Ці падыходзіць моўная мадэль Швейцарыі для Беларусі?

Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.org пра становішча беларускай мовы і параўноўвае моўную сітуацыю ў Беларусі і ў Швейцарыі, дзе, па некаторых меркаваннях, пануе ідылія суіснавання чатырох моваў.

040e_500x500_logo_1.png


За мінулыя 27 год рэальны статус беларускай мовы ў Беларусі зведаў вельмі істотныя страты. Фактычна, мова ў грамадстве дэградавала да рытуальнага элемента. Стала змяншаецца колькасць навучэнцаў на беларускай мове, кантэнту ў СМІ, адсотак друкаваных выданняў.
Тое, што, па дадзеных перапісу, большасць насельніцтва Беларусі пазначыла беларускую як родную, і лічбы гэтыя выраслі, на жаль, зусім не значыць, што колькасць беларускамоўных не перастае знаходзіцца на ўзроўні статыстычнай хібы.
Нягледзячы на гэтыя факты, у краіне ўсе гэтыя гады не існуе дзейснай праграмы па пашырэнні ўжывання беларускай мовы, установаў вышэйшай адукацыі. Нават няма грамадскіх арганізацый для абароны правоў беларускамоўных. У адрозненне ад іншых меншасцяў у Беларусі.
Таму вельмі здзіўляе, што дасюль існуюць развагі аб неабходнасці захавання сённяшняга моўнага статус-кво ў Беларусі і «гарманічным развіцці» ў дзвюхмоўі. Якое, як паказвае досвед апошніх год, для беларускай мовы значыць толькі паступовую смерць. Таксама сустракаюцца апеляцыі да еўрапейскіх прыкладаў краінаў, дзе суіснуюць некалькі моваў, і эканоміка, грамадства развіваюцца.
Найбольш часты — гэта Ірландыя. Краіна, дзе моўныя актывісты канстатуюць катастрафічны стан ірландскай мовы. А дзяржава дасюль не мае суверэнітэту над паўночнай сваёй часткай і дэ-факта з’яўляецца аб’ектам сталых ідэалагічна-інфармацыйных уплываў з боку Брытаніі.
Другі часты прыклад — Швейцарыя. Па некаторых меркаваннях, там пануе ідылія суіснавання чатырох моваў і «гарманічнага» іх развіцця. Таму варта разабрацца, ці сапраўды ўсё так адназначна ў гэтай альпійскай краіне з моўным пытаннем.

Крывавы шлях да канфедырацыі

На сённяшні момант Швейцарыя з’яўляецца канфедэрацыяй, то бок саюзам 26-ці фактычна незалежных дзяржаваў. Агульныя ў іх толькі валюта, войска, агульныя прадстаўнічыя і выканаўчыя структуры з прапарцыйнай сістэмай фарміравання. Існуючай сістэме суіснавання кантонаў каля 200 год. Менавіта на мяжы 18 і 19-га стагоддзяў «старая канфедэрацыя» са складанымі васальнымі залежнасцямі і падпарадкаваннямі гарадоў-дзяржаваў не перажыла трансфармацыяў той эпохі. Крывавыя падзеі ў Альпах былі, у тым ліку, рэхам французскай рэвалюцыі. А спыніў грамадзянскую вайну Напалеон Банапарт. Менавіта ягоная палітыка і сканструявала дзеючую сістэму. Хаця і заклала некалькі мінаў павольнага дзеяння ў падмурку канфедэрацыі.
Першая выбухнула ўжо праз 30 год. У 1847 годзе некаторыя каталіцкія кантоны ў змаганні за свае правы з цэнтральнымі ўладамі стварылі вайсковы саюз і распачалі ўзброенае супрацьстаянне за сваю незалежнасць.
Каталіцкія Аўстрыя і Францыя падтрымалі паўстаўшыя кантоны, але гэтым разам да інтэрвенцыі з боку гэтых краінаў не дайшло. У выніку каталікі прайгралі і былі вымушаныя пагадзіцца на ўмовы «канфедэратаў». З таго часу адкрытых канфліктаў паміж кантонамі не было, але супрацьстаянне працягваецца і сёння. Трэба адзначыць, што па розныя бакі вайны 1847 г. былі як франкамоўныя, так і нямецкамоўныя швейцарцы.

Паступовая дэградацыя моваў

Гістарычна склалася, што землі канфедэрацыі знаходзяцца ў пункце сутыкнення адразу некалькіх культур. Таму і такая стракатая моўная палітра ў гэтага саюзу абсалютна розных дзяржаваў. Не абыходзілася ў розныя эпохі без уплываў і наўпроставага дыктату з боку суседніх краінаў. У выніку сфарміраваліся чатыры буйнешыя моўных групы швейцарцаў. Найбольш культурна самабытныя — рэтараманская і нямецкамоўная. Італьянская і французская супольнасці адчулі моцны ўплыў з боку суседзяў. Таму мясцовыя дыялекты ў італамоўных (каля 7%) насельніцтва і франкамоўных (21%) амаль не захаваліся. У адрозненне ад невялікай групы рэтараманцаў (1%) і нямецкамоўных (64%).

Фота: swissinfo.ch

Фота: swissinfo.ch

Франкамоўныя кантоны, напрыклад, пад культурным уздзеяннем Францыі прынялі канцэлярскую мову двара ў Парыжы. І пасля дзесяцігоддзяў прымусу з боку мясцовых ўладаў, як і большая частка французаў, пазбавіліся ўласных унікальных дыялектаў ці агульных рэгіянальных гаворак Праванса. Хаця і прынята казаць пра французскую швейцарскую, усё ж адрозненні захаваліся не вельмі істотныя.
Іншая справа з нямецкамоўнымі, якія размаўляюць на дзясятках рэгіянальных дыялектаў. У школах вывучаюць нямецкую швейцарскую, а таксама літаратурную нямецкую мову, якую большасць нямецкамоўных швейцарцаў лічаць замежнай.
Насуперак распаўсюджанаму меркаванню рэальнага чатырохмоўя ў Швейцарыі не існуе. Кантоны — гэта амаль асобныя дзяржавы з уласнымі сістэмамі ўлады, адукацыі, падаткаабкладаннем. Большасць з іх нямецкамоўныя. Таксама ёсць франкамоўныя, франка-нямецкамоўныя, італамоўны, і трохмоўны. Шматмоўе дзейнічае выключна на федэральным узроўні — дакументаабарот, грамадскія СМІ, але не на мясцовым. Для рэтараманцаў і італамоўных і на федэральным узроўні магчымасці вельмі абмежаваныя. Дастаткова сказаць, што дзейнічае толькі адзін дзвюхмоўны ўніверсітэт — у нямецка-французскім кантоне Фрыбург.
У артыкуле аб неабходнасці перагляду стаўлення да французскай мовы ў адным з буйнешых дзвюхмоўных кантонаў — Берне аўтар падкрэслівае: «У дзвюхмоўных кантонах чыноўнікі прызнаюць абмежаваныя магчымасці па выданні дакументаў на другой мове, недастатковую колькасць спецыялістаў у апараце з неабходнымі моўнымі ведамі.»
У нямецкамоўных кантонах грамадзяне не адзін год патрабуюць рэформаў моўнай адукацыі. У выніку ў школах некаторых кантонаў з сямі год пачынаецца вывучэнне англійскай мовы, і толькі з 11 год — французскай.

Фота: swissinfo.ch

Фота: swissinfo.ch


У назве артыкула па гэтай тэме на сайце lenews.ch выкарыстаны неафіцыйных лозунг аднаго з такіх «моўных рэферэндумаў»: «No French please. We`re Swiss».
А на нядаўнім рэферэндуме жыхары горада Муцье прагаласавалі за аддзяленне ад дзвюхмоўнага кантона Берн і далучэнне да франкамоўнага Юра. Гэта супрацьстаянне цягнулася больш за 150 год.
На практыцы атрымліваецца, што другой мовай канфедэрацыі валодаюць у дастатковай ступені у большасці рэтараманцы і італамоўныя — самыя меншыя супольнасці ў Швейцарыі. Франкафонам і нямецкамоўным другая мова менш патрэбная ў звычайным жыцці. Толькі ў выпадку працы ў турыстычнай сферы ці ў федэральных струткурах.
Па статыстыцы большасць нямецкамоўных і франкамоўных грамадзянаў Швейцарыі выкарыстоўваюць часцей і ведаюць лепш англійскую, чым другую мову канфедэрацыі.

Швейцарыя без манапольнага моўнага ўплыву з боку аднаго з суседзяў

Хіба што толькі валоданнем адной дзяржаўнай мовай грамадзянамі Швейцарыя нагадвае нашу краіну. А яшчэ паступовым зніжэннем колькасці самых уразлівых — моўных меншасцяў. За пяць дзясяткаў год колькасць рэтараманцаў і італамоўных скарацілася амаль у два разы. Напэўна, па беларускамоўных у Беларусі больш адмоўная дынаміка, але таксама трохзначная, калі лічыць у адсотках.
Хаця ў астатнім у Швейцарыі зусім адрознае ад беларускага становішча, бо існуюць устойлівыя месцы асобнага пражывання розных моўных груп. Прыклад гэтай краіны даводзіць, што прасторы сутыкнення моваў заўжды канфліктныя. А ў выпадку панавання адной, уплываў з боку суседзяў без спецыяльных захадаў па абароне і падтрымцы другія мовы пачынаюць дэградаваць.
Напэўна, карыстацца швейцарскім прыкладам у якасці доказа магчымасці «гарманічнага развіцця» адначасова некалькіх моваў у Беларусі — відавочная маніпуляцыя. Так, верагодна, дзякуючы супярэчнасцям і няспыннаму супрацьстаянню багатай колькасці супольнасцяў было больш магчымасцяў, чым у Беларусі, збольшага захаваць моўныя асаблівасці ў Швейцарыі. Але і культурніцка-моўны баланс падтрымліваць у альпійскай краіне атрымлівалася нашмат лепш, чым у нашай краіне, без манапольнага інфармацыйнага ўплыву з боку адной з суседніх краінаў.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org