«Праўда пра Курапаты» паедзе па Украіне
Пасля дэманстрацыі ў Кіеве дакументальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты. дакументы, сведчанні» паедзе па Украіне.
![Выставу адкрывае Володзімір В’ятровіч Выставу адкрывае Володзімір В’ятровіч](/img/v1/images/kurapaty_vystava_kieu_vandrouki_3_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Выставу адкрывае Володзімір В’ятровіч
Пра гэта было дамоўлена на працоўнай сустрэчы аўтараў выставы з беларускай грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» з дырэктарам Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці (УІНП), доктарам гістарычных навук Володзімірам В’ятровічам. Сярод гарадоў, дзе мяркуецца экспанаванне выставы, спадар Володзімір назваў Харкаў, Чарнігаў, Жытомір, Луцк, Цярнопаль і Львоў.
![Будынак УІНП Будынак УІНП](/img/v1/images/kurapaty_vystava_kieu_vandrouki_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Будынак УІНП
Сярод іншых напрамкаў супрацы беларускай грамадзянскай ініцыятывы з украінскай дзяржаўнай установай, якая мае статус міністэрства, — пошук імёнаў ахвяраў сталінізму, у тым ліку грамадзянаў Беларусі ва Украіне і грамадзянаў Украіны ў Беларусі, а таксама ўсталяванне ў Курапатах Украінскага крыжа дзеля ўшанавання памяці ўкраінцаў — ахвяраў чырвонага тэрору ў Беларусі.
![У адкрыцці прымалі ўдзел беларусы Кіева з Беларускага цэнтру ва Украіне “Сябры” У адкрыцці прымалі ўдзел беларусы Кіева з Беларускага цэнтру ва Украіне “Сябры”](/img/v1/images/kurapaty_vystava_kieu_vandrouki_4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У адкрыцці прымалі ўдзел беларусы Кіева з Беларускага цэнтру ва Украіне “Сябры”
Эксперты маюць даныя на амаль 80 тыс рэпрэсаваных і рэабілітаваных у Беларусі грамадзянаў нашай краіны і замежжа (гэта толькі невялікая частка рэпрэсаваных і, мажліва, каля паловы рэабілітаваных). З іх — 865 асобаў пазначаны па нацыянальнасці як «украінцы», у тым ліку 147 — засуджаныя да «вышэйшай меры пакарання». Сярод іх — 42 украінцы, расстраляныя ў Мінску, мажліва, і ў Курапатах.
![kurapaty_vystava_kieu_vandrouki_5.jpg kurapaty_vystava_kieu_vandrouki_5.jpg](/img/v1/images/kurapaty_vystava_kieu_vandrouki_5.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гаворка ідзе пра неафіцыйна атрыманыя звесткі з «Базы даных па персанальнаму ўліку грамадзян Беларусі, якія былі неабгрунтавана рэпрэсаваны па палітычных матывах і рэабілітаваны ў наступныя гады». Гэтая база ў выглядзе персанальных уліковых картак па матэрыялах архіваў КДБ, Вярхоўнага суду, Вайсковай пракуратуры і МУС аб грамадзянах, якія былі рэпрасаваныя ў Беларусі з 1917 па 1953 гады, стваралася ў 1992-1998 гадах айчынным Камітэтам па архівах і справаводству.
![Калегі з Беларусі і Украіны. Злева направа: Вацлаў Арэшка, супрацоўнікі УІНП Ігар Карэтнікаў і Богдан Короленко, Генадзь Драздоў. Калегі з Беларусі і Украіны. Злева направа: Вацлаў Арэшка, супрацоўнікі УІНП Ігар Карэтнікаў і Богдан Короленко, Генадзь Драздоў. ](/img/v1/images/kurapaty_vystava_kieu_vandrouki_7_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Калегі з Беларусі і Украіны. Злева направа: Вацлаў Арэшка, супрацоўнікі УІНП Ігар Карэтнікаў і Богдан Короленко, Генадзь Драздоў.
Дарэчы, УІНП ужо накіраваў у Міністэрства замежных спраў Украіны ліст з прапановай аб усталяванні ў Курапатах Украінскага крыжа.
18 траўня дэлегацыя экспертаў (культуролаг Вацлаў Арэшка, мастак Генадзь Драздоў і аўтар гэтага артыкулу) удзельнічала ў адкрыцці выставы «Праўда пра Курапаты», падрыхтаванай беларускай грамадзянскай супольнасцю ў партнёрстве з УІНП.
![Знаёмства з выставай Знаёмства з выставай](/img/v1/images/kurapaty_vystava_kieu_vandrouki_6.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Знаёмства з выставай
Выстава экспануецца ў будынку інстытута — былога маёнтку графіні Уваравай, дзе ў 1937-1938 гадах месцілася Кіеўскае абласное ўпраўленне НКУС Украіны. У гэтым будынку масава расстрэльвалі асуджаных да вышэйшай меры пакарання, у тым ліку па прысудах тройкі абласного ўпраўлення НКУС. Расстраляных па начах на бартавых грузавіках-палутарках ГАЗ-АА, крытых брызентам, вывозілі на спецдзялянку НКУС у Быкаўнянскім лесе пад Кіевам, дзе трупы ахвяраў скідвалі навалам у загадзя падрыхтаваныя ямы, а затым засыпалі вапнай і закідвалі зямлёю.
![Каля будынку УІНП усталяваны помнік ураджэнцу Беларусі, аўтару першай Канстытуцыі Украіны, гетману Піліпу Орліку Каля будынку УІНП усталяваны помнік ураджэнцу Беларусі, аўтару першай Канстытуцыі Украіны, гетману Піліпу Орліку](/img/v1/images/kurapaty_vystava_kieu_vandrouki_2_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Каля будынку УІНП усталяваны помнік ураджэнцу Беларусі, аўтару першай Канстытуцыі Украіны, гетману Піліпу Орліку
Мы наведалі нацыянальны гістарычна-мемарыяльны запаведнік «Быкаўнянскія магілы» і ўшанавалі памяць бязвінных ахвяраў сталінізму, у тым ліку брата народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля Уладзіміра Брыля, расстралянага ў 1938-м за шпіёнскую і падрыўную дзейнасць на карысць Нямеччыны і рэабілітаванага праз 20 гадоў.
За падрыхтоўку выставы ў Кіеве неабходна падзячыць усіх сяброў нашай ініцыятывы, у першую чаргу Вінцука Вячорку і Вацлава Арэшку, з украінскага боку — Володзіміра В’ятровіча, загадчыка аддзелу УІНП Богдана Короленко і ўсіх супрацоўнікаў навуковай установы, а таксама перакладчыка Сергія Лашчэнка з Львова.
![kurapaty_vystava_kieu_vandrouka_22_logo.jpg kurapaty_vystava_kieu_vandrouka_22_logo.jpg](/img/v1/images/kurapaty_vystava_kieu_vandrouka_22_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дарэчы, наш гістарычны бел-чырвона-белы сцяг, пад якім адбывалася адкрыццё выставы, зараз упрыгожвае інтэр’ер аднага з кабінетаў супрацоўнікаў УІНП.
Фота аўтара і прэсавага сакратара УІНП Юліі Капшучэнка