885-ты дзень вайны. Расійцы захапілі яшчэ адну вёску, Крынкі амаль сцёртыя з твару зямлі

Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, развязанай Крамлём пры падтрымцы Лукашэнкі.

Фота УСУ

Фота УСУ

За суткі ва Украіне ліквідавана шэсць расійскіх назіральных пунктаў, дзевяць бліндажоў, адна агнявая пазіцыя, адзін палявы пункт захоўвання боепрыпасаў, два наземныя пункты кіравання дронамі і ўзводны апорны пункт. Такой інфармацыяй падзяліліся Сілы абароны Поўдня УСУ. У зоне іх адказнасці за суткі знішчана 116 расійскіх акупантаў, тры лодкі праціўніка, а таксама нямала тэхнікі і ўзбраення, у тым ліку пяць матацыклаў, 16 адзінак аўтатэхнікі, баявая браніраваная машына і сем гармат.

Акрамя таго, ліквідаваны адзін мінамёт, станцыя спадарожнікавай сувязі Starlink, станцыя радыёэлектроннай барацьбы і чатыры разведвальныя беспілотнікі.

Расійцы ў ноч на суботу, 27 ліпеня, таксама страціла больш за 10 беспілотнікаў розных тыпаў, якімі білі па Украіне, падзяліўся камандуючы Паветранымі сіламі УСУ генерал-лейтэнант Мікалай Аляшчук. Акрамя таго, Расія дарма запускала па Украіне авіяракеты.

«У ноч на 27 ліпеня 2024 года вораг атакаваў кіраванай авіяцыйнай ракетай Х-59/X-69 з паветранай прасторы Запарожскай вобласці і чатырма ўдарнымі БПЛА Shahed з Прыморска-Ахтарска РФ», — падзяліўся ён. Паводле даных Алешчука, расійскія цэлі ўкраінскія вайскоўцы ліквідавалі ў Кіеўскай, Харкаўскай, Днепрапятроўскай і Палтаўскай абласцях.

«Акрамя таго, за мінулыя і за бягучыя суткі супрацьпаветранай абаронай знішчана яшчэ восем паветраных цэляў на паўднёвым і паўночна-ўсходнім кірунках: чатыры выведвальныя БПЛА Supercam, адзін ударна-выведвальны БПЛА «Фарпост», адзін БПЛА (тып усталёўваецца), два баражуючыя боепрыпасы «Ланцэт», — падкрэсліў камандуючы паветранымі сіламі УСУ.


Глядзіце таксама

У ходзе поўнамаштабнай вайны супраць украінцаў афіцэрскія страты РФ на 27 ліпеня ўзраслі, у тым ліку стала вядома аб ліквідацыі палкоўніка Дзмітрыя Барашкіна і двух маёраў — Івана Косцерава і Яўгена Шыліміна.

Яшчэ «мінусаваныя» два капітана — Міхаіл Колбін і Вячаслаў Качубаеў, падзяліўся афіцэр Узброеных сіл Украіны Анатоль Штэфан (пазыўны «Шцірліц») у сваім акаўнце ў «Тэлеграме».

Паводле яго звестак, РФ таксама пазбавілася камандзіра роты шпіёнаў, старшага лейтэнанта Івана Архіпава, старлеяў Казіміра Кожыева, Яўгена Магідава і камандзіра ўзвода снайпераў Валянціна Карташова.


Глядзіце таксама

За мінулыя суткі на фронце ва Украіне зафіксавалі 122 баявыя сутыкненні, паведамляе Генеральны штаб УСУ.

Адзначаецца, што расійскія войскі нанеслі па пазіцыях украінскіх падраздзяленняў і населеных пунктах адзін ракетны ўдар, а таксама 80 авіяўдараў, у прыватнасці, скінулі 117 кіраваных авіяцыйных бомбаў (КАБ). Акрамя гэтага, здзейснілі 4636 абстрэлаў, з іх 71 — з рэактыўных сістэм залпавага агню (РСЗА).

У Генштабе дадалі, што авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя Сіл абароны Украіны ў сваю чаргу нанеслі тры ўдары па раёнах засяроджвання асабістага складу арміі РФ, а таксама ўразілі артылерыйскую сістэму, дзве радыёлакацыйныя станцыі і адзін ЗРК «Бук».

Паводле звестак Генштаба на самых гарачых кірунках фронту сітуацыя была наступная.

На Харкаўскім напрамку адбылося 10 баявых сутыкненняў у раёнах населеных пунктаў Глыбокае, Слабажанскае і Ваўчанск.

На Купянскім кірунку колькасць расійскіх нападаў за суткі склала сем. Сілы абароны адбівалі штурмавыя дзеянні праціўніка каля Сінькоўкі, Табаеўкі, Пясчанага і Стэльмахоўкі.

На Ліманскім кірунку РФ атакавала 12 разоў непадалёк Неўскага, Навасергіеўкі, Новаягораўкі, Макееўкі і ў Серабранскім лесе.

На Северскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбівалі тры штурмавыя дзеянні расійскіх захопнікаў паблізу Верхнекаменскага і Івана-Дар'еўкі.

На Краматорскім кірунку акупанты атакавалі пяць разоў у раёнах Грыгор’еўкі і Часавага Яра.

На Тарэцкім кірунку расійцы пры падтрымцы авіяцыі здзейснілі 19 нападаў непадалёк Севернага, Жалезнага, Нью-Ёрка і Тарэцка.

На Пакроўскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы спынілі 37 штурмавых дзеянняў у раёнах населеных пунктаў Ваздзвіжанка, Новааляксандраўка, Калінавае, Цімафееўка, Навасёлаўка Першая, Вясёлае, Воўчае і Яснабародаўка. Найбольшая канцэнтрацыя нападаў была паблізу Новааляксандроўкі.

На Курахоўскім кірунку сілы абароны адбілі 14 нападаў каля Краснагораўкі, Канстанцінаўкі, Нетайлава, Карлаўкі і Параскавіеўкі, дзе войска РФ спрабавала прарваць абарону УСУ.

На Урэмаўскім кірунку, паводле ўдакладненай інфармацыі, РФ здзейсніла шэсць штурмаў непадалёк Старамлынаўскі, Вадзянога і Канстанцінаўкі.

На Арэхаўскім напрамку акупанты надалей спрабуюць выбіць украінскія падраздзяленні з пазіцый у раёнах Малой Такмачкі, Рабоціна і Новаандрэеўкі — усяго правялі сем штурмаў.


Глядзіце таксама

Сяло Крынкі на левабярэжжы Дняпра ў Херсонскай вобласці практычна цалкам знішчанае. УСУ працягваюць баявыя задачы непадалёк ад Крынак і на астравах у гэтым раёне, распавёў прадстаўнік аператыўнай групоўкі войскаў «Таўрыя» Дзмітрый Ліхавій.

«Улічана і акалічнасць, што пазіцыі ўкраінскіх сіл у вёсцы Крынкі былі разбураныя дашчэнту, у выніку інтэнсіўных, працяглых варожых абстрэлаў і авіяўдараў. Само сяло практычна цалкам знішчанае», — сказаў ён.

Ліхавій удакладніў, што ў саміх Крынках няма магчымасці трымаць абарону, зачапіцца за нейкія фартыфікацыі, у сувязі з гэтым украінскія абаронцы знаходзяцца на іншых пазіцыях і плацдармах.

Гаворачы аб становішчы на іх кірунку ў цэлым, спікер распавёў аб штодзённых варожых штурмах: «Іх параўнальна больш з іншымі адрэзкамі нашай лініі баявога судакранання ў нашай аперацыйнай зоне, але гэтыя паказчыкі вымяраюцца лікамі дзесьці тры-чатыры ў суткі, часам два. Часам можа быць каля дзясятка».

Ліхавій дадаў, што цяпер гаворка ідзе пра меншую інтэнсіўнасць.


Глядзіце таксама

Расійскія захопнікі акупавалі сяло Воўчае (Данецкая вобласць) і змаглі прасунуцца наперад у Яснабродаўцы.

Яшчэ зафіксаванае прасоўванне акупантаў у раёнах населеных пунктаў Жаданае і Дзіброва, паведамілі аналітыкі DeepState. «Вораг захапіў Воўчае»,— адзначаецца ў тэлеграм-канале ініцыятывы.

Эксперты таксама паказалі свежую карту баявых дзеянняў, на якой відаць, што каля Воўчага расійцы спрабуюць рухацца наперад у пяці кірунках.


Глядзіце таксама

Маёр Нацыянальнай гвардыі Украіны Дзмітрый Кажубенка распавёў, што на ўсе напрамкі ўсходняга фронту расійцы падцягваюць рэзервы, а ў раёне Часавага Яра і ў раёне абароны Бахмута сітуацыя застаецца складанай.

«Праціўнік пастаянна падцягвае рэзервы на ўсіх напрамках. Зараз расійцы масава штурмуюць усе пазіцыі сіл абароны па ўсёй лініі баявога судакранання, уключаючы Часаў Яр. Вораг спрабуе зайсці ў сам горад. У мікрараёне Канал праціўнік меў поспех толькі таму, што ён сцёр яго з твару зямлі. Цяпер у расійцаў істотных прасоўванняў няма, але яны ўсё роўна працягваюць спробы», — сказаў вайсковец у эфіры тэлеканала «Эспрэса».

Паводле слоў афіцэра, акупанты маюць вялікую перавагу ў жывой сіле: «У расійцаў вялікая колькасць «штурмавога мяса» і падтрымка авіяцыі, і гэта ім дапамагае. Ужо больш за паўгода акупанты актыўна выкарыстоўваюць ФАБы і КАБы, якія сціраюць усё на сваім шляху, пасля чаго ідзе пяхота. Але на шчасце, іх намаганні не прыносяць вынікаў. Таму што для паспяховай вайны трэба ведаць, за што ваюеш. А расійцы ваююць толькі за грошы і амбіцыі свайго цара», — дадаў Кажубенка.