Барак Абама — сябра індзейцаў

Чаму рашэнне Белага дома пра падтрымку пратэстаў індзейцаў супраць будаўніцтва трубаправода выходзіць за межы лакальнага экалагічнага канфлікту?

Фота www.ecowatch.com

Фота www.ecowatch.com


Чаму рашэнне Белага дома пра падтрымку пратэстаў індзейцаў супраць будаўніцтва трубаправода выходзіць за межы лакальнага экалагічнага канфлікту?

Напэўна, такой навіны індзейцы чакалі з чэрвеня 1876 года. Тады ля ракі Літл-Бігхорн, што ў штаце Мантана, індзейцы святкавалі апошнюю гучную перамогу над янкі: кааліцыя індзейскіх плямёнаў пад кіраўніцтвам правадыра “Сядзячы Бык” знішчыла пяць рот амерыканскіх жаўнераў, што для амерыканцаў было сапраўднай ганьбай. Праўда, нягледзячы на поспех каля Літл-Бігхорн і больш познія, ужо не такія паспяховыя выступы індзейцаў, працэс асіміляцыі карэнных амерыканцаў зацягнуўся і працягваецца да нашых дзён. Магчыма, тое, што адбылося на мінулым тыдні, унясе карэктывы ў тэндэнцыю.

Індзейцам племені Стаячы Камень і актывістам-прыродаахоўнікам 4 снежня ўдалося дамагчыся нечаканай перамогі, на якую звярнулі ўвагу ўсе вядучыя сусветныя медыя. Праўда, гэтым разам іх супернікам была не амерыканская кавалерыя, а карпарацыя “Energy Transfer Partners”, што пракладала трубаправод “Dakota Access Pipeline”. Ён павінен быў працягнуцца на 1886 кіламетраў з Паўночнай Дакоты, дзе здабываюць нафту, на НПЗ у Ілінойс.


1_kqdnx7vibns3eisr3xe40g.png



У праекта адразу знайшлося шмат крытыкаў не толькі ў лагеры эколагаў, якія зрабілі выснову, што трубаправод, які павінен быў прайсці пад ракой Місуры, у выпадку аварыі можа паставіць пад пагрозу доступ да чыстай вады ўсіх, хто знаходзіцца ніжэй па плыні. А гэта мільёны чалавек.

“Dakota Access Pipeline” не спадабаўся ў тым ліку мясцоваму племені Стаячы Камень, што ўваходзіць у клан Сіу. Старшыня племені Дэвід Арчамбаўлт, які мае дыплом юрыста, увесну пачаў прававым сродкамі дамагацца кансервацыі будаўніцтва — са спасылкай на тое, што трубу збіраюцца цягнуць па сакральных землях, дзе жывуць душы прашчураў цяперашніх Сіу.


Фота www.mintpressnews.com

Фота www.mintpressnews.com


Адначасова пачаліся непасрэдныя пратэсты супраць будаўнікоў. У адрозненне ад часоў бітвы на Літл-Бігхорн, ніякіх стрэлаў і тамагаўкаў зараз не было. Індзейцы намагаліся прыпыніць будаўніцтва праз мірныя пікеты, петыцыі, мітынгі салідарнасці ва ўсіх кутках краіны. Спачатку акцыі падаваліся проста перформансам аматараў індзейскага фальклору.

“Energy Transfer Partners” лічыцца адной з самых уплывовых карпарацый у краіне, мае моцнае лобі ў структурах улады. Гэта тлумачыць і аператыўнае з’яўленне на аб’екце паліцэйскіх, якія паспрабавалі рассеяць пікеты. Пры гэтым у ход ішлі бульдозеры, брудныя правакацыі, арышты лідараў. У кастрычніку быў арыштаваны сам Арчамбаўлт.

Аднак па стане на кастрычнік інфармацыя пра пратэсты ўжо пашырылася за межы не толькі Паўночнай Дакоты — нават Злучаных Штатаў. Той жа Арчамбаўлт здолеў нават выступіць на сесіі Аб’яднаных нацый, прысвечанай правам чалавека. Дапамагла індзейцам і прэзідэнцкая кампанія. Удзельнікі пратэстаў актыўна апелявалі да лагеру дэмакратаў, якія звычайна больш сімпатызуюць этнічным меншасцям. Праўда, рашэнне прыпыніць будаўніцтва “Dakota Access Pipeline” з’явілася ўжо пасля выбараў. Паводле дакументу, федэральныя ўлады ЗША пагаджаюцца, што праект уяўляе экалагічную пагрозу і выказваюць гатоўнасць разгледзець альтэрнатыўныя маршруты.

Рашэнне Вашынгтона чымсьці нагадвае хэпі-энд у галівудскіх фільмах, паколькі на момант яго прыняцця заставалася рэалізаваць апошні, хаця і буйны, этап будаўніцтва — пракласці трубаправод пад ракой Місуры. Акрамя таго, на гэты момант у юрыстаў кампаніі на руках быў супераргумент — рашэнне Федэральнага суду, які ў верасні даў санкцыю на рэалізацыю праекта. Тым не менш, са спасылкай на рашэнне судоў больш нізкай інстанцыі Абама “замарозіў” працы.

Нечаканыя навіны з Белага дому дазваляюць паглядзець на сітуацыю ў іншым ракурсе. Трэба ўзгадаць, што супрацьстаянне ў Паўночнай Дакоце набыло ў вачах амерыканцаў большае значэнне, чым канфлікт вакол нейкай трубы. Шмат хто бачыў тут рэнесанс негвалтоўных формаў супраціву, які быў папулярны ў Злучаных Штатах у 1950–1960-я гады. Бульдозеры, якімі спрабавалі прарваць пікеты індзейцаў, параўноўвалі з паліцэйскімі сабакамі, якіх у сярэдзіне мінулага стагоддзя нацкоўвалі на ўдзельнікаў маршаў у абарону роўных грамадзянскіх правоў.

Існуе меркаванне, што Абама праз падтрымку індзейцаў даслаў сігнал усёй грамадзянскай супольнасці, якая сёння мабілізуецца супраць будучай адміністрацыі Дональда Трампа. Лічыцца, што грамадзянскі актывізм пры Трампе, які рэкрутуе ў сваю каманду вядомых ксенафобаў і кансерватараў, чакаюць цяжкія часы. У гэтым плане рашэнне Абамы наконт трубаправода можна прачытаць як зашыфраваны заклік да супраціву. Маўляў, трэба браць прыклад з індзейцаў, якія, не маючы рэсурсаў, насуперак усім прагнозам, змагаліся — і ў выніку перамаглі.

Ці сапраўды гэта так, пакажа час. А вось індзейцы сапраўды ўспрынялі гэта як гістарычны шанец кансалідаваць свой рух. Яшчэ падчас пратэстаў лакальныя індзейскія цэнтры пачалі збор грошай на дапамогу пікетчыкам і адпраўку валанцёраў. У выніку на канец лістапада над лагерам праціўнікаў будаўніцтва луналі сцягі 200 індзейскіх плямёнаў ЗША. Акцыю падтрымалі і ў блізкім замежжы: ужо вядома пра намер індзейцаў Канады блакаваць два мясцовыя газатранспартныя праекты, што праходзяць праз іх гістарычныя тэрыторыі.


Фота www.dogonews.comPhoto Credit: Joe Brusky (cc 2.0 via Flickr)


Фота www.dogonews.com
Photo Credit: Joe Brusky (cc 2.0 via Flickr)


Наступным тэстам для індзейскага руху ЗША, які адчуў імпэт, можа быць справа Леанарда Пелціера. Гэты актывіст руху амерыканскіх індзейцаў быў асуджаны да двух пажыццёвых тэрмінаў за забойства ў 1975 годзе двух агентаў ФБР. Справа Пелціера, насамрэч, вельмі супярэчлівая. Напрыклад, арганізацыя “Міжнародная амністыя” лічыць, што падчас працэсу мела месца фабрыкацыя ўлікаў, ФБР запалохвала сведкаў і схавала вынікі балістычнай экспертызы, якія даказвалі невінаватасць Пелціера.

Аднак вызваляць індзейца ўлады не спяшаюцца. Праз гэта надзеі на вызваленне Пелціера ўсе звязваюць з амністыяй, якую па законе можа даць выключна прэзідэнт ЗША. Звычайна кіраўнік Белага дому падпісвае акт пра памілаванне аднаго з вядомых вязняў напярэдадні Калядаў. Зараз індзейцы ЗША актыўна заклікаюць Абаму вызваліць Пелціера.