Германіяй зноў будзе кіраваць «вялікая кааліцыя» на чале з Меркель
Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель атрымала магчымасць сфармаваць свой чацвёрты ўрад, пасля таго, як сацыял-дэмакраты, што сыйшлі ў апазіцыю, прагаласавалі за яшчэ адну «вялікую кааліцыю» з партыяй Меркель.
Галасаванне 464 тысяч шараговых сябраў Сацыял-дэмакратычнай партыі (СДП) дазволіла выйсці з пяцімесяцовага палітычнага тупіка, у якім Германія апынулася пасля выбараў у верасні.
Сярод сацыял-дэмакратаў ішлі спрэчкі: кіраўніцтва партыі падтрымлівала стварэнне кааліцыі, а радыкальнае моладзевае крыло выступала супраць.
Меркель, якая знаходзіцца ва ўладзе ўжо 12 гадоў, павіншавала сацыял-дэмакратаў.
Як гаворыцца ў «Твітэры» Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС), Меркель заявіла, што з нецярпеннем чакае сумеснай працы на карысць краіны,
66% сябраў Сацыял-дэмакратычнай партыі выступілі за аднаўленне кааліцыі. Падлік галасоў працягваўся ўсю ноч у штаб-кватэры партыі ў Берліне.
Выконваючы абавязкі кіраўніка СДП Олаф Шольц абвясціў: «Зараз у нас з’явілася яснасць. Сацыял-дэмакратычная партыя ўвойдзе ў склад наступнага ўрада».
Высокапастаўлены член ХДС Фолькер Буф'е, каментуючы вынікі галасавання, сказаў, што гэта добры дзень для жыхароў краіны і пазітыўны вынік для будучага Германіі.
Канцлеру Меркель яшчэ прыйдзецца сутыкнуцца з цэлым шэрагам праблем, сярод якіх супрацьдзеянне нацыяналістычнай партыі «Альтэрнатыва для Германіі».
Антыімігранцкая партыя ўпершыню змагла прайсці ў бундэстаг у верасні, атрымаўшы 12% галасоў, а цяпер складае самую буйную апазыцыйную групу.
Сацыял-дэмакраты на гэтых выбарах атрымалі горшы вынік у гісторыі, і многія мяркуюць, што прычынай таму стала якраз супрацоўніцтва з партыяй Меркель.
Узначаленыя Меркель хрысціянскія дэмакраты страцілі 65 месцаў у парламенце падчас выбараў. З тых часоў яна прадпрымала няўдалыя спробы сфармаваць альянс з ліберальнымі Свабоднымі дэмакратамі і Партыяй зялёных.
Ёй прыйшлося пайсці на ахвяры, каб цяперашняя кааліцыя працягнула працу — новы міністр фінансаў будзе сацыял-дэмакратам.
Сканчэнне перыяду нявызначанасці выкліча палёгку ў Еўрапейскім саюзе, на які Германія з яе найбуйнейшай у ЕС эканомікай, аказвае значны ўплыў.
Паводле BBC