Шэсць цікавых фактаў пра беларускую дэмаграфію
Ці будуць беларусы больш нараджаць і менш скасоўваць шлюбы? У Сусветны дзень абароны дзяцей мы падрыхтавалі для вас некалькі цікавых фактаў, якія адлюстроўваюць партрэт беларускай сям'і.
У 2017-м у Беларусі прайшло маштабнае сацыялагічнае даследаванне «Структура сям’і, сямейныя адносіны, рэпрадуктыўныя паводзіны». Дадзеныя яшчэ апрацоўваюцца і паступова публікуюцца.
Было апытана дзесяць тысяч жыхароў Беларусі ва ўзросце ад 18 да 79 гадоў, якія жывуць у 56 гарадах і 40 сельскіх саветах па ўсёй краіне. Апытанне праводзіў Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ па ініцыятыве Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і пры падтрымцы ААН, па методыцы міжнароднай праграмы «Пакаленні і гендар». Атрыманыя дадзеныя можна параўнаць з міжнароднымі (задзейнічаныя 17 еўрапейскіх краін, а таксама Аўстралія і Японія).
Факт першы: жанчыны раней за мужчын аддзяляюцца ад бацькоўскай сям’і
Сярод мужчын 1940–1989 гадоў нараджэння частка тых, хто стаў жыць асобна ад бацькоў у 25 гадоў ці раней, вагаецца ад 60 да 65%. Што цікава, сярод самых старэйшых з апытаных працэнт ніжэйшы, для народжаных у 1950–1969 гадах падрастае, а сярод маладзейшых мужчын зноў падае. Мабыць, гэта тлумачыцца сітуацыяй у сельскай мясцовасці, калі было прынята жыць вялікімі сем’ямі, і складанасцямі з жытлом у сучасных гарадах.
Падобная тэндэнцыя назіраецца сярод жанчын, але частка тых, хто жыў асобна ад бацькоў з 25 гадоў ці раней, вышэйшая: у розных пакаленнях — прыкладна 70–75%. Мабыць, уплываюць ранні шлюбны ўзрост і звычай жыць з бацькамі мужа. Але не толькі шлюб спрыяе асобнаму пражыванню, усё ж працэнт тых, хто стварыў сям’ю да 25 гадоў, ніжэйшы за працэнт тых, хто да гэтага ўзросту стаў жыць асобна. Дадзеныя па ўсіх краінах Еўропы паказваюць, што дзеці разведзеных бацькоў сыходзяць жыць самастойна раней за сваіх аднагодкаў з поўных сем’яў.
Факт другі: павялічваецца ўзрост рэгістрацыі шлюбу
Калі ў пакаленні 1950–1959 гадоў нараджэння да 25 гадоў зарэгістравалі шлюб 70% жанчын і 59% мужчын, то ў пакаленні 1980–1989 гадоў нараджэння — суадносна 57% і 38%. У той жа час расце колькасць незарэгістраваных шлюбных саюзаў, у якіх выхоўваюцца дзеці. Ва ўсе віды адносінаў (сталае партнёрства, зарэгістраваны і незарэгістраваны шлюб) жанчыны ўступаюць раней за мужчын. Так, у 2017 годзе 28,3% мужчын ва ўзросце 25–29 гадоў заявілі, што ніколі не мелі вопыту сталых адносінаў. Сярод жанчын той жа ўзроставай катэгорыі — толькі 10,4%.
Можна, канешне, меркаваць, што жанчыны заводзяць адносіны са старэйшымі мужчынамі, але можна і выказаць гіпотэзу, што выраз «сталыя адносіны» азначае розныя рэчы для мужчын і жанчын.
Ва Усходняй Еўропе пары, што жывуць разам без рэгістрацыі шлюбу, успрымаюць гэта як этап падрыхтоўкі да афіцыйнага афармлення адносінаў. У Заходняй Еўропе налічваецца большая колькасць людзей, што жывуць разам, але не плануюць рэгістраваць адносіны са сваім партнёрам. У сярэднім пары ў незарэгістраваных саюзах менш задаволеныя сваімі адносінамі, чым пары ў афіцыйным шлюбе, аднак задаволенасць узрастае ў краінах, дзе незарэгістраваныя саюзы больш распаўсюджаныя.
Факт трэці: беларусы маюць менш дзяцей, чым хацелі б
Да 25 гадоў сталі бацькамі крыху больш за палову беларусак і каля 20% беларусаў 1980–1989 гадоў нараджэння. Апошняе дзіця беларускі нараджаюць недзе між 38 і 41 годам. Узрост у 27–29 год дэмографы называюць «часам пік»: часта людзі амаль адначасова заканчваюць адукацыю, рэгіструюць шлюб і нараджаюць першае дзіця. У краінах, дзе больш сацыяльнай і палітычнай падтрымкі сям’і і дзетанараджэння, людзі менш спяшаюцца.
Ва ўзросце, калі рэпрадукцыя скончаная, аказваецца, што беларуска мае ў сярэднім 1,65 дзіцяці, а хацела б 2,21. Паводле еўрапейскіх дадзеных, мужчыны хочуць больш дзяцей за жанчын, але рашэнне ў пары звычайна застаецца за жанчынай.
Працэс прыняцця рашэння нарадзіць першае дзіця можа істотна адрознівацца ад рашэння нарадзіць другое ці трэцяе. Пары, што маюць блізкіх сяброў і родных, якія маглі б іх падтрымаць, хутчэй за тых, хто жыве адносна ізалявана, рашаюцца на другое ці трэцяе дзіця.
Факт чацвёрты: жанчыны менш за мужчын задаволеныя размеркаваннем хатніх абавязкаў
Жанчын часцей бачаць больш здольнымі да догляду дзяцей і дома, а мужчын — як палітычных лідараў, прафесіяналаў. Толькі вышэйшая адукацыя прызнаецца амаль аднолькава істотнай для прадстаўнікоў абодвух полаў. З такімі ўстаноўкамі зразумела, як размяркоўваюцца хатнія абавязкі. Пры гэтым 74% беларусаў задаволеныя ўзроўнем свайго ўдзелу ў выхаванні дзяцей, а 69% — у працы па доме. Сярод беларусак задаволенасць роўная, суадносна, 57% і 51%.
Згодна з еўрапейскімі дадзенымі, людзі, што задаволеныя размеркаваннем абавязкаў у сваёй сям’і, часцей хочуць яшчэ адно дзіця.
Факт пяты: адукаваныя беларусы здаравейшыя
Гэта сцверджанне актуальнае для ўзроставай катэгорыі старэй за 30 гадоў. Чалавек з вышэйшай адукацыяй хутчэй ацэніць сваё здароўе як добрае. Што да маладзейшай катэгорыі, такой залежнасці не назіраецца, і можна казаць нават пра супрацьлеглую тэндэнцыю.
Факт шосты: у Беларусі адзін з самых высокіх узроўняў скасавання шлюбу ў Еўропе
У 2017 годзе ўзровень скасавання шлюбаў адносна вяселляў быў трохі вышэйшым за 50%, прытым у сталіцы паказчык большы за сярэдні, а ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях — меншы. Гэта прынята тлумачыць рэлігійнасцю насельніцтва ў тых рэгіёнах.
У 2000 годзе ўзровень скасавання шлюбаў адносна вяселляў быў каля 45%. У тым жа годзе падобныя паказчыкі былі ў Даніі, Нарвегіі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі і Люксембургу, больш за 50% мелі Фінляндыя, Швецыя і Бельгія. Вакол 40% вагаліся паказчыкі разводаў у Францыі, Венгрыі, Нідэрландах, Чэхіі і Германіі. Між 20% і 30% мелі Балгарыя, Швейцарыя, Партугалія і Славакія. Самыя нізкія паказчыкі разводаў зарэгістраваныя ў Румыніі, Грэцыі, Польшчы, Сербіі і Харватыі. Абсалютны рэкардсмен — каталіцкая Італія з 10%.
Ва ўсіх даследаваных краінах працэнт жанчын, што ўступалі ў новыя партнёрскія адносіны пасля разводу, меншы за мужчын.
Высновы з прыведзеных лічбаў можна зрабіць розныя і па-рознаму іх выкарыстоўваць. Нам бачыцца, што без падтрымкі дзяржавы і, у першую чаргу, мужоў, беларускі больш нараджаць не стануць, а з няроўным размеркаваннем абавязкаў у сем’ях і тэндэнцыяй да ўзрастання колькасці і працягласці незарэгістраваных саюзаў колькасць скасавання шлюбаў будзе таксама павялічвацца. З аднаго боку, сям’я сёння — ужо не толькі гаспадарчая адзінка, і людзі шукаюць у шлюбе эмацыйнай падтрымкі, цікавага супольнага баўлення часу. З другога — матэрыяльную частку нікуды не падзенеш, і побыт працягвае разбіваць сямейныя чаўны.