Амерыканскія паліцэйскія стрэлілі ў бяззбройнага цемнаскурага мужчыну 46 разоў

Трагедыя здарылася ў штаце Агаё ў канцы чэрвеня. Учора, 15 ліпеня, сталі вядомыя вынікі экспертызы, піша агенцтва «Reuters»: 25-гадовы Джэйланд Уокер атрымаў 46 раненняў. Слядоў алкаголю і наркотыкаў у крыві мужчыны не выявілі.

Фота: «Reuters»

Фота: «Reuters»


Ускрыццё паказала, што восем паліцэйскіх з Акрона, штат Агаё, стрэлілі ў Джэйланда Уокера 46 разоў, у тым ліку пяць разоў у спіну, паведаміла ў пятніцу амерыканская судмедэкспертка Ліза Колер. Яна заявіла таксама, што эспертыза паказала: у крыві 25-гадовага Уокера не было наркотыкаў або алкаголю.
Пасля інцыдэнту ў Акроне пратэстоўцы правялі ў горадзе дэманстрацыі з удзелам каля 200 000 чалавек, заклікаючы прыцягнуць паліцыю да адказнасці за стральбу і дамагчыся справядлівасці для Уокера, які быў пахаваны ў чацвер.
Паводле інфармацыі агенцтва «Reuters», паліцэйскія спрабавалі спыніць цемнаскурага мужчыну за «нязначнае парушэнне правілаў дарожнага руху». Пасля некалькіх хвілін пагоні Уокер выскачыў з машыны і ўцёк ад паліцэйскіх, як паказала відэа, апублікаванае паліцыяй. Судмедэкспертка Ліза Колер адзначыла, што мужчына атрымаў агнястрэльныя раненні ў тулава, таз, ногі і твар.
Паліцыя заявіла, што яны палічылі мужчыну ўзброеным і таму пачалі страляць. Пазней з машыны Уокера быў выняты пісталет.
Раней паведамлялася, што ў мужчыны было больш за 60 раненняў на целе, але падчас экспертызы выявілася, што некаторыя з гэтых раненняў былі атрыманыя не ад агнястрэльнай зброі.
Восем афіцэраў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў стральбе, былі адпраўленыя ў аплачаны адміністрацыйны адпачынак, паведаміў начальнік паліцыі Акрона Стыў Майлет.
Гэта не першы выпадак нападу паліцэйскіх на цемнаскурых мужчын у ЗША. Самы вядомы выпадак — забойства 46-гадовага Джорджа Флойда 25 траўня 2020 года, якое дало пачатак руху «Black Lives Matter». Паліцэйскі Дэрэк Шовін прыціснуў каленам шыю Флойда да асфальту і трымаў каля 8 хвілін, у выніку чаго мужчына задыхнуўся. Яго пераследавалі па падазрэнні ў вырабе фальшывых банкнот: паводле паліцыі, Флойд расплаціўся ў краме фальшывай 20-доларавай банкнотай. Пасля таго, як кадры апошніх хвілін жыцця Джорджа Флойда трапілі ў СМІ, па ўсім свеце прайшлі пратэсты у абарону жыццяў цемнаскурых людзей і супраць свавольства паліцыі.