Экстрэмісцкая гастраномія

Пачатак зімы ў Беларусі цяжка ўявіць без застолля. А вось у Францыі ў першай палове XIX стагоддзя калектыўная пасядзелка за сталом лічылася ледзь не замахам на дзяржаўны лад.

banquet_du_chateau_rouge__9_juillet_1847_.jpeg


Палітычная метафорыка цырымоніі трапезы існавала вельмі даўно. Дастаткова згадаць, што ў часы Cтаражытнай Русі князь заўжды баляваў за адным сталом з сваёй дружынай. Лічыцца, што такім чынам ён дабіваўся лаяльнасці ад ваяроў.
Але для французаў на пачатку XIX стагоддзя банкеты нечакана ператварыліся ў эфектыўны сродак выказаць сваю пазіцыю. Праўда, такая практыка наўрад ці паўстала бы без забабонаў тагачаснага рэжыму, які, як гаворыцца, моцна закруціў гайкі.
Пасля падзення Напалеона ў 1814-м у Францыі адбылася рэстаўрацыя манархіі дынастыі Бурбонаў. Заканадаўчая ўлада належала каралю і двухпалатнаму парламенту, чальцоў вышэйшай палаты якога прызначаў манарх. Ён жа выключна валодаў правам заканадаўчай ініцыятывы.
На першы погляд, такі дзяржаўны лад выглядаў больш ліберальным за напалеонаўскую Францыю. Аднак грамадства патрабавала большага, і перш за ўсё ўсеагульных вольных выбараў.
Галасаваць на выбарах і абірацца ў дэпутаты на той час маглі толькі мужчыны ва ўзросце больш за 40 год пры ўмове, што яны плацяць дастаткова вялікі падатак. У выніку з 32 мільёнаў французаў права голасу мелі толькі 166 тысяч чалавек. Пасля рэвалюцыі 1830-га армія электарату пашырылася да 200 тысяч, што яўна не вырашала пытанне.
Прычым выказаць сваё незадавальненне сітуацыяй было практычна немагчыма. Вялікія публічныя акцыі былі наўпрост забароненыя. Для арганізацыі збораў, на якіх планаваўся ўдзел больш за 20 чалавек, быў патрэбны спецыяльны дазвол.
Менавіта ў гэты момант апазіцыянеры нечакана ўзгадалі пра такую вонкава палітычна нявінную форму збораў як банкет. Сапраўды, як можна забараніць прыватную сустрэчу сяброў за кілішкам віна? Першы падобны банкет адбыўся ў 1818-м у парыжскім рэстаране. Цяжка ўявіць, але ў ім удзельнічалі ажно 400 чалавек.
  Самае цікавае, што спачатку прысутныя нават не ўздымалі келіхі за нейкія рэформы і не казалі палітызаваныя тосты. Пазней удзельнікі прызнаваліся, што ім было дастаткова паглядзець адзін аднаму ў вочы і пераканацца, што яны не адзіныя ў сваіх палітычных поглядах.
Банкетная мода адразу пайшла ў народ, які прыдумваў самыя экстравагантныя падставы для збораў. Напрыклад, у горадзе Мэц апазіцыйныя банкеты любілі праводзіць пад выглядам святкавання гадавіны польскага паўстання 1830 года. Самы вялікі банкет меў месца ў 1832 годзе ў Ліёне, дзе сабралася больш за тысячу чалавек.  

banquets.jpeg


Улады так і не знайшлі сродкаў супраць гастранамічных маніфестацый. Адзінае, што здолелі раялісты — спрабаваць іранізаваць з буржуа, якія, маўляў, любяць падчас банкетаў разважаць пра інтарэсы простых людзей.
Між тым заўсёднікі банкетаў асмялелі. На імпрэзах пачалі гучаць тосты за працоўны народ, за выбарчую рэформу, за свабоду слова і г. д. Рэпартажы з падобных пасядзелак сталі асобным жанрам у апазіцыйнай прэсе. Пачынаючы з 1830-га банкетная кампанія была асноўным інструментам ліберальнай апазіцыі для праяўлення сваёй прысутнасці ў грамадстве.
Наведвальнікамі трапез сталі і сябры дэпутацкага корпусу. Прычым не толькі з фракцыі апазіцыі. Ліберальная буржуазія за свой кошт запрашала на банкеты незаможных людзей, што надавала мерапрыемствам адзнакі інстытута народнага суверэнітэту. Таму не ігнаравалі банкеты і памераныя сябры праўладнай партыі, вымушаныя цікавіцца грамадскай думкай. Падхапілі ідэю і першыя рабочыя асацыяцыі. Праўда, іх банкеты, якія праходзілі ў невялікіх карчмах, былі ў плане меню вельмі сціплыя.
Так ці інакш, агітацыя за кошт банкетаў стварыла феномен мабілізацыі грамадскай думкі. Як папярэджваў адзін з тагачасных публіцыстаў, «забараніць банкет будзе значыць развязаць рэвалюцыю».
Але менавіта так і здарылася. У 1847-м ліберальная апазіцыя анансавала новую банкетную кампанію ў падтрымку права на ўсеагульнае галасаванне. Яе кульмінацыяй меўся стаць банкет 22 лютага 1848-га ў Парыжу, які ладзілі дэпутаты-апазіцыянеры.
Цяжка сказаць, што прымусіла прэфекта Парыжа забараніць сустрэчу, на якой планавалася прыняць нейкую дзяжурную рэзалюцыю. Забарона зрабіла імпрэзе фантастычную рэкламу. Такую моцную, што раніцай 22 лютага каля будынка на Елісейскіх палях, дзе планаваўся банкет, сабралася прыкладна 50 тысяч чалавек.
Адтуль людзі спачатку накіраваліся ў бок Бурбонскага палаца, а пасля пачалі будаваць барыкады. Перапужаны кароль звольніў непапулярнага прэм'ера, што выклікала раскол у казармах і дало паўстанню новы імпульс. Яшчэ праз пару дзён рэвалюцыя перамагла.  
Вось якой фатальнай для рэжыму можа быць, падавалася, звычайная вечарына! Што тычыцца банкетных кампаній у Францыі, то, напэўна, сваіх мэтаў яны канчаткова дасягнулі толькі ў 1881-м. Тады ў Францыі быў прыняты закон, які надаваў права французам праводзіць публічныя акцыі без санкцыі ўладаў. Ад іх арганізатараў патрабавалі выканання толькі дзвюх умоваў: папярэдзіць пра акцыю загадзя і не выходзіць падчас яе правядзення на праезную частку.
Гэты закон дзейнічае дагэтуль.