Армянская царква кананізуе ахвяр генацыду 1915 года
Гэта будзе першая кананізацыя ў армянскай царкве за больш як 500 гадоў.
Помнік генацыду армянаў у духоўнай сталіцы Армэніі — манастыры ў Эчміядзіне.
Армяне, якія сталі ахвярамі зьдзейсьненага Асманскай Імпэрыяй генацыду, будуць залічаныя да ліку сьвятых. Кананізацыя пройдзе ў сотую гадавіну трагедыі й стане эпахальнай падзеяй у гісторыі
армянскай царквы. Апошні раз кананізацыя ў ёй праводзілася больш за 500 гадоў таму.
Армяне, якіх забілі турэцкія ўлады, былі мучанікамі за веру, бо ім прапанавалі перайсьці на іслам, каб захаваць сваё жыцьцё – тлумачыць біскуп Армянскай апостальскай царквы Баграт Галстанян. Аднак гэта не азначае, што ў армянскай царквы пасьля 500-гадовага перапынку зьявіцца больш за мільён сьвятых.
Б. Галстанян: Пакуль што пройдзе кананізацыя мучанікаў як адной групы, без называньня імёнаў. Пазьней пройдуць кананізацыі асобных людзей, якія ў тыя гады праявілі моц сваёй веры, і пра якіх мы маем дакладныя зьвесткі, што яны загінулі мучаніцкай сьмерцю ў імя хрысьціянства.
Кананізуючы ахвяраў генацыду, армянская царква спадзяецца прыцягнуць увагу сьвету да трагедыі часоў Першай сусьветнай вайны. Паводле ацэнак армянаў, у 1915-1918 гадах туркі забілі каля 1,5 мільёны армянаў, абвінаваціўшы ўвесь народ у дзяржаўнай здрадзе. Турцыя сьцьвярджае, што толькі 300 тысячаў армянаў сталі ахвярамі эпідэміяў падчас “эвакуацыі з прыфрантавой зоны”. З-за непрызнаньня Турцыяй генацыду армянаў і карабаскага канфлікту стасункі паміж Ерэванам і Анкарой да сёньняшняга дня застаюцца напружанымі.
Літургія ў Катэдральным саборы Эчміядзіна
Аляксандар Папко, Ерэван