Дасье ў карыкатурах. Франка перапахавалі, але справа яго жыве
Як чакаецца, галоўным вынікам сённяшніх выбараў у іспанскі парламент будзе значны ўздым правай папулісцкай партыі Vox. Напярэдадні галасавання сацыёлагі прагназавалі, што партыя Сант'яга Абаскаля (лідар Vox) можа атрымаць да 15 адсоткаў, што забяспечыць ёй трэцюю па велічыні фракцыю ў Картэсах. Няўжо нашчадкі дыктатара Франка пачалі браць рэванш?
Vox уварваўся ў іспанскую палітыку зусім нечакана, Доўгі час лічылася, што ў Іспаніі распрацаваная ўнікальная мадэль, калі ўвесь правы спектр кантралюе правацэнтрысцкая Народная Партыя (РР). Палітыкі правых поглядаў, уключаючы аматараў дыктатуры Франка, неяк Ужываліся пад дахам РР.
Аднак у 2013-м у гэтай машыне штосьці зламалася і група народнікаў паклала партбілеты на стол. Падставаў для расколу было некалькі: незадаволенасць фіскальнай палітыкай ураду РР, спробы ўрада падлашчвацца перад баскскімі і каталонскімі сепаратыстамі, саступкі левым у пытанні палітыкі гістарычнай памяці. У якасці правай альтэрнатывы кансерватары стварылі партыю Vox. Да здзіўлення многіх новае фармаванне не стала маргінальным, а наадварот выклікала вялікую цікавасць у грамадстве. Паводле апытанняў, партыі сімпатызавалі каля 6 працэнтаў электарату. Медыя-поспехі правапапулістаў мастак выдання El Jueves параўнаў з танкавым прарывам.
Аднак галоўныя гешэфты правым папулістам прынёс крызіс у Каталоніі ў 2017-м. Спробы сепаратыстаў абвясціць незалежнасць рэгіёна выклікалі усплёск імперскіх настрояў у іспанскай глыбінцы. Найбольш паспяхова сярод партый патрыятычную істэрыку эксплуатаваў Vox, які абяцаў канчатковае вырашэнне каталонскага пытання за кошт ліквідацыі інстытуту нацыянальных аўтаномій. Гэта ў тым ліку вельмі падабалася сілавікам. На фоне 40 дзён каталонскага крызісу восенню 2017-га колькасць членаў партыі павялічылася на 20%, а яе рэйтынг перыядычна зашкальваў за 20 адсоткаў. Няздольнасць іспанскага соцыўма на дыялог з каталонцамі з дапамогай алюзіі на карыду выявіў мастак выдання Politico. Іспанскі бык атакуе каталонскага матадора толькі за прапанову паразмаўляць.
Неўзабаве антыкаталонскі масавы псіхоз атрымалася канвертаваць у мандаты. У 2018 годзе на выбарах у Андалусіі партыя правяла ў рэгіянальны парламент 12 дэпутатаў, а пазней 10 дэпутатаў на аўтаномных выбарах у рэгіёне Валенсія. 28 красавіка 2019-га Vox набраў 10,26% галасоў на ўсеагульных парламенцкіх выбарах, атрымаўшы ў фракцыю 24 дэпутата. Поспехі правых папулістаў успрымаліся як скандал. Vox стала першай парламенцкай ультранацыяналістычнай партыяй краіны з 1975 года, калі ў Іспаніі пала дыктатура Франка. На малюнку выдання Publico партыю Vox параўноўваюць з смяротным маятнікам, што пагражае ўсім старым партыям, якіх увасабляе асёл з партыйнымі налепкамі.
Нельга не спыніцца на праграме і ідэалогіі партыі, у якой хапае арыгінальных пасажаў. Так, партыя абяцае нават стварыць новы тып шлюбнага саюза замест аднаполых шлюбаў. Партыя нацыяналістаў падтрымлівае крытыку іміграцыі мусульман у Іспанію, але ў той жа час выступае за міграцыю з краін Лацінскай Амерыкі нашчадкаў іспанцаў-каланістаў. Акрамя таго, правапапулісты абяцаюць вярнуць Іспаніі стратэгічную скалу Гібралтар, якую брытанцы ўтрымліваюць з 18 стагоддзя. Хоць партыя афіцыйна дыстанцуецца ад традыцый франкізма, яна заявіла, што перагледзіць закон 2007 года, які патрабуе прыбраць з грамадскіх месцаў сімвалы, звязаныя з дыктатарскім рэжымам. Забабоны Vox ацэньваюць па рознаму. Напрыклад, для мастака Ёрдзі Бернета рэалізацыя згаданых вышэй праграмных пастулатаў — вяртанне ў каменны век, па якому настальгіруе выяўлены на малюнку Сант'яга Абаскаль.
Адным з фактараў усплёску папулярнасці Vox напярэдадні выбараў стала таксама нядаўняе перапахаванне рэшткаў дыктатара Франка (у 1975-м яго пахавалі ў мемарыяльным комплексе «Даліна загінуўшых»). 24 кастрычніка труну Франка пагрузілі ў верталёт, які перавёз цела да магілы жонкі дыктатара, дзе яго і перапахавалі. Падзея выклікала палярныя ацэнкі ў грамадстве.
Левыя іспанцы ўбачылі тут акт праявы гістарычнай справядлівасці. Некаторыя нават прапанавалі кампаніі Lego выпусціць адмысловы тэматычны канструктар «Перапахаванне Франка». Для многіх правых перапахаванне наадварот стала маральнай траўмай, якую яны кампенсуюць галасуючы за Vox.
Зрэшты, рашучай перавагі, мяркуючы па сацапытанням, дамагчыся на гэтых выбарах ні Vox, ні іх канкурэнтам не ўдасца. Прычым гэта ўжо становіцца тэндэнцыяй. Нагадаем, што выбары 10 лістапада чацвёртыя за чатыры гады. Звыклая іспанцам дзвюхпартыйная сістэма (з чаргаваннем ва ўладзе сацыялістаў і кансерватараў) распалася ў 2015 годзе, калі ў парламент увайшлі новыя партыі. Таму перспектывы іспанскай палітыкі незразумелыя. Відавочна адно — правы электарат у Іспаніі стаў больш шматлікім і радыкальным, чым было раней.