Дамова пра газаправод Польшча — Літва ўжо названая «гістарычнай»

Літва, Польшча і Еўракамісія (ЕК) у чацвер падпісалі дамову аб аб сумесным фінансаванні праекта газаправода паміж Літвой і Польшчай (GIPL).



gaziki.jpg

«Вы зрабілі больш, чым проста злучылі газаправоды, вы зрабілі больш, чым проста злучылі дзве краіны. Вы паклалі канец энергетычнай ізаляцыі краін Балтыі, вы паклалі канец працяглай залежнасці краін ад адзінага пастаўшчыка, злучылі ўвесь рэгіён з астатняй Еўропай», — сказаў у чацвер на прэс-канферэнцыі ў Бруселі кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер, звяртаючыся да прэзідэнта Літвы і прэм'ера Польшчы. Кіраўнік ЕК адзначыў, што газаправод паміж Літвой і Польшчай з'яўляецца першым інфраструктурным праектам, які злучыць краіны Балтыі з рынкамі Заходняй Еўропы.

Па словах Юнкера, інвестыцыі Еўрасаюза (ЕС) у гэты праект — самыя вялікія інвестыцыі такога роду ў гісторыі ЕС. «Гэта інвестыцыі, якія ў будучыні прынясуць дывідэнды, забяспечаць свабоднае перамяшчэнне энергарэсурсаў у Еўропе. (...) Нам трэба забяспечыць бяспеку паставак энергарэсурсаў, дыверсіфікаваць рэсурсы. Мы можам гэта зрабіць разам дзеля сваіх грамадзян, сваіх спажыўцоў», — сказаў Юнкер.

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ сказала, што падпісанне дамовы — важны крок да энергетычнага саюзу ЕЗ. «Сёння зроблены канчатковы і важны крок, якога не было б без добрай волі, разумення палітыкаў і, па-за ўсякім сумневам, без фінансавай дапамогі з бюджэту ЕС. (...) Гэта вырашальны крок у справе стварэння Энергетычнага саюза ЕС, пра які ў нас ёсць дамоўленасць. Гэта таксама важны крок для канкурэнтнасці і агульнага дабрабыту ўсяго ЕС», — лічыць Грыбаўскайтэ.

Прэм'ер Эстоніі Тааві Рыйвас сказаў, што газаправод Польшчы і Літвы зблізіць ўсю Еўропу. «Мы лічым, што ніякая частка Еўропы не павінна быць ізаляваная, аддзеленая ад іншых. Крокам, які мы зрабілі сёння, мы злучылі не толькі трубаправоды, мы ствараем Еўропу, у якой мы будзем бліжэй адзін для аднаго. (...) І ўсё ж мы яшчэ не дасягнулі канчатковай мэты, яшчэ ёсць рынкі, якія павінны быць злучаныя, праекты, якія павінны быць рэалізаваныя», — сказаў эстонскі прэм'ер.

На праект коштам 555 млн еўра ЕК выдзяляе 295 млн. еўра з Фонду CEF Еўрасаюза, а яшчэ 10 млн. еўра будзе выдзелена на даследаванні. Дагавор аб сумесным фінансаванні газаправода паміж Літвой і Польшчай падпісалі кіраўнік літоўскай кампаніі Amber Grid Саўлюс Біліс, кіраўнік польскай Gaz System Ян Хадам і прадстаўнік Еўракамісіі, а ў цырымоніі прынялі ўдзел прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, прэм'еры Латвіі, Польшчы і Эстоніі Лаймдота Страўюма, Эва Копач, Тааві Рыйвас, а таксама старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер. Важны для Літвы і ўсяго ЕС праект дасць магчымасць рэалізаваць ідэю энергетычнага саюза і вырашыць праблему залежнасці балтыйскіх краін ад расійскага газу.

ru.delfi.lt