Францыя заявіла аб спыненні продажу зброі ў Турэччыну
Францыя заявіла, што спыніла продаж зброі ў Турэччыну з прычыны яе ваеннай аперацыі на поўначы Сірыі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве міністэрства замежных спраў і міністэрства абароны Францыі, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на Reuters.
«У чаканні заканчэння гэтага наступу Францыя вырашыла прыпыніць усе планы па экспарце ў Турэччыну зброі, якая можа выкарыстоўвацца ў наступе», — гаворыцца ў заяве.
Рашэнне набывае моц адразу пасля апублікавання. Акрамя гэтага, у заяве сказана, што міністры замежных спраў Еўрасаюзу будуць ўзгадняць сваю пазіцыю па гэтым пытанні 14 кастрычніка на сустрэчы ў Люксембургу.
Напярэдадні ўрад Нямеччыны паведаміў, што прыпыняе пастаўкі ўзбраення Турэччыне на фоне ваеннай аперацыі Анкары на поўначы Сірыі.
9 кастрычніка Турэччына пачала ваенную апэрацыю «Крыніца міру» ў паўночнай Сірыі. Паводле турэцкіх уладаў, яе мэтай з'яўляецца барацьба з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава» і з узброенымі фармаваннямі курдаў у рэгіёне. Гэта трэцяе падобнае ўварванне Турэччыны з 2016 году.
Турэччына мае дзве асноўныя мэты на паўночным усходзе Сірыі:
- выгнаць курдзкія фармаванні, якія яны лічаць часткай забароненай Анкарой Курдзкай рабочай партыі;- стварыць у паўночных рэгіёнах Сірыі ўздоўж сваёй мяжы так званую зону бяспекі, вычышчаную ад сіл самаабароны сірыйскіх курдаў і баявікоў тэрарыстычных груповак, і рассяліць там да двух мільёнаў сірыйскіх уцекачоў, якія цяпер знаходзяцца ў Турэччыне.
Курды — найбуйнейшая этнічная меншасць у Сірыі, іх прыблізна 9% ад насельніцтва краіны. Пасля пачатку грамадзянскай вайны ў Сірыі курды здолелі стварыць самакіраванне на тэрыторыях, дзе яны кампактна пражываюць. У 2016 годзе курды, якія кантралявалі паўночную частку Сірыі, абвясцілі аб стварэнні федэратыўнага рэгіёну «Роджава — Паўночная Сірыя». Але яны настойваюць на тым, што мэтай з'яўляецца аўтаномія, а не незалежнасць.
Атрады курдаў у Сірыі — гэта саюзнікі ЗША ў аперацыі супраць «Ісламскай дзяржавы». ЗША некалькі гадоў дапамагалі іхным падраздзяленням тэхнікай і інструктарамі. У ноч на 7 кастрычніка Белы дом афіцыйна абвясціў, што ЗША выведуць свае войскі з рэгіёнаў на поўначы Сірыі, у асноўным населеных курдамі. Калі ЗША выведуць усе свае войскі з паўночна-ўсходняй Сірыі, урад Дамаску пры падтрымцы Расіі можа паспрабаваць вярнуць кантроль над большай часткай рэгіёну, не захопленага Турэччынай.
Поўны сыход войскаў ЗША створыць для гэтага раёну рызыку далейшага наступу Турэччыны, адраджэння «Ісламскай дзяржавы» або паспяховага наступу ўрадавых сіл Сірыі, якія падтрымлівае Іран і Расія.