Чаму вучыць украінская школа?
У гэтай школе паважаюцца правы дзіцяці. Яе дзейнасць грунтуецца на выбарнасці дырэктара тэрмінам не больш за шэсць гадоў, а таксама на вучнёўскім самакіраванні «Вулік» і свабодзе выбару для вучняў.
Разам з беларускімі калегамі ўдзельнічаў у дыскусіі па выхаванню, што адбылася ў сярэдняй школе з эстэтычным ухілам сяла Залісы Ратнаўскага раёну Валынскай вобласці Украіны.
Дыскусія — працяг абмену вопытам у вясковых суполках Украіны і Беларусі праекту «Праз вывучэнне культуры суседняга народу — да ўстойлівага партнэрства і паразумення» ў рамках Еўразвязаўскай праграмы тэрытарыяльнай супрацы краінаў Усходняга партнёрства «Беларусь-Україна».
Залісы — цэнтр сельскай рады на Валыні. Плошча сяла 779 га, а з угоддзямі — 3.843 га. У адным кіламетры на поўнач ад сяла — прасторы возера Тор. На захаде Залісаў — меліяраваныя землі на месцы раней непраходнай багны. З усходу і поўдня сяло атачаюць вялікія лясы, сярод якіх у чатырох кіламетрах ад Залісаў ляжыць возера Турэчна.
Першая пісьмовая згадка пра сяло адносіцца да 1499 году. Ужо праз два гады ў Залісах было 11 дворышчаў — вялікіх гаспадарак. Цяпер у сяле жывуць каля 1430 чалавек. У школе, заснаванай 14 лістапада 1874 году як царкоўнапрыхадская, навучаецца 141 дзіця.
Навучэнцам вельмі ўтульна ў доўгім старым аднапавярховым зрубе, дзе месціцца школа. Камфорт стварае не толькі гэты хораша дагледжаны будынак з добрай натуральнай вентыляцыяй і мноствам хатніх раслінаў, але сама атмасфера вельмі цёплага, клапатлівага і прыязнага стаўлення да дзяўчынак і хлопчыкаў. Школа вучыць здароваму ладу жыцця, а таму дарыць радасць сваім выхаванцам.
Выкарыстоўваючы лепшыя ўзоры айчыннага і замежнага педагагічнага вопыту, у тым ліку Баўгарыі, ЗША,
Польшчы і Фінляндыі, школа ў Залісах узяла ад іх гуманістычныя, грамадзянскія і дэмакратычныя
каштоўнасці, нацыянальны, патрыятычны і эмацыйны складнікі, практыку і рэлаксацыю.
На гэтых падставовых фактарах выхоўваюцца розныя кампетэнцыі вучняў, у тым ліку грамадзянская.
Шанаванне правоў дзіцяці і ўвага да іх матывуюць настаўнікаў, ствараюць у школе дух шчырасці, даверу і цярпімасці. А каб школа была адкрытай, цікавай і сучаснай, дзейнасць вучэбнай установы грунтуецца на выбарнасці дырэктара школы на конкурснай аснове тэрмінам не больш за шэсць гадоў, а таксама на вучнёўскім самакіраванні «Вулік» і свабодзе выбару для вучняў.
Разам з вучнямі дарослыя ўдзельнічалі ў квесце “Праз гульню да пазнання асветы, культуры, спорту суседніх народаў”
Вось чаму школа дае сваім навучэнцам мажлівасць рэалізаваць сябе ў куточку музычнага выхавання, у гуртках спартыўных, спеўным, танцавальным, фальклёрным, дэкаратыўнага роспісу і ўкраінскай нацыянальнай вышыўкі, а таксама падчас падрыхтоўкі і адзначэння шматлікіх нацыянальных святаў і памятных датаў, такіх, да прыкладу, як Свята ўкраінскай песні і Дзень памяці ахвяраў таталітарызму. . Вялікую ролю ў патрыятычным выхаванні вучняў мае такі кансалідуючы нацыю фактар, як адзіная дзяржаўная мова краіны — украінская, а таксама пастаянная прысутнасць у школе яе духоўніка — айца Валянціна, які разам з жонкай Таццянай вядзе нядзельную духоўную школу і дзіцячы духоўны хор «Передзвін».
Пра штодзённую працу з дзецьмі апавёў праваслаўны святар, настаяцель храму Параскевы Сербскай с. Залісы, арганізатар нядзельнай духоўнай школы айцец Валянцін (Касянчук)
І апошняе. У выніку працэсаў дэсаветызацыі і дэкамунізацыі грамадства, якія адбываюцца ва Украіне ў апошнія гады, у школьныя падручнікі прыйшла гістарычная праўда пра славутае мінулае ўкраінскага народу, пра ягоных сапраўдных, а не прыдуманых герояў, пра пакуты і страты нацыі, якая захавалася насуперак Галадамору, ГУЛАГу і шматлікім войнам з захопнікамі.
Вельмі важна, што пантэон будзіцеляў нацыі па праву ўзначальвае бацька ўкраінцаў, змагар, паэт і мастак Тарас Шаўчэнка, імя якога ва Украіне ўшанавана паўсюдна.
Вяртаўся ў Беларусь з надзеяй, што вопыт сучаснай вольнай і дэмакратычнай украінскайшколы некалі прыдасца і нам — беларусам у справе вызвалення айчыннай сістэмы адукацыі ад путаў русіфікацыі, фармалізму і прымусу.
Фота аўтара .