Дзень перамогі дэмакратыі
Вось каму сапраўды 1 красавіка не да смеху, дык гэта прэзідэнту Турцыі Таіпу Эрдагану. Напярэдадні яго партыя катастрафічна прайграла апазіцыі на мясцовых выбарах.
Турэцкая апазіцыя перамагала на мясцовых выбарах і раней. Пяць гадоў таму апаненты Эрдагана ўпершыню занялі сталічную мэрыю. Але падобныя паразы ў мінулым партыя Эрдагана кампенсавала поспехамі ў іншых турэцкіх муніцыпалітэтах. А вось на гэты раз сітуацыя для прэзідэнцкай Партыі справядлівасці (АКР) выглядае проста жахліва.
Апазіцыйная кемалісцкая Народна-рэспубліканская партыя не толькі ўтрымала Анкару і Стамбул, але таксама ўпершыню за 22 гады абышла кіроўную эрдаганаўскую Партыю справядлівасці і развіцця на агульнанацыянальным узроўні. Пасля падліку 93% пратаколаў Народна-рэспубліканская партыя атрымлівае 37,4% галасоў, між тым як прэзідэнцкая АКР — толькі 35,7%.
Прычыны правалу АКР відавочныя. Эканамічныя праблемы (першым чынам, шалёная інфляцыя) пераважылі ў вачах насельніцтва ўсё астатняе. Гэта характэрна, дарэчы, нават і ўчорашнім выбаршчыкам Таіпа Эрдагана. Мяркуючы па яўцы, многія з іх не прыйшлі на ўчасткі. А тыя, хто прыйшлі на знак пратэсту, часта галасавалі за іншыя спісы.
У гэтым плане варта звярнуць увагу на Партыю дабрабыту (YRP), якая сенсацыйна па выніках выбараў стала трэцяй па велічыні партыяй. YRP пазіцыянуе сябе як нейкая альтэрнатыва кіруючым у краіне ісламістам, выступаючы пры гэтым супраць так званай «непатрыятычнай апазіцыі». Так ці інакш у асноўным гэта структура рэкрутуе выбаршчыкаў з расчараваных адэптаў АКР.
Тое, што нават клерыкалы адварочваюцца ад АКР, разглядаецца як праява стомленасці ад працяглага кіравання Эрдагана. «Магія Эрдагана як вялікага харызматычнага лідара, скончылася», — піша нямецкая прэса.
Адсюль галоўнае пытанне: ці ён захоча пасля аплявухі на апошніх выбарах пераабірацца на пасаду прэзідэнта ў 2028-м?
Уласна кажучы, увесь палітычны працэс у Турцыі з гэтага часу і будзе зацыклівацца на выбарчай кампаніі, якая пройдзе праз чатыры гады.
Ужо зараз відавочна, што задача апазіцыі падвесці да 2028 года ў добрай форме Экрэма Імамаглу — пераабранага на другі тэрмін апазіцыйнага мэра Стамбула. 31 сакавіка Імамаглу трыўмфальна пераабраўся з 51 працэнтамі галасоў падтрымкі і адразу стаў разглядацца як галоўная фігура апазіцыі. Характэрна, што Таіп Эрдаган таксама заходзіў у вялікую палітыку пасля таго, як абіраўся мэрам Стамбула.
Хаця знешняя палітыка Турцыі не была галоўнай тэмай на мясцовых выбарах, іх вынікі вельмі моцна паўплывалі на міжнародную дыскусію. У кантэксце перспектывы перамогі апазіцыі на выбарах 2028-га ўжо зараз пачаў мяняцца ўвесь расклад у Еўразіі.
Медыя пішуць, што ў выпадку прыходу да ўлады празаходняй апазіцыі Турцыя стане саюзнікам Захаду. У прыватнасці, новая турэцкая адміністрацыя можа больш актыўна ўплываць на працэсы ў Сярэдняй Азіі. Кітаю і Расіі давядзецца адцягваць рэсурсы на гэты напрамак. «Турцыя-2028 становіцца агульнай праблемай для Расіі і Кітая. Адназначнага рашэння для якой — проста няма», — канстатуе адно з расейскіх выданняў. Таксама варта чакаць актывізацыі Анкары ва Украіне, хаця што там будзе праз чатыры гады — прагназаваць цяжка.
Зрэшты, спяваць паніхіды Султану (мянушка Эрдагана) на выбарах 2028 года яшчэ не варта. Прынамсі, пасля выбараў ён паабяцаў правесці працу над памылкамі. Паводле яго слоў, вынікі выбараў 31 сакавіка сталі «не канцом, а пачаткам паваротнага этапу».
Аднак што б зараз Эрдаган не рабіў, маштаб паражэння на мясцовых выбарах ставіць крыж на яго галоўнай рэакцыйнай ініцыятыве. Размова пра новую канстытуцыю, у якой Эрдаган марыў аб'явіць іслам дзяржаўнай рэлігіяй. Новыя нормы маглі б сур'ёзна абмежаваць магчымасці апазіцыі, якая выступае за свецкі характар турэцкай дзяржавы.
У гэтым плане можна пагадзіцца з палітыкамі і журналістамі, якія называюць 31 сакавіка 2024-га днём перамогі дэмакратыі.