Цімашэнка выйграла, калі прайграла, а Януковіч прайграў, калі выйграў

Украіна вызначылася: Януковіч уступіў на пасаду прэзідэнта. Ён перамог з вынікам на мяжы «статыстычнай памылкі», вырваўшы ў Юліі Цімашэнка тры з паловай працэнта. Але перамога яшчэ не азначае выйгрыш. Пра гэта журналіст «НЧ» Сяргей Салаўёў размаўляе з кіеўскім палітычным аглядальнікам Паўлам Саладзьком.

— Я нядаўна чуў афарызм, які дастаткова трапна адлюстроўвае рэаліі прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне: «Цімашэнка выйграла, калі прайграла, а Януковіч прайграў, калі выйграў».



9185f3ec501c674c7c788464a36e7fb3.jpg

Украіна вызначылася: Януковіч уступіў на пасаду прэзідэнта. Ён перамог з вынікам на мяжы «статыстычнай памылкі», вырваўшы ў Юліі Цімашэнка тры з паловай працэнта. Але перамога яшчэ не азначае выйгрыш. Пра гэта журналіст «НЧ» Сяргей Салаўёў размаўляе з кіеўскім палітычным аглядальнікам Паўлам Саладзьком.
— Я нядаўна чуў афарызм, які дастаткова трапна адлюстроўвае рэаліі прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне: «Цімашэнка выйграла, калі прайграла, а Януковіч прайграў, калі выйграў».
Безумоўна, Януковіч сваёй перамозе рады. Знаёмыя, якія мелі доступ да лідэра Партыі рэгіёнаў, казалі, што ў выбарчым штабе Януковіча ў першыя дні пасля асэнсавання канчатковых вынікаў выбараў быў эйфарычны настрой. Але баюся, што «пахмелле» ад гэтай эйфарыі будзе вельмі цяжкім. Справа ў тым, што бачанне тэрміновых рэформаў, якія зараз крытычна неабходныя, у каманды Януковіча адсутнічае абсалютна. Далей «перадзелу ўласнасці» дзяржаўных і канкурэнтных прадпрыемстваў думка не сягае.
Чакаецца, што Януковіч як мінімум здолее наладзіць нейкае чыноўніцкае кіраванне, якое пераўтварылася ў суцэльны хаос пры знаходжанні Цімашэнка на пасадзе прэм’ера. Але гэта зрабіць яму будзе таксама складана.
Януковіч пойдзе тым жа шляхам па граблях, па якім ішоў Юшчанка. Значная частка ягоных выбаршчыкаў непазбежна расчаруецца. Хаця, магчыма, гэта і ёсць «вялікая місія Януковіча» — ён пакажа Паўднёва-ўсходняй Украіне, што ягоны кандыдат нічым не лепшы за Юшчанку і Цімашэнка. Януковіч–2010 — гэта і наша непазбежнае пахмелле пасля эйфарыі–2004.
Варта зазначыць, што пакуль у Януковіча няма, па-першае, падтрымкі парламента. А парламент шмат што вырашае. Прынамсі, зацвярджае прэм’ер-міністра. Па-другое, няма адназначнай падтрымкі грамадства. Па-трэцяе, няма ўцямнага сцэнару выхаду з эканамічнага крызісу. Не наламаць дроваў пры такім раскладзе практычна немагчыма.
— Што будзе зараз рабіць Юлія Цімашэнка?
— У тэлезвароце да народа Юлія Цімашэнка агучыла свой варыянт: альбо ў парламенце захоўваецца кааліцыя «Наша Украіна — Народная Самаабарона — блок спікера Літвіна — блок Юлі Цімашэнка» (менавіта гэта кааліцыя два з нечым гады таму ў 226 галасоў — з мінімальнай большасцю — зрабіла Цімашэнка прэм’ерам і зараз лічыцца кіруючай), альбо яна сыходзіць у радыкальную апазіцыю.
Саюз з Партыяй рэгіёнаў Януковіча яна катэгарычна адмаўляе, і больш за тое, працягвае сцвярджаць пра беспрэцэдэнтныя фальсіфікацыі. Праўда, яшчэ паўгады таму яна гэтак жа ўпэўнена і радыкальна сцвярджала пра стварэнне «шырокай кааліцыі» з Партыяй рэгіёнаў.
Што тычыцца фальсіфікацый, то гэта яна дарэмна. Розніца ў выніках складае 800 тысяч галасоў. Калі сфальсіфікаваць столькі галасоў, абавязкова і непазбежна засталіся б дакладна акрэсленыя сляды, якія зафіксавалі б калі не назіральнікі ад Цімашэнка, то міжнародныя — дакладна.
Мой калега Андрэй Бандарэнка зрабіў матэматычны аналіз яўкі выбарцаў, згодна з якім можна з вялікай доляй верагоднасці вызначыць колькасць «падазроных» галасоў. Па ягоным разліку, колькасць «падазроных» галасоў — не больш за 280 тысяч, што складае менш за 2 працэнты ад яўкі выбаршчыкаў. І пры гэтым неабавязкова, што ўсе «падазроныя» галасы сфальсіфікаваныя.
Так што факт застаецца фактам, які б крыўдны для кагосьці ён ні быў: Януковіч — наш новы дэмакратычна абраны прэзідэнт.
Але вернемся да Цімашэнка. У апазіцыі Юлія Уладзіміраўна адчувае сябе камфортна і зручна. Калі кааліцыя «НУНС — блок Літвіна — БЮТ» разваліцца, а парламент зацвердзіць новага, прыхільнага Януковічу прэм’ера, то Юля сыдзе. І з новай энергіяй, якой ёй не займаць, будзе змагацца з «прамаскоўскімі алігархамі і данецкім крыміналам».
Развал жа кааліцыі «НУНС — блок Літвіна — БЮТ» зараз верагодны, як ніколі. Бо калісьці падкантрольная Юшчанку фракцыя НУНС страціла свайго лідэра і ўжо даўно разбітая на некалькі груповак. Літвін, які ў абмен на прэм’ерства Цімашэнка атрымаў пасаду спікера Вярхоўнай рады Украіны, ужо шчыра намякае Януковічу наконт сваёй гатоўнасці супрацоўнічаць, і нават бізнесоўцы з самога БЮТ не супраць перакінуцца да новай улады.
Такім чынам, хутчэй за ўсё, Украіну чакае двухпартыйная сістэма. Асабліва тады, калі ніхто з прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду не набраў больш за палову галасоў. У гэтым вялікая заслуга тых 5%, хто ў другім туры выбараў не паленаваўся схадзіць на выбарчыя ўчасткі, але прагаласаваў «супраць усіх».
— Такім чынам, перамога Януковіча больш-менш выгадная Юлі Цімашэнка? Зараз Януковіч зломіць ногі, выводзячы краіну з крызісу, а апазіцыянерка Цімашэнка набярэ балы на ягонай крытыцы і стане наступным прэзідэнтам Украіны?
— Ну, наўрад ці перамога Януковіча выгадная Юлі Цімашэнка. Папросту таму, што Юлія Уладзіміраўна — ці амаль не адзіны ўкраінскі палітык, які цэніць уладу ў чыстым выглядзе, а не той прыбытак, які гэтая ўлада дае.
Але, калі спатрэбіцца, Цімашэнка можа і сысці ў жорсткую апазіцыю, хай ад гэтага і адгаворваюць яе нястойкія байцы. Зараз менавіта Цімашэнка — надзея для тых, хто асцерагаецца, не любіць альбо проста баіцца Януковіча. Яна іх сцяг. А на наступных выбарах — ці то парламенцкіх, ці то прэзідэнцкіх, яна ж пакуль самы пераканаўчы пераможца.
Галоўнае, каб і наступныя выбары адбыліся празрыста і дэмакратычна.
— Крыху нечаканым у першым туры выбараў быў вынік лідэра партыі «Моцная Украіна» Сяргея Цігіпкі — 13,05% галасоў. Чацвёртае месца заняў Арсеній Яцэнюк з 6,96% галасоў. Каму яны могуць дапамагчы — Януковічу ці Цімашэнка?
— І Яцэнюк, і Цігіпка зараз з’яўляюцца патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэм’ер-міністры. Аднак найбольш верагодным кандыдатам лічыцца сябра каманды Януковіча Мікалай Азараў. Усё залежыць ад парламента, сітуацыя ў якім няпэўная.
Януковіч кліча Цігіпку ў прэм’еры, але наколькі шчырая гэта пазіцыя — пытанне.
Відавочна адно: Цігіпку зараз самы час нарошчваць палітычныя мускулы ў выглядзе ўласнай сілы з шырокай сеткаю прыхільнікаў. Для таго, каб правесці добрую кампанію ці то на датэрміновых выбарах у Вярхоўную раду, ці то на выбарах у мясцовыя саветы. Мяркуецца, што апошнія будуць прызначаны на восень гэтага года. Так што Цігіпка і Яцэнюк не зробяць надвор’я ані Цімашэнка, ані Януковічу.