Назіральнік злавіў дзяўчыну, якая спрабавала ўкінуць пачку бюлетэняў на выбарчым участку
Назіральнік Юрый Вашчанчук зняў на відэа спробу ўкінуць некалькі бюлетэняў на ўчастку № 37 Берасцейскай-Усходняй акругі № 3, паведамляе Белсат.
Назіральнік запытаў у дзяўчыны адкуль яна ўзяла столькі бюлетэняў, але тая нічога не адказала і выйшла з участку разам з бюлетэнямі.
На відэа чуваць, як нейкая жанчына кажа «Выйдзіце, выйдзіце». Вашчанчук сцвярджае, што гэта голас старшыні выбарчай камісіі Таццяны Мосінай.
«У руках гэтая дзяўчына мела не менш за 20 бюлетэняў», – распавёў у размове з Belsat.eu Юрый Вашчанчук.
Юрый Вашчанчук таксама дадаў, што ён назірае за выбарцамі, якія падыходзяць да скрыні для галасавання, з адлегласці каля 12 метраў і бачыць іх са спіны. «Падчас назірання я некалькі разоў заўважаў, што некаторыя выбарцы кідаюць у ўрну больш за адзін бюлетэнь. Чуваць як пачак паперы падае туды», – патлумачыў Вашчанчук.
Назіральнік збіраецца падаць скаргу ў акруговую выбарчую камісію з патрабаваннем пералічыць бюлетэні.
Цяпер у Беларусі праходзіць датэрміновае галасаванне на выбарах у парламент. Асноўны дзень галасавання – 17 лістапада.