у Юэнь-Лоне. Спартсмен працягвае сцвярджаць: «Я
збольшага па-за палітыкай. Але ў Пекіне слухаць не хочуць».
Фейіса Лілеса салідарны з арома
Эфіопскі стаер выбраў для выказвання сваёй грамадзянскай пазіцыі найлепшы момант — срэбраны фініш у Рыа-2016. Спартсмен узняў скрыжаваныя рукі над галавой у знак салідарнасці з народнасцю арома, якую гвалтам прымушалі з’ехаць з родных мясцін вакол Адыс-Абебы — там планавалася капітальная забудова. З-за сваёй пазіцыі Лілеса вымушаны быў два гады пражыць за мяжой.
Толькі пасля
адстаўкі былога прэм’ер-міністра Хайлемарыяма Дэсалегна новы — Абій Ахмед —
запрасіў атлета вярнуцца ў родную краіну.
Колін Капернік: «Я не буду ганарыцца сцягам краіны, якая зневажае людзей з іншым колерам скуры»
Куотэрбэк з
амерыканскага футбола няблага гуляў шэсць сезонаў за «Сан-Францыска 49эрс». Але
пасля навін пра неадэкватныя паводзіны паліцыі (забойства і шматлікія
выкарыстанні агнястрэльнай зброі без асаблівых падстаў) вырашыў пратэставаць,
не падняўся падчас выканання амерыканскага гімна перад таварыскай гульнёй
напярэдадні сезона-2016. «Я не буду ганарыцца сцягам краіны, якая зневажае
людзей з іншым колерам скуры», — растлумачыў ён.
Капернік працягваў пратэсты ўсё міжсезонне, і на чацвёртай гульні ён устаў на адно калена — так і пачаўся аднакаленны пратэст «BlackLivesMatter», які цяпер набраў сілу. Сам куотэрбэк увесь гэты час лячыўся ад атрыманых падчас гульняў траўм, звольніўся з «Сан-Францыска 49эрс», але вось ужо пяць гадоў не можа знайсці новую каманду. Як лічаць, ніхто не хоча звязвацца са скандальным футбалістам. Ён падаў у суд на лігу, але да працэсу справа не дайшла: НФЛ палічыла за лепшае дамовіцца па-добраму. Пошук клуба для спартсмена-актывіста працягваецца.