Храмасомы і нацыяналізм

Іспанскія вучоныя спрабуюць аспрэчыць тэорыю нацыяналістаў з Краіны Баскаў пра існаванне асобнай баскскай расы.

Нагадаю, баскі — народ, які насяляе землі на поўначы Іспаніі і на паўднёвым захадзе Францыі. Іх — каля 3 мільёнаў. Баскская мова — адзіная ў Еўропе, якая не належыць да сям’і індаеўрапейскіх моў.



9bb6dee73b8b0ca97466ccb24fff3139.jpg

Іспанскія вучоныя спрабуюць аспрэчыць тэорыю нацыяналістаў з Краіны Баскаў пра існаванне асобнай баскскай расы.
Нагадаю, баскі — народ, які насяляе землі на поўначы Іспаніі і на паўднёвым захадзе Францыі. Іх — каля 3 мільёнаў. Баскская мова — адзіная ў Еўропе, якая не належыць да сям’і індаеўрапейскіх моў.
Існуе цэлы спектр версій пра паходжанне гэтага народа. Ёсць вельмі смелыя і арыгінальныя: баскі прыйшлі з Грузіі або былі вікінгамі. Ёсць больш празаічныя: старадаўнія баскі былі кельтамі, берберамі (жыхары Паўночнай Афрыкі), людзьмі часоў палеаліту, якія хаваліся ў пячэрах Іберыі ад пахаладання.
Самі мясцовыя нацыяналісты лічаць, што баскская мова і народ узніклі без нейкіх асаблівых вонкавых уплываў. Нацыя і мова існавалі тут спакон вякоў. Потым, прыкладна 10 тысяч гадоў да нашай эры, сюды прыйшлі прашчуры цяперашніх іспанцаў. Апошняе дае баскам гістарычнае права называць сябе абарыгенамі, а іспанцаў — акупантамі.
Акрамя таго, піянеры баскскага нацыяналізму цвердзяць, што іх народ выконвае нейкую асаблівую метафізічную місію. Вялікая роля ў баскскім грамадстве належыць касцёлу. А той факт, што менавіта на землях баскаў у сярэднявечныя часы быў спынены паход мусульман на Еўропу, дае ім падставу казаць, што баскі — абраны Богам народ. Адсюль вынікае тэзіс пра неабходнасць захавання мовы, культуры і, нарэшце, генафонду нацыі.
Сапраўдная рэвалюцыя ў тэорыі баскскай расы адбылася ў 1949 годзе, калі Артур Муран, брытанскі генетык, давёў, што баскі на генетычным узроўні адрозніваюцца ад еўрапейскіх народаў. У баскаў адмоўны рэзус-фактар крыві сустракаецца значна часцей, чым у іспанцаў. Іншыя пазнейшыя даследаванні пацвердзілі высновы Мурана.
Генетычная адрознасць баскаў ад іспанцаў стала дадатковым аргументам для баскаў, каб патрабаваць палітычнай незалежнасці ад Мадрыду. Некаторыя нацыяналісты патрабавалі прыняцця кодэксу нацыяналіста, які забараняў баскам дзеля чысціні і захавання расы браць шлюбы з прадстаўнікамі іншых народаў.
Так ці інакш, сучасная навука спрабуе давесці, што Муран памыляўся. На днях Human Genetics, саліднае медычнае выданне, паведаміла пра вынікі даследавання аднаго з дэпартаментаў барселонскага універсітэта. Іх выснова: «баскі не могуць лічыць сябе асобнай нацыяй Еўропы». «Тэорыі наконт існавання баскскай расы павінны быць перагледжаныя», — заявіў кіраўнік групы вучоных. Дарэчы, гэты кіраўнік пачынаў свае навуковыя пошукі, калі быў баскскім нацыяналістам, менавіта з мэтай давесці генетычную арыгінальнасць баскаў.
Галоўная памылка Мурана, на думку вучоных з Барселоны, заключаецца ў вузкасці ягонага падыходу. Акрамя аналізу рэзус-фактара крыві існуе шмат іншых характарыстык геннай сістэмы асобы і калектыву. Сучасная навука, калі верыць Human Genetics, ведае некалькі тысяч генных характарыстык чалавека, каб казаць пра сапраўдную адметнасць баскаў ад суседзяў, аднаго рэзусу мала.
Дзеля праверкі версіі Мурана вучоныя адабралі 144 чалавекі з розных рэгіёнаў Іспаніі, Паўночнай Афрыкі, Францыі і, натуральна, Краіны Баскаў. Іспанскую дзяржаву падзялілі на дзесяць зонаў. У кожнай зоне знайшлі 30 чалавек, у якіх дзядулі і бабулі былі з гэтых месцаў. Ва ўсіх узялі аналізы геннай структуры, ахарактарызавалі іх па 300 параметрах і пасля параўналі іх паміж сабой.

bask2.jpg

Вынікі каменя на камні не пакінулі ад баскскай расавай тэорыі. Гены жыхароў іспанскіх правінцый і баскаў амаль аднолькавыя. Больш таго, самымі не іспанскімі жыхарамі Іспаніі, калі меркаваць па выніках эксперыменту, аказаліся не баскі, а жыхары правінцый Валенсія і Экстрэмадура. Баскі ў гэтым спаборніцтве на генную арыгінальнасць толькі трэція. І самае цікавае: генетычна баскі Францыі і Іспаніі не вельмі падобныя адзін на аднаго.
Такія вынікі прымушаюць перагледзець тэорыі паходжання баскаў. На думку ўсё тых жа вучоных, баскі і іспанцы жылі разам недзе на Блізкім Усходзе прыкладна 25 тысяч гадоў таму, адкуль разам і прышлі на Пірынейскі паўвостраў.
Новая версія гучыць дастаткова смела. Вучоныя хаця і крытычна ставіліся да ідэі ізаляцыі баскаў, усё ж аддалі перавагу тэорыі аб засяленні баскамі тэрыторыі Іспаніі раней за індаеўрапейскія народы. Старажытныя баскі здзейснілі вандраванне па Атлантычным узбярэжжы ў перыяды верхняга палеаліту і мезаліту. У дагістарычныя часы народы, роднасныя баскам, былі шырока распаўсюджаны ў Заходняй Еўропе, засялялі тэрыторыі Іспаніі, Францыі і паўднёвай Бельгіі. Пазней, у працэсе кантактаў з рымлянамі, германцамі ўзніклі новыя народы. А вось у цяжка даступных горных раёнах Іспаніі працэс асіміляцыі быў не такім дынамічным. Менавіта таму тубыльцы здолелі захаваць старадаўнюю культуру і мову. Дарэчы, падобныя працэсы характэрныя для іншых горных народаў, напрыклад гуцулаў.
Хаця, з іншага боку, вучоныя з Барселоны самі прызнаюць, што іх даследаванняў занадта мала, каб сцвярджаць, што баскі і іспанцы блізкія родзічы. Для гэтага, кажа кіраўнік групы, трэба правесці аналізы генаў не ў сотні, а ў тысячы чалавек.
Застаецца дадаць, што крах баскскай расавай тэорыі палітычна хутчэй выгадны сучаснаму баскскаму нацыяналізму. Праціўнікі баскскіх сепаратыстаў ахвотна праводзілі паралелі паміж расізмам нацыстаў і расізмам баскаў. Неаднаразова расавыя забабоны баскскіх незалежнікаў і згадкі пра тэорыю Мурана былі падставамі для шумных антыбаскскіх кампаній у іспанскай прэсе.
Можна прагназаваць, што калапс баскскай расавай тэорыі азначае перамогу той фракцыі баскскага нацыянальнага руху, якая надае перавагу моўнаму, а не кроўнаму фактару. Для прыхільнікаў апошняй канцэпцыі баскам лічыцца не той, у жылах якога цячэ баскская кроў з адмоўным рэзус-фактарам, а той, хто размаўляе на баскскай мове.