Альтэрнатыўныя рухавікі ў ЕС: бум на нізкім узроўні

Продажы аўтамабіляў з гібрыдымі, электрычнымі і газавымі маторамі выраслі ў Еўрасаюзе на 38%. Самы бурны рост — у краінах Усходняй Еўропы.

19449535_303.jpg

Попыт на легкавыя аўтамабілі з альтэрнатыўнымі рухавікамі пакуль застаецца ў краінах Еўрасаюза на нізкім узроўні, але ён імкліва расце. Пры гэтым самыя высокія тэмпы дэманструюць рынкі Усходняй Еўропы. Пра гэта сведчаць дадзеныя за 2-й квартал і першае паўгоддзе 2017 года, апублікаваныя 7 верасня Асацыяцыяй еўрапейскіх вытворцаў аўтамабіляў (ACEA).

Двухзначны рост у пяці найважнейшых краінах

Усяго са студзеня па чэрвень у Еўрасаюзе было прададзена амаль 418 тысяч аўтамабіляў з гібрыднымі, электрычнымі, газавымі і іншымі нетрадыцыйнымі маторамі, што на 38% больш, чым за першае паўгоддзе мінулага года. У выпадку захавання падобнай дынамікі аб'ёмы продажаў легкавікоў з альтэрнатыўнымі рухавікамі па выніках усяго 2017 года могуць перавысіць у ЕС 1 мільён адзінак.
Пакуль доля такіх аўтамабіляў у агульным аб'ёме продажаў легкавых машын невялікая: у 2-м квартале яна склала 5,1%. Аднак паступальны трэнд відавочны. Як паказвае ACEA, на пяці найбуйнейшых аўтамабільных рынках ЕС павелічэнне попыту вымяраецца двухзначнымі лічбамі.
Так, у Нямеччыне ў 2-м квартале продажы выраслі амаль у два разы (92%) у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і дасягнулі 27 тысяч аўтамабіляў. Ужо ясна, што па выніках 2017 года на нямецкім рынку будзе пераадоленая мяжа ў 100 тысяч адзінак. У Іспаніі збыт павялічыўся на 81%, у Францыі амаль на 29%, у Вялікабрытаніі больш чым на 24% і ў Італіі на 18%.

Рынкі Усходняй Еўропы канчаткова «прачнуліся»

Аднак самы бурны рост, вымяраны трохзнакавымі лічбамі, дэманструюць краіны Усходняй Еўропы. У Румыніі, да прыкладу, продажы павялічыліся ў 2-м квартале на 289%, у Славакіі на 231%, у Балгарыі на 213%, у Венгрыі на 153%. Праўда, аб'ёмы збыту ў абсалютных лічбах застаюцца пакуль вельмі нізкімі.
Так, у Венгрыі ў мінулым квартале было прададзена ў агулам 1286 аўтамабіляў з альтэрнатыўнымі рухавікамі, у Славакіі 802, у Румыніі 790. Аднак скачкападобны рост попыту і аб'ёмы продажаў, якія вылічваюцца ў гэтых невялікіх краінах ўжо не дзесяткамі, а сотнямі адзінак, кажуць пра тое, што ў 2017 годзе рынкі Усходняй Еўропы канчаткова «прачнуліся».
Сярод аўтамабіляў з альтэрнатыўнымі рухавікамі найбольшым попытам у 2-м квартале ва ўсім ЕС працягвалі карыстацца легкавыя машыны з рознымі варыянтамі гібрыдных матораў. Чыстыя электрамабілі былі запатрабаваныя істотна менш. Па-ранейшаму вельмі нізкім застаецца попыт на аўтамабілі з газавымі рухавікамі.

Газавыя аўтамабілі цікавяць у асноўным італьянцаў

У Польшчы іх было прададзена ў 2-м квартале каля 2,5 тысяч, у Германіі крыху больш за 1,5 тысяч, у Чэхіі каля 1 тысячы. У астатніх краінах, у тым ліку на такіх вялікіх рынках, як французскі і іспанскі, гаворка ідзе толькі пра сотні адзінак. А ў Вялікабрытаніі наогул нуль.
Выключэнне складае Італія, дзе за тры месяцы было прададзена 42,5 тысячы машын з газавым рухавіком. У выніку на адну гэтую краіну прыпадае звыш 80 адсоткаў усіх еўрапейскіх продажаў легкавых газавых аўтамабіляў.
Аднак у Італіі традыцыйна запатрабаваныя аўтамабілі, якія працуюць на звадкаваным нафтавым газе (прапан-бутан, LPG). У той жа час у іншых краінах ЕС аддаюць перавагу легкавым машынам, якія выкарыстоўваюць у якасці паліва сціснуты прыродны газ (метан, CNG).
Наяўнасць двух прынцыпова розных тэхналогій істотна ўскладняе стварэнне ў Еўропе дастаткова разгалінаванай сеткі заправачных станцый для газавых аўтамабіляў. На гэтым фоне з'яўленне ў агляднай будучыні такой сеткі для аўтамабіляў з электрычнымі маторамі выглядае значна больш рэалістычным.
Паводле dw.com