Дасье ў карыкатурах: Як жанчыны станавіліся прэзідэнтамі
Калі верыць інтэрнэту, прэзідэнцкія функцыі за ўсю гісторыю выконвалі 56 жанчын. Шлях да найвышэйшай пасады ў некаторых з іх быў вельмі цікавы і часам нават небяспечны.

Незвычайная біяграфія ў бразільскага прэзідэнта Дылмы Русеф, якая кіравала краінай з 2011-га па 2016-ы. Дылма (нарад. у 1947 г.) прыйшла ў палітыку пасля ваеннага перавароту 1964 года. У 1967 годзе яна далучылася да моладзевай арганізацыі Сацыялістычнай партыі Бразіліі, а затым да яе радыкальнай фракцыі, якая адстойвала ідэю ўзброенай партызанскай барацьбы. Некалькі гадоў Дылма знаходзілася ў складзе падпольных узброеных арганізацый, пакуль у 1970 годзе не была арыштаваная. У турме яе збівалі і катавалі электрашокам. Толькі ў канцы 1972 года яна выйшла з турмы схуднелая і хворая. Аднак працягнула змагацца з дыктатурай, праўда, ужо ў рамках легальнай левай апазіцыі, якая праз дзве дэкады прыйдзе да ўлады. Паколькі падчас кадэнцыі Дылмы Русеф у Бразіліі прайшоў чэмпіянат свету па футболе, карыкатурысты любілі выяўляць яе з мячыкам.

Свой арыгінальны шлях да ўлады быў у нікарагуанкі Віялеты Чамора, чый муж быў забіты агентамі дыктатара Самосы ў 1978-ім годзе. Пасля смерці мужа яна змяніла яго на пасадзе рэдактара апазіцыйнай газеты «La Prensa». Калі ў 1979-м дыктатуру зрынулі, яна ўвайшла ў склад рэвалюцыйнай хунты, дзе займалася пытаннямі аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння. Аднак ужо праз год сышла ў адстаўку ў знак пратэсту супраць узмацнення ўплыву сандыністаў ва ўрадавай кааліцыі. У 1989-м сандыністы пагадзіліся правесці свабодныя выбары. на якіх іх лідару Даніэлю Артэга супрацьстаяла Віялета Чамора (яе абраў сваім кандыдатам блок апазіцыйных партый). Многія меркавалі, што ў кандыдата дэмакратаў няма шанцаў, паколькі ў краіне фактычна панаваў вайсковы лад. Афіцыёз прадстаўляў яе як багатую жанчыну без рэальнага вопыту адміністравання, занадта рэлігійную, чыю кампанію фінансуюць Штаты. Аднак яе лозунг нацыянальнага прымірэння аказаўся прывабным, і ў выніку нечакана для ўсіх Віялета ўзяла верх. Тады ж землякі пачалі называць яе «Дама дэмакратыя».

Філіпінка Акіна Корасон будучы маці пяці дзяцей таксама пайшла ў палітыку пасля забойства свайго мужа. У 1983 годзе той паспрабаваў вярнуцца ў краіну пасля дэпартацыі і быў застрэлены ў аэрапорце Манілы па заданні дыктатара Маркаса. Пахаванне мужа Акіна сабралі самую шматлюдную маніфестацыю ў гісторыі краіны. Тады ж праціўнікі Маркаса надзелі жоўтыя стужачкі (менавіта таму наступныя падзеі ў гісторыі краіны называюць Жоўтай рэвалюцыяй). Пачалася жоўтая ревалюцыя праз тры гады, калі Корасон Акіна стала кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў лютым 1986 года. Прэзідэнцкая кампанія была адзначана гвалтам і забойствамі з боку ўладаў і натуральна завяршылася абвяшчэннем ЦВК перамогі дзеючага прэзідэнта. Тым не менш, прыхільнікі Акіна не прызналі таікх вынікаў. і 22 лютага апазіцыя, падтрыманая міністрам абароны і намеснікам галоўнакамандуючага, прымусіла Маркаса сысці ў адстаўку. Жоўтая рэвалюцыя перамагла, а 25 лютага 1986 года Корасон Акіна ўступіла на пасаду прэзідэнта. Нядзіўна, што пасля на ўсіх малюнках і карыкатурах яе малявалі апранутай выключна ў жоўтае.

Нягледзячы на тое, што Фінляндыя краіна з старымі дэмакратычнымі інстытутамі, яе прэзідэнта Тар'ю Халанен трэба назваць арыгіналам. Усё таму, што да ўступлення ў партыю эсдэкаў і пачатку палітычнай кар'еры ёй былі ўласцівыя вельмі леварадыкальныя забабоны. Яна ўдзельнічала ў пацыфісцкім руху і называла сябе фанатам Чэ Гевары. У гэтым плане нават нядзіўна, што Тар'я дэманстратыўна пакінула Евангелічна-лютэранскую царкву Фінляндыі, да якой належыць большасць фінаў. Свой дэмарш яна матывавала тым, што на той час жанчынам адмаўлялі ў прысвячэнні ў духоўны сан. На пачатку 80-х яна была старшынёй таварыства SETA, якое займаецца абаронай правоў ЛГБТ. Нягледзячы на ўсе фокусы, Тар'я двойчы станавілася прэзідэнтам, а пік яе папулярнасці часам дасягаў фантастычнай лічбы ў 88 працэнтаў. Такую ўсенародную любоў можна ў нечым патлумачыць знешнім падабенствам прэзідэнта да герояў папулярных казак пра Мумi-тролляў. Нядзіўна, што карыкатурысты любілі адлюстроўваць спадарыню Халанен як персанажа твораў Уве Янсана.
