Сетка Facebook вырашыла забараніць «белы нацыяналізм». Што яшчэ забаронена?

Сацыяльная сетка Facebook абвясціла пра ўвядзенне забароны на публікацыі, якія маюць дачыненне да «белага нацыяналізму» і сепаратызму. Улады Новай Зеландыі падтрымалі гэтую меру.

fb_1.jpg

Як адзначаецца ў заяве кампаніі, пасты з усхваленнем перавагі белай расы баняцца ў сацсетцы ўжо даўно, аднак у гэты тэрмін раней не было ўключана паняцце «белага нацыяналізму».
Пасля трох месяцаў кансультацый з экспертамі кіраўніцтва сацсеткі вырашыла, што гэтыя паняцці неаддзельныя адно ад аднаго.
«У далейшым мы не пацерпім праяў падтрымкі або станоўчай ацэнкі белага нацыяналізму і сепаратызму. Пры гэтым людзі змогуць і далей дэманстраваць гонар за сваю этнічную спадчыну», — растлумачылі ў сацсетцы.
Такія меры кампанія ўводзіць пасля трагедыі ў Новай Зеландыі, дзе 15 сакавіка ўзброены мужчына ўчыніў страляніну ў двух мячэцях, у выніку якой загінулі 50 чалавек.
Пазней паліцыя арыштавала 28-гадовага грамадзяніна Аўстраліі, які незадоўга да нападу апублікаваў 37-старонкавы маніфест «Вялікая замена», дзе развіваў ідэю «белага генацыду».
Нападнік вёў прамую інтэрнэт-трансляцыю нападу ў «Фэйсбуку». Відэазапіс быў заблакаваны, але паспеў набраць больш за 4 тысячы праглядаў. У сацсетцы паведамілі, што за 24 гадзіны было заблакавана больш за 1,2 млн копій відэазапісу.
Улады Новай Зеландыі ўхвалілі новую забарону з боку Facebook.
«Гэтыя катэгорыі (белы нацыяналізм і сепаратызм), мабыць, заўсёды павінны быць улічаныя ў правілах супольнасці, якія тычацца распальвання нянавісці. Тым не менш гэта станоўчы момант, што (сацсетка) зрабіла ўдакладненне пасля нападу ў Крайстчерч», — сказала прэм’ер-міністр краіны Джасінда Ардэрн.

Што яшчэ забараняў Facebook?

  • У студзені сацсетка забараніла замежнікам размяшчаць палітычную рэкламу ў краінах, дзе у 2019 годзе павінны прайсці выбары. Новыя меры закранулі, у прыватнасці, Украіну, Індыю, Нігерыю і ЕС. Як растлумачылі ў кампаніі, гэта было зроблена з мэтай «прадухіліць замежны ўплыў на выбаршчыкаў».
  • У снежні мінулага года ў сацсетцы былі забароненыя выявы сэксуальнага характару, сэксуальна-правакацыйны слэнг і ўсе магчымыя заклікі да занятку сэксам, а таксама пошук партнёраў для сэксу. Кіраўніцтва Facebook звязвала гэтыя правілы з узмацненнем жорсткасці барацьбы з сэксуальным гвалтам, сэкс-гандлем і дамаганнямі.
  • У студзені 2018 года Facebook забараніў усю рэкламу крыптавалют, першасных месцаванняў токенаў (ICO) або бінарных апцыёнаў. Гэтую меру ў сацсетцы матывавалі тым, што такія фінансавыя прадукты і паслугі «часта звязваюцца з уводзячымі ў зман або падманнымі метадамі прасоўвання».

Паводле BBC