Фіён vs Ле Пэн

Кандыдатам ад правацэнтрыстаў на прэзідэнцкіх выбарах 2017 года ў Францыі нечакана стаў Франсуа Фіён — былы прэм’ер, чалец некалькіх урадаў, палымяны аматар Маргарэт Тэтчар.

47cfd2f5eca6eed5064cb8c7f4df74ef__1440x.jpg


Чаму правы французскі выбаршчык здрадзіў фаварытам — Алену Жупэ і Нікаля Сарказі — дапамагае разабрацца французскі журналіст Аляксандр Чукаеў.

— Франсуа Фіён ужо быў прэм’ерам і, больш за тое, неаднаразова казаў, што мае прэзідэнцкія амбіцыі. Аднак па класічнай схеме, калі кандыдатаў у прэзідэнты прызначаюць партыйныя сходы, шанцаў стаць лідарам правых у яго не было. Прозвішча кандыдата вызначалася, па сутнасці, кулуарна, у перамовах паміж партбонзамі, да якіх Фіён не належыць. На дапамогу яму прыйшоў Сарказі, які любіць усё амерыканскае. Ён навязаў партыі ідэю праймерыз адзінага кандыдата, будучы ўпэўненым, што перамога ў яго ў кішэні. Аднак у выніку Сарказі нават у фінал не прайшоў, прапусціўшы Жупэ і Фіёна. Аказалася, што нізавы правы электарат мае сваю думку. Увогуле, праймерыз выклікаў каласальны інтарэс. Па статыстыцы, яго ўдзельнікамі стала 67 працэнтаў тых французаў, хто галасуе за правых.

— Чаму ў супрацьстаянні Жупэ—Фіён перамог апошні?

— Як толькі ўзнікла кандыдатура Жупэ, прэса адразу ўзгадала яго мінулыя праколы. Гэта і махінацыі ў камандзе Шырака, калі яны з босам працаўладкоўвалі ў адміністрацыю «мёртвыя душы», а іх заробкі кралі і хавалі за мяжой. Гэта і яго кепскае стаўленне да прэсы, калі ён персанальна пагражаў пазбавіць рэпарцёраў «журналісцкай карткі» — дакумента, без якога нельга працаваць у СМІ. Узгадалі і тое, што ў свой час Жупэ меў кантакты з групоўкай «Мусульманскія браты». Жупэ чамусьці вельмі слаба абараняўся, і ў выніку на ягоным фоне Фіён выглядаў больш сімпатычна і адэкватна.

— Няўжо ў Фіёна няма шкілетаў у шафе? Вядома, што французская журналістыка сочыць ці не за кожным крокам палітыкаў…

— Фіён за ўсю сваю кар’еру практычна не быў фігурантам скандалаў — сталых спадарожнікаў французскага палітычнага жыцця. Гэта нават трошкі дзіўна, бо ён быў у складзе ўрадаў, а міністры ў нас вельмі часта выконваюць ролю стрэлачніка пры прэзідэнце, бяруць на сябе адказнасць за ўсё правалы гаранта. Дзіўным чынам Фіён умудрыўся захаваць дастаткова добрыя рэйтынгі па выніках сваёй працы міністрам. У прынцыпе, ён мае вобраз тэхнакрата, які проста старанна робіць сваю працу.

— Сам Фіён любіць параўноўваюць сябе з Маргарэт Тэтчар — сімвалам неаліберальных рэформаў. Карыкатурысты ўжо пачалі маляваць Фіёна з валасамі а-ля Маргарэт. Французы могуць масава падтрымліваць неаліберальнага палітыка ў час крызісу?

— У выпадку Фіёна гаворка ідзе пра іншыя аспекты спадчыны Жалезнай лэдзі. Фіён прыводзіць у прыклад Тэтчар як палітыка, які сапраўды займаўся эканомікай — у адрозненне ад палітыкаў, якія любяць вечарыны і папулісцкую фразеалогію. Гэта яўны намёк на Сарказі — аматара жыцця. Тэтчар для яго — палітык, які мае сур’ёзны падыход да справы. Цяжка сябе ўявіць, каб Фіён, як Сарказі, пафасна абяцаў, што «пасля перамогі брандспойтам вымые ўсю злачыннасць». Ён будзе хутчэй казаць нешта канкрэтнае. На самай справе, праграму Фіёна цяжка назваць неаліберальнай. Яе галоўныя пастулаты — рост заробку для працоўных і скарачэнне каля 600 тысяч чыноўнікаў.

— Хто будзе апаніраваць Фіёну злева?

— У сацыялістаў у напрыканцы снежня адбудзецца свой праймерыз. Найбольш шанцаў у прэзідэнта Франсуа Аланда і прэм’ера Мануэля Вальса. Аднак іх падтрымка па-за межамі партыі, сярод выбаршчыкаў, проста смешная — не больш за 12 працэнтаў. Асабліва ўсё кепска ў Аланда, якому пасля таго, як трапіў пад дождж на дзень узяцця Бастыліі, у народзе далі мянушку «Чалавек дажджу». Зразумела, што ў гэтым выпадку левым пра выхад у другі тур можна і не марыць. Іншых фігур, якія маюць нейкую пазнавальнасць на нацыянальным узроўні, сярод сацыялістаў няма. Магчыма, ролю левага кандыдата паспрабуе ўзяць на сябе незалежны кандыдат Эмануэль Макрон. На ўльтралевым флангу ёсць Жан-Люк Меланшон, якога падтрымліваюць камуністы. Меланшон здольны цікава прамаўляць, аднак яму бракуе адміністратыўнай практыкі.

— Атрымліваецца, што галоўным праціўнікам Фіёна можа стаць Марын Ле Пэн? Якія ў яе шанцы?

— Пасля сюрпрызу ад Трампа ўсе апытанні сведчаць, што яна — другая па папулярнасці, аднак вялікае пытанне: ці хопіць гэтага, каб перамагчы Фіёна, якога, відавочна, падтрымае не толькі правы, аднак і левы электарат? Зараз Марын Ле Пэн працягвае шукаць новы імідж партыі, якая дасюль лічыцца партыяй агрэсіўнага дробнага буржуа. Адсюль і новая сімволіка Нацыянальнага фронту — сіняя ружа, якая нагадвае чырвоную ружу сацыялістаў, абаронцаў інтарэсаў працоўных. Аднак нават выхад у другі тур будзе вялікім поспехам для Нацыянальнага фронту.

А вось для грамадства камбінацыя «добры» Фіён супраць «кепскай» Ле Пэн не аптымальная. Гэта азначае, што не будзе канкурэнцыі платформаў, сур’ёзных дэбатаў пра стан краіны і яе перспектывы.