Феномен пад назвай PEGIDA
Што прымушае немцаў выходзіць на вуліцы, і як PEGIDA ўплывае на палітычны працэс у Германіі? На пытанні журналіста НЧ Алега Новікава адказвае актывіст берлінскай антыфашысцкай ініцыятывы Петра Вайтэрмаер.
— Адкуль узялася PEGIDA?
— На першы погляд, на гэта пытанне адказаць настолькі проста, што ўзнікае нейкае падазрэнне, што тут нешта не так. Апошнім часам у ФРГ вырас прыток імігрантаў. Колькасць насельніцтва краіны ўпершыню ў гісторыі нават перавысіла 90 мільёнаў. Сярод прадстаўнікоў апошняй хвалі імігрантаў таксама ўцекачы-мусульмане з Сірыі, што выклікае рост ісламафобіі сярод некаторай часткі бюргераў. Перш за ўсё гэта характэрна для рэгіёнаў, дзе слаба развіты традыцыі мультыкультурнасці. На Усходзе Германіі, куды з-за беднасці мігранты асабліва ехаць не жадаюць, прысутнасць іншага разглядаецца як анамалія. Адсюль і папулярнасць ксенафобскіх настрояў, якія канвертаваліся ў масавыя акцыі дзякуючы правым радыкалам, якія пад дахам PEGIDA мабілізавалі народ.
— А што ў гэтай версіі падаецца падазроным?
— Справа ў тым, што нямецкая сістэма СМІ ў ФРГ адбудаваная такім чынам, што можа інфармацыйна ізаляваць любую нізавую палітычную ініцыятыву. Вас проста ніхто не пачуе, акрамя суседзяў. Аднак у выпадку з PEGIDA мы назіраем іншае. Маргінальная арганізацыя здолела прарваць медыя-блакаду, зрабіць сабе рэкламу, што хутка дазволіла рэкрутаваць новых прыхільнікаў. Сам актыў PEGIDA сцвярджае, што свайму ўздыму абавязаны сацыяльным сеткам, аднак у гэта слаба верыцца. Хапае канспіралагічных версій, што нехта наўмысна пачаў асвятляць выхадкі маргіналаў. Напрыклад, папулярна версія пра тое, што вялікі бізнес за кошт істэрыкі вакол PEGIDA спрабуе адцягнуць увагу ад антысацыяльнага праекту дамовы пра зону вольнага гандлю Еўрасаюзу з ЗША.
— Хто ўзначальвае рух PEGIDA?
— Менавіта зараз гэта пытанне вельмі актуальнае. На днях у сеціве з’явілася выява Луца Бахмана — заснавальніка PEGIDA, на якой ён капіруе прычоску Гітлера. Гэта выклікала скандал. Пад ціскам крытыкі лідар PEGIDA адмовіўся ад усіх пасадаў. Фармальна, цяпер аб’яднанне ўзначальвае яго намеснік Катрын Эртэль. 35-гадовая Катрын працуе бізнес-дарадчыкам і разглядаецца ў прэсе ў якасці галоўнага кандыдата на вольную вакансію. 41-гадовы Бахман — вельмі супярэчлівая фігура. Ён меў шмат праблем з паліцыяй, і нават сядзеў за кантрабанду наркотыкаў перад тым, як стаў «еўрапейскім патрыётам». Таксама цалкам не зразумелыя арыенціры Бахмана. То ён кажа, што заўсёды галасаваў за хрысціянскіх дэмакратаў, то агучвае праграму неанацыстаў, патрабуючы рэабілітацыі Трэцяга Рэйху. Аднак, падаецца, што фігура лідара не такая важная для шараговых удзельнікаў дэманстрацый PEGIDA. Нягледзячы на фармальную адсутнасць лідара, 26 студзеня ў Дрэздэне прайшла чарговая масавая акцыя PEGIDA. Думаю, што PEGIDA — гэта хутчэй папулярная пратэстная рэакцыя, чым арганізаваная структура. Чым больш у медыя асуджаюць ксенафобаў, тым больш акцыі PEGIDA.
— Як PEGIDA ставіцца да падзей ва Украіне?
— Вельмі асцярожна. Яе спікеры кажуць, што «хлуслівая прэса» хоча выявіць сяброў ініцыятывы як сяброў непапулярнага ў краіне Пуціна, хаця яны, быццам, далёкія ад геапалітычнай тэматыкі. Быццам, прыхільнікі PEGIDA заклапочаныя выключна навалай імігрантаў.
— Які сацыялагічны партрэт удзельніка маніфестацый PEGIDA?
— На цяперашні момант сацыялагічныя даследаванні праводзіліся выключна ў Дрэздэне, дзе дэманстрацыі найбольш масавыя. Яны сведчаць, што касцяк удзельнікаў акцый — гэта гарадскі мужчынскі электарат правых партый (98 працэнта прагаласавалі б за такія партыі, калі б заўтра былі выбары).
— Як ставяцца прадстаўнікі палітычнага істэблішменту і грамадзянскай супольнасці да феномена PEGIDA? Наколькі вядома, апошнім часам паралельна з акцыямі PEGIDA праходзяць контрманіфестацыі грамадскасці.
— Грамадзянская супольнасць была шакаваная з’явай PEGIDA. Сама думка наконт таго, што Германія з-за рэпартажаў з Дрэздэна можа за мяжой асацыявацца з PEGIDA, выклікае шок сярод большасці немцаў. Таксама ніхто не верыў, што акцыі правых радыкалаў здольныя збіраць натоўпы ў 20 тысяч чалавек. Нарэшце, гэта замах на спадчыну дэмакратычнага руху ў ГДР: на маніфестацыях PEGIDA гучаць лозунгі дэманстрацый 1989 года, напрыклад, «Мы — народ». Адсюль ідэя контрдэманстрацый. Што тычыцца партструктур, то выключна еўрафобская «Альтэрнатыва за Германію», якая, дарэчы, мае фракцыю ў саксонскім парламенце, фліртуе з PEGIDA. Да гэтага раўніва ставяцца сябры праварадыкальнай партыі нацыянал-дэмакратаў, якія лічаць PEGIDA сваёй крэатурай. Варта таксама сказаць, што некалькі разоў на зборах PEGIDA агучвалася ідэя стварэння асобнай партыі. Акрамя таго, рух не адзіны. Напрыклад, у Лейпцыгу паўстала група LEGIDA, якая адмаўляецца падпарадкавацца Бахману.
— Наўрад ці штотыднёвыя дэманстрацыі могуць працягваецца доўга. Што чакае рух PEGIDA?
— Мы маем парадокс. Пакуль у медыя працягваецца вербальная эскалацыя супраць PEGIDA, ёй робіцца рэклама, і, як следства, яе акцыі збіраюць шмат людзей. Можна было хоць заўтра прыпыніць шуміху ў прэсе, і, думаю, усё паступова супакоілася б. Аднак гэта не выхад. Трэба давесці, што грамадства ніколі не пагодзіцца на любы кампраміс з правымі радыкаламі. Пошук дыялогу з імі можа нармалізаваць у грамадскай свядомасці ксенафобію і ісламафобію, што ўздыме ў грамадстве ўзровень агрэсіўнага стаўлення адносна мігрантаў. Таму трэба дабівацца таго, каб акцыі PEGIDA самі страцілі падтрымку. Тым больш, што поспехі тут ужо ёсць. Пасля мабілізацыі грамадскасці супраць «еўрапейскіх патрыётаў» іх акцыі абмежаваліся Дрэздэнам і Лейпцыгам. Некаторыя нават кажуць, што ў руху PEGIDA мы маем нейкую праяву саксонскай палітычнай культуры. Яшчэ ў часы ГДР тут быў вельмі моцны антысталічны комплекс, і тубыльцы ахвотна падтрымлівалі ўсё, што не падабаецца Берліну.