Дасье ў карыкатурах: юбілей экспедыцыі на Месяц
50 гадоў таму тройка амерыканскіх астранаўтаў высадзілася на паверхні Месяца. Як ні парадаксальна, гэтая тэма да гэтага часу выклікае вялікую цікавасць. І не толькі таму, што місія экіпажа «Апалон 11» лічыцца адным з найвялікшых дасягненняў чалавецтва. Аказваецца, скрозь прызму таго палёту можна, у тым ліку ў жанры карыкатуры, актуалізаваць важныя праблемы сучаснасці.

За шуміхай вакол юбілею толькі некаторыя СМІ, на жаль, забываюць галоўнага вінаватага падзеі — прэзідэнта Джона Кэнадзі, які ў 1961-ім запусціў праграму «Апалон». Зрэшты, нешта падобнае Белы дом проста абавязаны быў адмарозіць. Запуск «Спадарожніка» і палёт Гагарына выклікаў у янкі комплекс непаўнавартаснасці. Поспехі СССР у космасе таксама разглядалі як перамогу сацыялістычнай сістэмы над капіталізмам. Адміністрацыя Кэнадзі вырашыла прыняць выклік і ўключыцца ў касмічную гонку з СССР, галоўным прызам у якой быў Месяц. Экспедыцыя «Апалона» сапраўды вярнула ЗША прэстыж і статус сусветнага лідара. Даніну павагі Кэнадзі, які вярнуў амерыканцам упэўненасць у сабе, у сваім малюнку аддаў мастак выдання World Herald.

Фонам цяперашніх угодкаў палёту на Месяц стала беспрэцэдэнтнае палітычнае супрацьстаянне ў ЗША. Дэмакраты і рэспубліканцы актыўна выкарыстоўваюць касмічныя матывы для ўзаемных піяр-нападаў. Так блізкая да дэмакратаў прэса абыгрывае славутую цытату астранаўта Нэйла Армстронга, якую ён сказаў, ступіўшы на Месяц: «Адзін маленькі крок для чалавека і вялізны крок для чалавецтва». І калі высадка на Месяцы была крокам наперад, то міграцыйная палітыка Трампа, на думку дэмакратаў, ёсць велізарным крокам назад. Малюнак выдання Columbia Missourian.

У сваю чаргу кансерватыўныя медыя эксплуатуюць тэму космасу, каб высмеяць імкненне дэмакратаў навязаць грамадству каштоўнасці талерантнасці. Мастак выдання Federal news спрабуе ўявіць, як высадку на Месяц будуць прадстаўляць, калі забабоны дэмакратаў перамогуць. На малюнку астранаўт у 1969-ым ставіць на Месяцы не зорны – паласаты сцяг Штатаў, а сцяг руху ў абарону сексуальных меншасцяў.

Не абмінаюць у прэсе ўвагай і будучыню Месяца, за які як раз цяпер вялікія дзяржавы зноў пачынаюць спаборніцтва. І пакуль выглядае на тое, што Месяц можа стаць тэрыторыяй Кітая. Прыкладна да 2030 года Кітай мае намер запусціць да Месяца сваю касмічную экспедыцыю і заснаваць там навуковую станцыю. Адзначаецца, што Пекін збіраецца не проста дасягнуць Месяца, але і выкарыстоўваць яго рэсурсы. У гэтай сувязі Дональд Трамп заклікаў паскорыць адпаведную амерыканскую праграму, аднак на дадзены момант ЗША нават не валодаюць уласнай ракетай-носьбітам. Менавіта таму на карце, што намаляваў мастак Дэнге Ііэліт (Сінгапур), Месяц выяўлены як частка КНР.

Зрэшты вікторыя ў бітве за Месяц Кітаю не гарантавана. Канкурэнцыю яму могуць скласці прыватныя карпарацыі накшталт кампаніі Ілана Маска. Кампаніі гатовыя рызыкаваць, у той час як будзь-якая дзяржава неахвотна ідзе на рызыку ў касмасе і фінансаванне праектаў, якія не прайшлі тэсты, У гэтым плане нельга выключаць, што першымі каланізацыю Месяца пачнуць прыватныя фірмы. А з улікам таго, што такія мерапрыемствы запатрабуюць кааперацыі шматлікіх гаспадарчых суб’ектаў, сцяг, які будзе лунаць над Месяцам можа выглядаць досыць незвычайна. Імправізацыя мастака газеты San Diego Tribune.