Да выбараў няма цікаўнасці ні ў грамадства, ні ў кандыдатаў
Кампанія назірання «Права выбару-2019» апублікавала сёння прамежкавую справаздачу №2 аб назіранні за хадой выбарчай кампаніі, якія ахоплівае пэрыяд агітацыі з 18 кастрычніка па 11 лістапада.
Кампанія адзначае нізкую зацікаўленасць у выбарах і выбарчай агітацыі як з боку грамадства, так і з боку кандыдатаў, у першую чаргу — праўладных. Гэта тлумачыцца перадусім адсутнасцю рэальнай канкурэнцыі паміж кандыдатамі, а таксама вялікай колькасцю абмежаванняў ды дыскрымінацыйных правілаў, што накладаюцца на ўдзельнікаў выбараў.
Справаздача канстатуе, што агітацыйная кампанія адбываецца ва ўмовах няспыннага прэсінгу апазіцыйных кандыдатаў, у той час як большасць праўладных кандыдатаў дэманструюць нізкую актыўнасць і зацікаўленасць у агітацыі.
Улады актыўна выкарыстоўваюць цэнзуру ў дачыненні да выступаў дэмакратычных кандыдатаў у СМІ. Многія дэмакратычныя кандыдаты былі пазбаўленыя рэгістрацыі.
З поўным тэкстам прамежкавай справаздачы №2 на расейскай мове можна азнаёміцца на сайце кампаніі “Права выбару” у раздзеле “справаздачы".
У кампанію назірання за выбарамі “Права выбару-2019” уваходзяць восем арганізацыяў:
Аб’яднаная Грамадзянская партыя, Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Рух “За Свабоду”, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.
Паводле прэс-рэлізу