Der Spiegel: як расійскія СМІ скажаюць справаздачу аб МН17
Справаздача галандскіх следчых адназначна сведчыць: MH17 быў збіты ракетай «Бук». З расійскіх СМІ гэтага ніхто не даведаецца — хіба што аддалена. Найбольш абсурдныя эксцэсы прапаганды Крамля.
У артыкуле Крысціяна Неефа пад назвай «Як расійскія СМІ скажаюць справаздачу аб МН17», апублікаваным на сайце нямецкага выдання Der Spiegel пішацца пра тое, што Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта Расіі, — добра выхаваны чалавек. Калі ў аўторак з’явіліся паведамленні з прэс-канферэнцыі на галандскай авіябазе Гілзе-Рыйен, ён адрэагаваў цалкам дарэчы: справаздачу неабходна старанна вывучыць, толькі потым магчымыя каментары.
Так і павінна быць, таму што гэта справаздача, якая была сфармуляваная адпаведным чынам. У якасці адной з галоўных прычын катастрофы ў ёй названы той факт, што Украіна не зачыніла сваю паветраную прастору — хоць былі бачныя рызыкі для грамадзянскай авіяцыі. Ад гэтага абвінавачвання Украіна не зможа адгарадзіцца.
Аднак ключавая ідэя: самалёт MH17 быў збіты ракетай «Бук» тыпа 9M314M.
Тое, што гэта будзе галоўным паведамленнем галандскай справаздачы, Маскве было вядома, таму што яны атрымалі паперу на некалькі дзён раней. Адпаведна, маглі падрыхтавацца. І яны гэта зрабілі — перш за ўсё, з дапамогай прэс-канферэнцыі вытворцы ракет «Бук» «Алмаз-Антэй», якая адбылася за некалькі гадзін да галандскай прэзентацыі. Найбольш важная заява: «Калі гэта быў «Бук», тады адназначна тыпу 9M38» — мадэль, якая была выведзена з эксплуатацыі расійскіх узброеных сіл яшчэ ў 2011 годзе. Адпаведна, толькі ўкраінцы маглі выпусціць ракету. Неабвержныя доказы: няма.
Прэс-канферэнцыя была важная, перш за ўсё, па адной прычыне: блізкія да Крамля СМІ не павінны былі паведамляць пра вынікі расследавання галандцаў, а, галоўным чынам, пісаць пра заявы расійскай дзяржаўнай зброевай кампаніі. Так і адбылося. Хто ўсё ж такі згадаў справаздачу галандскай камісіі, тыя зрабілі гэта паблажлівым тонам, з абразамі, злосцю і нянавісцю.
Маскоўская газета «Известия» была асабліва бесцырымоннаю. Галоўную падзею — прэс-канферэнцыю галандцаў — яна нават не згадала, але замест гэтага вельмі падрабязна распавяла аб прэс-канферэнцыі групы «Алмаз-Антэй». Загаловак: «Алмаз-Антэй» раскрыў сакрэт крушэння малазійскі Боінга». У канцы ўсё ж можна знайсці каментар, у якім гаворка ідзе пра Нідэрланды, але адразу незразумела, што паслужыла для гэтага нагодай. У ім сказана, што галандцы — асабліва падступныя людзі, а Нідэрланды — краіна, якая «скажае рэальнасць, пакуль яна ёй не падыдзе». Былому нацыянал-бальшавіку Эдуарду Лімонаву было дазволена распаўсюджваць з гэтай нагоды ўласныя ўражанні.
Чытачы газеты «Комсомольская правда» ў будучыні, магчыма, таксама адмовяцца ад паездак у Галандыю. «Галандцы вырошчваюць добрыя кветкі, але расшыфроўваць чорныя скрыні яны не ўмеюць», цытуе газета «заслужанага пілота СССР». «Яны сфабрыкавалі доказы для таго, каб пакрыць сапраўдных вінаватых», напісаў яшчэ адзін «спецыяліст». І эксперт Маскоўскага інстытута авіяцыйнай бяспекі дадаў: «Расследаванне, якое вядуць замежнікі, ніколі не можа быць сумленным».
Набліжаная да Крамля прэса ў любым выпадку не занадта прытрымліваецца фактаў. Вось толькі тры прыклады:
Згодна з дакладам ваенна-прамысловага канцэрну «Алмаз-Антэй», ракета «Бук» нібыта была запушчана ўкраінскімі салдатамі з населенага пункта Зарошчанскае. Эдуард Басурын, старэйшы камандзір міністэрства абароны «Данецкай Народнай Рэспублікі», заявіў у чэрвені гэтага года: так, населены пункт быў пад кантролем ўкраінцаў. Але на аператыўных картах ад 17 чэрвеня 2014 года гэты пункт значыцца як «падкантрольны сепаратыстам». Прадстаўнік групы «Алмаз-Антэй» у аўторак спрабаваў пазбегнуць скандалу: «Там былі як адны, так і іншыя. Гэтую тэму мы не каментуем». Газеты не ўдакладняюць гэтую дзіўную заяву.
Тое, што Следчы камітэт РФ, самая высокая пракурорская ўстанова ў краіне, пастаянна настойваў, што Боінг быў збіты не ракетай, а ўкраінскім знішчальнікам, — што цяпер адназначна абвергла галандская справаздача — ў расійскіх газетах замоўчваецца, дзеля бяспекі. Сам камітэт маўчыць.
Да таго ж, газеты, як урадавая «Расійская газета» сцвярджае, што Нідэрланды ўпарта ігнаравалі расійскую інфармацыю па катастрофе, — што даказвае, што яны дзейнічалі па «палітычным загадзе». Гэта таксама не адпавядае фактам. Хто паглядзіць справаздачу камісіі па расследаванні, ўбачыць: улічваліся нават тэзісы зброевай кампаніі «Алмаз-Антэй». Толькі галандцы прыйшлі да іншых высноваў.
Асабліва своеасабліва пра падзеі паведамляе «Комсомольская правда». Яна піша, што справаздача з Нідэрландаў не адпавядае чаканням Захада — таму што ў ім ні расейцы, ні данецкае «народнае апалчэнне» не былі названыя вінаватымі. І адсюль загаловак: «Галандцы больш не сцвярджаюць, што стралялі «сепаратысты». У рэчаіснасці: галандская камісія ўстрымліваецца ад абвінавачванняў, таму што гэта не ў яе кампетэнцыі. Але яны вельмі ясна далі зразумець, што вінаватых варта шукаць сярод сепаратыстаў.
Гэта «Комсомольская правда» не прыняла да ведама. І таму зараз можа спакойна патрабаваць «выбачэнняў ад заходніх СМІ за іх небыліцы» — і кампенсацыйныя выплаты для пацярпелай ад санкцый Расіі.
Паводле УНІАН