Прэзідэнт Германіі прапанаваў Меркель на пасаду канцлера
Новым міністрам унутраных спраў Германіі стане баварскі прэм'ер Хорст Зеехофер. Усяго ХДС і СДПГ дастануцца па шэсць міністэрскіх партфеляў, ХСС атрымае тры.

Ангела Меркель
Прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер у панядзелак, 5 сакавіка, прапанаваў Ангелу Меркель на пасаду федэральнага канцлера. Выбары кіраўніка ўрада Германіі пройдуць у Бундэстагу ўжо 14 сакавіка.
Зеехофер стане кіраўніком МУС Германіі
Адначасова стала вядома, што Хорст Зеехофер 13 сакавіка сыдзе з пасады прэм'ер-міністра Баварыі, паведамляюць удзельнікі пасяджэння праўлення партыі Хрысціянска-сацыяльны саюз (ХСС) у Мюнхене. Чакаецца, што яго зменіць Маркус Зёдэр, які цяпер займае пасаду міністра фінансаў у зямельным урадзе. ХСС — баварская партыя-партнёр Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) Ангелы Меркель.

Хорст Зеехофер
Сам Зеехофер, верагодна, стане міністрам унутраных спраў Германіі. Міністэрскія партфелі таксама атрымаюць яшчэ двое чальцоў ХСС: Андрэас Шоер стане міністрам транспарту, а Даратэя Бэр — дзяржміністрам лічбавых тэхналогій у ведамстве федэральнага канцлера, акрамя таго на сваёй пасадзе міністра па пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця застанецца Герд Мюлер з ХСС, паведамляе dpa.
Згодна з дамоўленасцямі аб урадзе "вялікай кааліцыі", Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (СДПГ) і ХДС атрымаюць па шэсць міністэрскіх партфеляў.

Ад ХДС пасаду міністра аховы здароўя зойме Енс Шпан, міністрам адукацыі і навуковых даследаванняў стане Аня Карлічэк, паплечнік Меркель Хельзе Браўн стане кіраўніком ведамства федэральнага канцлера, а Юлія Клёкнер узначаліць аграрнае ведамства. Міністр абароны Урсула фон дэр Ляен захавае сваю пасаду, а цяперашні кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Петэр Альтмаер стане міністрам эканомікі.
СДПГ атрымлівае шэраг ключавых міністэрстваў, такіх, як МЗС, міністэрства працы і сацыяльнага забеспячэння і міністэрства фінансаў.
Паводле www.dw.com