Зноў Гульні без нас. Чатыры назіранні наўздагон няудачы беларускіх хакеістаў у алімпійскай кваліфікацыі

У летапісе нацыянальнай зборнай — чарговая капітуляцыя.

dsc_7945.jpg_svk_blr_foto_sukup.jpg

Калі на 58-й хвіліне нядзельнага матча ў Браціславе славацкі нападаючы Лібар Гудачэк трапна шпульнуў шайбу ў беларускія вароты, канчаткова выявілася: чарговыя Алімпійскія гульні зноў пройдуць без удзелу нашых хакеістаў. Яны адбудуцца ў Пекіне ўжо праз паўгода — у лютым — айчыннаму заўзятару яшчэ будзе час вызначыцца, каму там сімпатызаваць.

Айчыннаму хакею між тым варта вызначыцца з іншым: што не так у лядовай гаспадарцы, калі ледзьве не кожны сур’ёзны старт нацыянальнай зборнай абарочваецца ўсё новымі абломам, расчараваннем і фрустрацыяй. Што не так — калі беларускія хакеісты ўсё больш відавочна не вытрымліваюць канкурэнцыі з замежнымі камандамі. У тым ліку з тымі, каго некалі лёгка размазвалі па лёдзе і ўпячатвалі ў барты.

Што ж, то хай яны там і разбіраюцца — спецыялісты. А мы пакуль зафіксуем асноўнае наўздагон жнівеньскаму фіяска. Канстатуем, так бы мовіць, галоўныя факты-чыннікі, якія варта ўзгадаць па матывах няўдалай браціслаўскай рапсодыі.

Пекін-2022 стане трэцімі Гульнямі запар без хакеістаў з Беларусі

Самае паказальнае ў тым, што з гледзішча статыстыкі апошняга дзесяцігоддзя нічога незвычайнага не здарылася. Праляцець міма Алімпіяды — гэта даўно ўжо традыцыя для беларускай зборнай. Апошні раз нашы хлопцы ўдзельнічалі ў Гульнях ажно ў 2010-м, калі алімпійскай сталіцай быў канадскі Ванкувер. Перадапошні — узгадаем для даведкі — у зусім ужо «антычным» 2002-м. Тады ў амерыканскім Солт-Лэйк-Сіці пад кіраўніцтвам Уладзіміра Крыкунова беларусы стварылі сапраўдны «цуд на лёдзе», сенсацыйна выйшаўшы ў паўфінал. Дэбют жа адбыўся ў 1998-м у японскім Нагана, дзе нашы землякі выглядалі годна і патрапілі ў выніковую васьмёрку лепшых.

Як даўно гэта ўсё было… Адыйшла багатая савецкая спадчына, выраслі новыя пакаленні, у Беларусі панабудавалі лядовых палацаў і пляцовак са штучным лёдам, ва ўлюбёную гульню Аляксандра Лукашэнкі інвеставалі дзясяткі (а, можа, агулам ужо і сотні) мільёнаў долараў. Здавалася б, вось гэта глеба — пэўна ўжо дасць ураджай на зайдрасць загніваючаму Захаду. Але не: зайдросна выглядае менавіта Захад, які ірвануў наперад — і нават пачаў выпіхваць абласканых беларускіх гульцоў з элітнага дывізіёну сусветнага хакея.

Што казаць, калі на Алімпіядах шнуруюць канькі Нарвегія, Славенія, Латвія, Аўстрыя, Данія — а беларусы ад разу ў раз прайграюць кваліфікацыю і вымушана пераносяць здзяйсненне мары «на потым». Бліжэйшае «потым» цяпер чакае нашу зборную толькі ў 2026 годзе. Як той казаў, не ўсе дажывуць да таго шчаслівага світанку.

20210829231549.jpg

Славакія выйграла кваліфікацыю не мацнейшым складам

У вырашальным матчы з гаспадарамі турніра зборная Беларусі ўвогуле выглядала няблага. Клінчавалі-бадаліся на роўных, і каб трохі пашанцавала… Ну так, гульня цякла ў нічэйную гавань, і ўзгаданую напачатку шайбу славак Гудачэк закідваў у пустыя вароты. Усё таму, што мірны зыход беларусаў не задавальняў — ім была пазарэз патрэбна менавіта перамога ў асноўны час. А ўжо гэта — рэха ганебнай паразы на старце кваліфікацыі.

У першым матчы нашы профі прымудрыліся саступіць палякам — зборнай з трэцяга дывізіёну сусветнага хакея. І хай там нехта казаў, маўляў, у заходніх суседзяў няма каму гуляць — на ўсю краіну ці мо дваццаць хакеістаў набярэцца, насамрэч, вядома, гэта не так. Развіваецца паціху ў Польшчы хакей — адпаведна з папулярнасцю і павольнымі рыначна-дэмаграфічнымі механізмамі. І, хто ведае, магчыма праз колькі год ужо і палякі сягнуць наперад так, што беларусаў толькі ветрам абдзьме. Але ж зараз па вялікаму рахунку хакейныя паны з Рэчы Паспалітай нашаму спадарству не супернікі. Во, і ў анонсах спартыўная прэса слушна пісала, што яны для беларускай зборнай — апаненты «на разагрэве».

Ну то і «разарэліся». Так, што маркотна зліліся з лікам 0:1 і потым толькі намагаліся бегчы ўслед за паравозам. Беглі шпарка — перамаглі аўстрыйцаў і годна трывалі ў вырашальным матчы са славакамі. Магло скласціся ўражанне, што мы з імі наогул адной крыві і аднолькава заслугоўваем алімпійскай ліцэнзіі. Аднак была ўсё ж адна важная акалічнасць.

У той час, як у беларускай зборнай атрымалася згуртаваць амаль усіх мацнейшых гульцоў — і склад, што называецца, «звінеў», славакі не далічыліся цэлага шэрагу элітных майстроў, сапраўдных лідараў. Гаворка, зразумела, пра прадстаўнікоў Нацыянальнай хакейнай лігі (НХЛ) — мацнейшага клубнага чэмпіянату ў свеце, у якім удзельнічаюць амерыканскія і канадскія каманды. Праз пэўныя прычыны з-за акіяну да радзімы не даехалі Яраслаў Галак з «Бостана» і Томаш Татар з «Манрэаля», Андрэй Сякера з «Даласа» і Рыхард Панік з «Нью-Ёрк Айлендэрс», Эрык Чэрнат з «Тампы» і волат-ветэран 44-гадовы Здэна Хара з «Вашынгтона»…

Як пяецца ў той песні, цудоўная пяцёрка і варатар. З імі зборная Славакіі была б значна мацней. Зрэшты, яна і без паўночна-амерыканскіх легіянераў справілася, здабыўшы тры перамогі з агульным лікам 9:3.

Алімпійскі праклён — толькі адно звяно ў ланцугу правалаў

Алімпійскія гульні праводзяцца адзін раз на чатыры гады, а вось чэмпіянаты свету па хакеі — з’ява штогадовая. У пэўным сэнсе менавіта ЧС больш здатны на ролю індыкатара развіцця самага прывілеяванага віду спорта Беларусі.

Дык вось: гэты індыкатар таксама дыягнастуе не лепшы стан беларускай хакейнай гаспадаркі.

Апошні аптымістычны пробліск на сусветных форумах у нашых хакеістаў здарыўся ў сярэдзіне мінулага дзесяцігоддзя, калі двойчы запар — у 2014-м у Мінску і ў 2015-м у чэшскай Остраве — беларусы выходзілі ў чвэрцьфінал. Да таго на трох чэмпіянатах запар зборная фінішавала на 14-м месцы — то-бок адчайна змагалася за захаванне элітнай прапіскі. Пасля таго пайшоў плаўны дрэйф уніз, да журботнай ролі каманды-ліфта — так завуць тых, хто курсуе, туды-сюды, паміж дывізіёнамі.

З мацнейшага хакейнага эшалону Беларусь вылецела ў 2018-м — упершыню за 15 гадоў. Потым — адразу ж вярнулася, не без прыгод перамогшы ў другім дывізіёне на лёдзе казахстанскага Нур-Султана. У 2020-м ЧС адмянілі праз пандэмію, а ў 2021-м забралі ў Мінска праз вядомыя палітычныя непатрэбствы. І выйшла, што сёлета беларусы вылецелі б зноў, калі б не адмысловы рэгламент, выкліканы каронавіруснымі абмежаваннямі. Праз гэты чыннік на чэмпіянаце «вылетантаў» не было прадугледжана ўвогуле. А так, паводле спартыўнага ранжыру, 15-е выніковае месца — месца лузера, якому самы шлях у Д2. І ў якога саромнай разынкай адсвечвае эпічная параза ад «нехакейных» брытанцаў.

Палітыка натуралізацыі іншаземцаў зноў не дапамагла

Джэф Плат, Шэйн Прынс, Франсіс Парэ, Нік Бэйлен, Дэні Тэйлар… Гэтым разам хакейная Беларусь скарысталася дапамогай пяцёркі замежных гульцоў. Але, як і падчас чэмпіянату свету, іншаземцы не сталі драйверамі бліскучага поспеху зборнай.

Усё больш відавочна, што сумнеўная стратэгія «верталётнай» раздачы пашпартаў не прыносіць беларускай зборнай плёну. Не той «лайфхак», які вывезе на чужым гарбу ў рай — дый сама практыка выглядае выродліва. Яшчэ на пачатку 2019-га тыя ж Тэйлар, Прынс і Парэ наўрад ці паказалі б з першага разу Беларусь на карце, а сёння яны не адрозняць Валожын ад Варонежа, але ж быць паўнавартаснымі грамадзянамі на нашым «кавалачку зямлі» гэта хлопцам не перашкаджае. Ну, хай — не іх тут віна, аднак няўжо загадчыкі «пашпартнага стала» не бачаць, што гэты шлях не вядзе на Алімп?

dsc_7932.jpg_svk_blr_foto_sukup.jpg

Можна, канешне, і надалей юзаць тэму — і натуралізаваць яшчэ з дзесятак амерыканцаў і канадцаў. Пры сучасным развіцці друкаванай справы пашпартоў хопіць на ўсіх. Але ці не прыўшоў час нарэшце паслухаць галасы тых, хто заклікае прыкрыць крамачку — і звярнуць увагу на сваіх?

Самае цікавае, што свае ёсць — неяк выраслі ў зоне нашага рызыкоўнага хакейнага земляробства. Ці дзякуючы, ці насуперак — гэта пытанне да адмыслоўцаў. Факт жа ў тым, што неяк спакваля някепскія рэзервы ў нацыянальным хакеі назапасіліся. І ўжо на юніёрскім узроўні беларусы коўзаюцца больш-менш паспяхова, і на заакіянскіх драфтах іх выбіраюць усё больш ахвотна, ну і наўпрост зараз у зборнай ёсць чатыры гульцы з кантрактамі ў НХЛ. Усе маладыя — ва ўсіх наперадзе цэлае жыццё.

Гэтую генерацыю аднойчы назавуць «пакаленнем Шаранговіча». Тых, хто нарадзіўся на стыку стагоддзяў і заспеў суцэльны заняпад беларускага хакея. Выглядае, што ў гэтай моладзі дастаткова моцы і таленту, каб адштурхнуцца ад таго дна, на якое абрынулі зборную інтэрнацыянальныя папярэднікі і іх абазнаныя стратэгі.

Калі і ў якой Беларусі гэта адбудзецца — пытанне пакуль адкрытае.

Фота hockey.by