«Усходняе партнёрства»: што далей?

За 10 гадоў як у рамантыкаў, так і прагматыкаў узнікла да гэтай ініцыятывы шмат прэтэнзій. І ў тых дзяржаў, што ідуць у фарватары еўрапейскага партнёрства, і ў тых, хто заўважна адстаў. Аднак ніводная з краін-удзельніц не збіраецца адмаўляцца ад такога фармату супрацоўніцтва з Еўрапейскім Звязам.

thumb_12.jpeg


Тэма «Усходняга партнёрства» гучала лейтматывам і падчас дыскусій форума «Мінскі дыялог». Юбілейны рубеж стаў нагодай для абмеркавання далейшых перспектываў гэтай праграмы. Шэраг удзельнікаў выклалі «Новаму часу» свой погляд на сітуацыю.

Для Украіны «штонікі сталі кароткімі»


«Нясціпла скажу: Украіне належыць гонар, што «Усходняе партнёрства» наогул з’явілася», — зазначыў Аляксей Семяній, дырэктар Інстытута глабальных трансфармацый.
«Усходняе партнёрства» (УП) нарадзілася з палітыкі суседства, якая ў свой час была прынята ў Еўрапейскім Звязе. Улічваючы імкненні да больш глыбокай інтэграцыі, яна не задавальняла ўкраінцаў. У палітыцы суседства было занадта шмат зусім розных краін. «Украіна была адзіная, каторая адразу заявіла, што мы лічым гэты падыход не зусім правільным», — сказаў Аляксей Семяній. Акцэнт украінцаў быў зроблены якраз на тым, што Усходняя Еўропа адрозніваецца ад астатніх. І таму з ёй павінна быць асобная палітыка. «ЕЗ тады не пагадзіўся. А потым як бы постфактум прызнаў сваю памылку, і запусцілася праграма Усходняга партнёрства». Дзякуючы ўдзелу дзвюх краін, Польшчы і Швецыі, якія актыўна яе прасунулі.
Зараз наконт «Усходняга партнёрства» ўкраінскія прадстаўнікі таксама заяўляюць: «не адпавядае амбіцыям Украіны».
— З падпісаннем дамовы аб асацыяцыі мы наогул перайшлі ў фармат вельмі глыбокай кааперацыі — зоны свабоднага гандлю. Гэтых усіх рэчаў «Усходняе партнёрства» не дае, — зазначыў Уладзімір Хандогій, прэзідэнт Украінскай асацыяцыі знешняй палітыкі. — Для некаторых дзяржаў, якія ніколі не ставяць перад сабой мэту ўступлення ў ЕЗ альбо нават інтэграцыйныя працэсы; такіх, як можа быць Арменія, Беларусь — гэта добры нармальны фармат супрацоўніцтва. Для Украіны, Грузіі, Малдовы — гэтыя штонікі караткаватыя. Таму мы дастаткова скептычна ставімся да «Усходняга партнёрства». Мы працягваем працаваць у гэтым фармаце. Але наш асноўны ўпор — гэта двухбаковыя стасункі: Украіна — Еўрапейскі Звяз.
Такім чынам, Украіна ўжо мае з ЕЗ падпісаную дамову аб асацыяцыі, бязвізавы рэжым, іншыя двухбаковыя пагадненні і фарматы. Канкрэтнай распрацоўкай праграм у розных галінах супрацоўніцтва займаюцца міністэрствы. Спектр шырокі — ад рэгламентацыі экалагічных нормаў да рэформы органаў унутраных спраў. «І па факту ў шэрагу сфераў ажыццяўляецца працэс інтэграцыі без фармальнага сяброўства ў ЕЗ», — паведаміў Аляксей Семяній.
— У тым, што датычыцца спробаў руху адным тэмпам усіх шасці краінаў Усходняга партнёрства — мы ніколі не былі асабліва прыхільнікамі гэтага падыходу, — кажа ўкраінскі эксперт.
— Разумеючы, што шэсць краін вельмі розныя. Іх падзяляюць часам на дзве групы. Але насамрэч сітуацыя складаней. Кожная краіна мае свае асаблівасці, нягледзячы на тое, што, так, зараз можна дзяліць краіны, якія падпісалі пагадненне аб асацыяцыі і якія не падпісалі. Хаця нядаўна Арменія таксама падпісала даволі аб’ёмнае пагадненне з ЕЗ. Але гэта не пагадненне аб асацыяцыі. Плюс асобная пазіцыя Азербайджана, асобная палітыка Беларусі, каторая таксама ў апошні час мае новыя акцэнты. Але у агульным пазіцыя Украіны да «Усходняга партнёрства» канструктыўна скептычная. Калі ёсць нейкая карысць — так, мы, канечне, гатовы і падтрымаць ініцыятывы, і развіць. Але ўлічваючы агульную рамку, больш перспектыўным для нас выглядае двухбаковы трэк Украіна — Еўрапейскі Звяз»
— Ініцыятыва «Усходнееўрапейскае партнёрства» — жыццяздольная? Альбо вычэрпвае сябе?
Усё залежыць ад імкненняў дзяржаў, каторыя ўдзельнічаюць у ёй,— лічыць Уладзімір Хандогій. — Калі яна ім падыходзіць як фармат супрацоўніцтва, то яна жыццяздольная. Для Украіны гэта малавата. Аднак мы працуем у гэтым фармаце, мы ж не адмаўляемся.
— Ваша стратэгічная мэта — уступленне у Еўразвяз?
— Безумоўна. Наша мэта пакуль, скажам мякка, не знаходзіць разумення сярод нашых еўрапейскіх партнёраў. Але ніколі не кажы ніколі. Мы працягваем актыўна працаваць. Вядзем працу па набліжэнні Украіны да стандартаў у розных галінах Еўрапейскага Звяза. Паралельна наш курс і на ўступленне ў НАТО на сённяшні момант задэклараваны і з’яўляецца стратэгічным.

Голас Беларусі не чуюць


«Усходнім партнёрствам» не задаволены і беларускія ўлады. З крытыкай падчас «Мінскага дыялога» выступіў кіраўнік камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі. Афіцыйны Мінск практычна не ўдзельнічае ў двухбаковых стасунках. «І голас Беларусі не чуюць у межах тых праектаў і праграм, якія плануюцца ў двухбаковым вымярэнні. На жаль, недастаткова сёння праектаў і праграм, якія нацэлены на Беларусь з пункту гледжання канкрэтнага выніку», — заявіў дэпутат.
На яго думку, фармат узаемадзеянняў павінен быць сур’ёзна перагледжаны. «Сёння неабходна прагматызацыя ўсходняй палітыкі Еўрапейскага Звяза», — заявіў ён. ЕЗ павінен падумаць над тым, каб улічыць інтарэсы ўсіх краін УП. «І, натуральна, тут не павінна быць дыскрымінацыі. Кожная з нашых краін павінна быць у поўнай меры ўцягнута ў працэсы супрацоўніцтва, ва ўзаемадзеянне ва ўсіх фарматах, якія сёння існуюць у рамках «Усходняга партнёрства», — падкрэсліў Валерый Варанецкі.
Цяжкасці з прарывам у супрацоўніцтве беларускі бок тлумачыць тым, што «так склалася гістарычна». З-за тых палітычных абмежаванняў і санкцый, якія накладваліся на развіццё адносінаў з Беларуссю. Таму і ў рамках фарміравання самой палітыкі «Усходняга партнёрства» ўдзел афіцыйнага Мінска закладваўся першапачаткова як абмежаваны. Яго прадстаўнікі не ва ўсіх трэках УП узаемадзейнічалі, абмежаваная і праектная дзейнасць.
— Еўрапейскі Звяз вельмі кансерватыўны з пункту гледжання прыняцця рашэнняў, — кажа Валерый Варанецкі. — І для таго, каб выйсці на новую дынаміку, еўразвязаўскім прадстаўнікам трэба падыйсці да гэтага, саспець. Усё такі гэта павінны быць узгодненыя інтарэсы ўсіх краін-сябраў Еўразвяза. І кожная краіна мае сваё бачанне, свой погляд. І я не схаваю — у тым ліку і сярод нашых суседзяў прамых ёсць краіны, каторыя сёння імкнуцца перашкаджаць развіццю адносінаў паміж Беларуссю і ЕЗ. Гэта комплекс пытанняў, якія маюць у значнай ступені палітычную прыроду. Гэта тармозіць развіццё.
Тым не менш, «сектаральныя дыялогі» з Беларуссю ў межах УП па пэўных кірунках вядуцца. Аднак бракуе канкрэтных праектаў і вынікаў. Калі казаць па буйнаму, то іх зараз не назавеш. «Але не можа ж праект «Усходняга партнёрства» абмяжоўвацца палітычнымі дэкларацыямі. Ён таксама павінны напаўняцца канкрэтыкай. І вось тут мы бачым сур’ёзныя недахопы. Але перамовы вядуцца. І больш за тое, быццам бы як бы і падышлі да выхаду на вынік. Але рэзультату ўсё роўна пакуль няма. І грамадзяне нашы не адчуваюць канкрэтнага выніку ўзаемадзеяння з ЕЗ. У гэтым і ёсць сур’ёзны недахоп «Усходняга партнёрства» для Беларусі прынамсі», — канстатаваў дэпутат Палаты.
Перамовы ідуць і па лібералізацыі візавага рэжыму для беларусаў. Са свайго боку, як вядома, Беларусь прыняла рашэнне пра бязвізавы ўезд для замежнікаў да 5 дзён. Разглядаецца пытанне аб павелічэнні гэтага тэрміну.
— Ці варта Беларусі чакаць практычных крокаў з боку «Усходняга партнёрства»?
— Мы безумоўна на гэта разлічваем, — сказаў Валерый Варанецкі. — Мы чакаем гэтага. Мы кажам пра тое, што неабходна прагматызацыя адносінаў, выхад на канкрэтныя праекты. Я думаю, што ў Еўразвяза спее гэта разуменне. І я ўпэўнены, што мы падыдзем да гэтага. Але па часавых параметрах — мне цяжка зараз ацэньваць. Я думаю, што можа быць у МЗС сёння ёсць больш дакладнае адчуванне таго, што вось, мы падышлі.
Але пакуль я са свайго боку бачу, што яшчэ мы не вышлі на тое, каб з Беларусі былі зняты ўсе абмежаванні. І каб мы маглі выйсці на падпісанне базавага пагаднення паміж Беларуссю і ЕЗ. І на гэтай падставе развіваць поўнафарматнае супрацоўніцтва па розных накірунках узаемадзеяння. Гэта і, натуральна, інвестыцыі, эканоміка, прамысловасць, экалогія, перамяшчэнне грамадзян і г.д. То бок увесь комплекс пытанняў, якія цікавяць і Беларусь, і ЕЗ. Але важна, што мы ідзем у гэтым накірунку. І атмасфера ў стасунках сур’ёзна змянілася ў лепшы бок. Таму прыйдуць і канкрэтныя рэзультаты. Я ў гэтым не сумняваюся. Але мы ж кажам пра сённяшні дзень. На сённяшні дзень пахвастацца асабліва нечым.
— Ад Беларусі нейкіх крокаў чакаюць, альбо толькі Еўразвяз саспявае?
 — І ад нас чакаюць пэўных крокаў. Яны ў агульным вядомыя. Гэта пытанні, звязаныя з адменай смяротнага пакарання, з удасканаленнем выбарчага заканадаўства. Такі комплекс пытанняў. Ну і ўнутраныя працэсы. Я казаў, у структурах ЕЗ дастаткова кансерватызму, ідзе выспяванне новага падыходу, новай канцэпцыі адносінаў з Беларуссю ў самім Еўрапейскім Звязе.

«Агульны кошык не працуе»


«Еўрапейскі Звяз саспеў для разумення таго, што агульны кошык і агульны падыход не працуе. Неабходны індывідуальны падыход для кожнай краіны-удзельніцы», — лічыць Алена Карасцялёва, дырэктар Цэнтра глабальнай Еўропы.
Такі падыход ЕЗ прымяніў нядаўна да Арменіі — у лістападзе 2017-га было падпісана пагадненне аб партнёрстве (SEPA). Арменіі будзе аказана фінансавая дапамога 175 мільёнаў еўра. Далей плануецца пачаць абмеркаванне па лібералізацыі візавага рэжыму.
— Азербайджан таксама працуе над новым пагадненнем партнёрства, якое будзе адрознівацца ад іншых, што заключыў Еўразвяз з усходняй прасторай. І ў Беларусі ёсць такая ж магчымасць, — мяркуе Алена Карасцялёва. — Я лічу, гэтай магчымасцю зараз трэба скарыстацца. То бок менавіта паспрабаваць распрацаваць тое, што дазволіць інтарэсам Беларусі сустрэцца з інтарэсамі Еўразвяза. Калі перамовы нас прывядуць да канкрэтных рашэнняў, то тады гэта пагадненне адкрые нам цалкам новыя магчымасці. Наконт інвестыцый, развіцця інфраструктуры, той жа аховы здароўя, адукацыі, транспарту. Мы ўжо кажам не пра тысячы, мы кажам пра мільярды ўкладанняў, якія могуць Беларусі дапамагчы выйсці на той рубеж, які яна для сябе ставіць.
Аднак пры ўсіх новых трэндах, як адзначылі эксперты, Беларусь перш за ўсё сама павінна рабіць крокі. «Усходняе партнёрства» — гэта рух насустрач адзін аднаму і ўзаемны сустрэчны рух.