Другая смерць Дэ Голя
Цяперашнія паведамленні з Францыі міжволі нагадваюць падзеі 1996 года, калі ў Беларусі быў апублікаваны прэзідэнцкі праект зменаў у Канстытуцыю.
Як ні дзіўна, сярод беларускіх дэмакратаў сустракаліся людзі, якія віталі кардынальнае скарачэнне паўнамоцтваў парламента на карысць выканаўчай улады. Імі рухала надзея на тое, што на Карла Маркса, 38 вырашылі імпартаваць у Сінявокую мадэль Пятай Французскай Рэспублікі, якую, як вядома, прыдумаў Шарль дэ Голь.
Аднак з часам стала зразумела, што ніякай Францыяй у нас не патыхае, і такі забаўны палітычны кірунак, як «беларускія галісты», сканаў. Праз 25 гадоў, падаецца, дайшла чарга і да арыгіналу. Французскія галісты губляюць палітычную вагу і электаральную базу.
Абвал пачаўся яшчэ напрыканцы траўня, калі «Рэспубліканцы» (у 2015-м так стаў называцца «Саюз за народны рух», правапераемнік «Аб’яднання ў падтрымку Рэспублікі») атрымалі на выбарах у Еўрапарламент усяго восем з хвосцікам працэнтаў. Мінорная лічба прымусіла старшыню Ларана Вак’е папрасіць пра адстаўку. З 2 чэрвеня партыю ўзначальвае Жан Леанэці.
Але гэта быў толькі першы акт драмы. 10 чэрвеня 72 мэры, што былі абраныя па спісах «Рэспубліканцаў», кінулі партбілеты на стол і дружна накіраваліся ў лагер Макрона. Ніхто не ведае, што рабіць. Ніхто не хоча нічога рабіць. Ніводны з аўтарытэтаў, у тым ліку Нікаля Сарказі, не гарыць жаданнем выступаць у ролі крызіснага менеджара.
Што будзе далей з палітычнай структурай, якая, па сутнасці, сфармавала сучасную Францыю? Натуральна, можна прытрымлівацца версіі, што крызіс мае часовы характар, а ўсе праблемы паўсталі праз асабісты фактар. Фігура папярэдняга старшыні адразу выклікала скептыцызм у шараговага прыхільніка «Рэспубліканцаў». 33-гадовы філосаф Ларан Вак’е не вельмі пасаваў вобразу барацьбіта за сямейныя традыцыі — асноўны трэнд цяперашніх галістаў. Экс-старшыня нават публічна прызнаваўся, што не супраць абортаў. Таму на апошніх выбарах «Рэспубліканцамі» і быў сабраны такі кволы ўраджай галасоў.
Шукаюць «стрэлачніка» і сярод тых, хто працаваў над выбарчай праграмай партыі. Чамусьці яе аўтары ігнаравалі экалагічную тэматыку, якая нечакана стала топавай для французаў. Замест гэтага акцэнт быў зроблены на праблемах эканомікі і эміграцыі. Аднак у гэтых пытаннях Эмануэль Макрон і Марын Ле Пэн, вядомая сваімі ксенафобскімі поглядамі, выглядалі больш пераканаўча. У выніку выбаршчык-галіст перабег пад новыя партыйныя сцягі.
Нарэшце, можна дапусціць самую драматычную версію краху «Рэспубліканцаў»: галісты і іх ідэйны багаж банальна перасталі пасаваць нашаму часу. Сапраўды, каму ў нашым стагоддзі патрэбныя іх канцэптуальныя фішкі 50-х гадоў мінулага стагоддзя? Накшталт асацыяцыі працы, капіталу і кадраў, што на практыцы азначае рэгламентацыю міністэрствамі працы ўсёй буйной гаспадаркі, што ўключае таксама і салідны дзяржаўны сектар. Як адаптаваць падобныя запаветы Шарля дэ Голя да рэалій сучаснай глабальнай эканомікі? Тое ж тычыцца і галісцкіх прынцыпаў знешняй палітыкі, галоўны пастулат якой вымагае трымацца прынцыпу прагматычнага нацыяналізму аж да падтрымкі квебекскіх франкафонаў-сепаратыстаў.
Не дзіўна, што ўжо ў 1980-я гады частка галістаў (група Жака Шырака) пачала флірт з ліберальнымі эканамістамі і падтрымала перадачу Еўрапейскаму саюзу часткі французскага суверэнітэту. Пасля таго, як галісты ў 2002 годзе аб’ядналіся з больш ліберальным «Саюзам за французскую дэмакратыю», некаторыя палітолагі ўжо тады казалі пра палітычную смерць галістаў.
Такому падыходу апаніравалі фракцыі «Рэспубліканцаў», якія марылі пра мадэрнізацыю галісцкай спадчыны. Існаванне такой ідэйна мазаічнай кампаніі пад адным дахам не магло цягнуцца вечна. Пасля таго, як Макрон перацягнуў на свой бок ліберальна арыентаваных галістаў, уся канструкцыя пачала руйнавацца.
У любым выпадку, дзякуючы апошнім падзеям, палітычная сцэна Францыі перажыла хуткую трансфармацыю ў супрацьстаянне сацыял-лібералаў Эмануэля Макрона і правых папулістаў Марын Ле Пэн. Цяпер палітычныя каментатары разважаюць над перспектывамі такой дуэлі, дапускаючы самыя фантастычныя сцэнары. Напрыклад, перамогу прыхільнікаў Ле Пэн на хвалі пратэстнага галасавання. Іншыя лічаць, што цяперашняя расстаноўка палітсілаў часовая, і хутка палітычнае поле зноў падзеліцца на правых і левых.
Так ці інакш, з маргіналізацыяй галістаў губляе сакральнасць і іх галоўны прадукт — Пятая рэспубліка і яе Канстытуцыя. Цяпер голас аматараў моцнай прэзідэнцкай улады (і не толькі ў Францыі) будзе гучаць больш слаба. Таму ў гэтай сферы, напэўна, можна чакаць значных пераменаў.