Грузія без Саакашвілі

Пакуль што цяжка сказаць, як прызначэнне Міхаіла Саакашвілі на пасаду адэскага губернатара і яго пераход ва ўкраінскае грамадзянства паўплываюць на грузінскі палітычны пейзаж. 



saak2.jpg

У прэсе шмат спекуляцый наконт таго, што Адэса — стартавая пляцоўка для прэм’ерства экс-прэзідэнта Грузіі, які, як вядома, адначасова з прызначэннем атрымаў украінскі пашпарт. Расійская прэса ўпісвае кадравыя пасьянсы Парашэнкі ў трывожныя трэнды вакол суседняга Прыднястроўя. Маўляў, рыхтуецца вайна на Днястры, падчас якой Саакашвілі павінен будзе трымаць стратэгічны адэскі рубеж. Папулярна версія пра тое, што мы назіраем чарговы эпізод працяглай вайны паміж Парашэнкам і Каламойскім.

Пры гэтым на перыферыі ўвагі прэсы чамусьці застаецца грузінскі палітычны працэс, у якім Саакашвілі да апошніх часоў быў адной з вядучых фігур. Нягледзячы на эміграцыю (на радзіме Міша знаходзіцца ва ўнутрыдзяржаўным вышуку па шэрагу крымінальных спраў) Саакашвілі заставаўся лідарам самай буйной апазіцыйнай партыі «Нацыянальны рух Грузіі» (НРГ). Не раз і не два па прэсе гулялі плёткі пра тое, што Саакашвілі вось-вось вернецца для арганізацыі ў Тбілісі мясцовага Майдану.

Хаця такія прагнозы аказваліся плёткамі, сама тэма вяртання Саакашвілі, прычым трыумфальнага, моцна прапісалася ў грузінскім палітычным дыскурсе. Відавочна, што глебай для падобных фантазій з’яўляецца няўстойлівы эканамічны стан (зімой ураду давялося дэвальваваць лары) і перманентныя разборкі ўнутры ўрадавай кааліцыі «Грузінская мара». Пасля зыходу адтуль шэрагу дэпутатаў і партыі дэмакратаў кааліцыя ледзь захоўвае парламенцкую большасць. У дадатак былая партыя ўлады, насуперак неаднаразовым песімістычным прагнозам, рэпрэсіям супраць лідараў, крымінальнай справе і абвяшчэння ў міжнародны вышук Міхаіла Саакашвілі, праявіла дзіўную стойкасць і здолела ацалець у вельмі не спрыяльных умовах.

Як зменіцца сітуацыя ў Грузіі пасля таго, як лідар «Нацыянальнага руху» асядзе ў Адэсе? Калі меркаваць па першых каментарах, адэскае губернатарства справакуе тэктанічныя рухі ў грузінскай палітыцы. Пры ўсіх мінусах, Саакашвілі быў нефармальным сімвалам супраціву. Акрамя таго, у яго засталіся сувязі ў цэнтральнай і мясцовай вертыкалі, сувязі з буйным бізнесам, выхады на дыпламатычныя колы. Цяпер усе гэтыя перавагі апазіцыя часткова страціла.

Перш за ўсё, нават часовы адыход Саакашвілі ад спраў на радзіме можа выклікаць разброд сярод яго аднапартыйцаў. Справа ў тым, што не будучы грамадзянінам Грузіі, Саакашвілі, паводле закону аб партыях, губляе права ўзначальваць «Нацыянальны рух». Усе каментатары пагаджаюцца, што будучая барацьба за лідарства будзе жорсткай і стварае пагрозу адзінству партыі. Праўда, шэрагі руху і так цяжка назваць стройнымі — напрыканцы мая фракцыя НРГ страціла чатырох дэпутатаў, сярод якіх быў кіраўнік выканкаму. Дысідэнты заявілі пра намер стварыць новую палітычную фармацыю. Усё гэта, натуральна, выклікае запыт на новую апазіцыю. Жадаючых пазмагацца за гэтую нішу будзе шмат. Пры гэтым новыя апазіцыянеры, у адрозненне ад Саакашвілі і яго атачэння, не будуць мець з уладай асабістых рахункаў, што пашырыць манеўр для «Грузінскай мары».

Увогуле, лідары «Грузінскай мары» каментуюць навіны з Украіны як фіяска свайго галоўнага апанента. Прэм’ер Гарыбашвілі пафасна заявіў, што «Міхаіл Саакашвілі — гэта мінулае Грузіі, і пра яго не варта часта гаварыць». Аднак ва ўсёй гэтай гісторыі ёсць моманты, якія не могуць не турбаваць грузінскі рэжым. У вочы кідаюцца цікавыя дэталі прызначэння Саакашвілі, на якія звярнуў увагу ўкраінскі часопіс «Карэспандэнт».

А менавіта на тое, што 30 красавіка Саакашвілі ў інтэрв’ю азербайджанскаму тэлеканалу ANS распавёў, што адмовіўся ад віцэ-прэм’ерства ва Украіне, дадаўшы пры гэтым: «Мне прыйшлося б прыняць украінскае грамадзянства і адмовіцца ад грузінскага грамадзянства. Але я гэтага не зрабіў, я вярнуся ў Грузію, мая кар’ера належыць майму народу». Такім чынам, месяц таму Саакашвілі не думаў ні аб грамадзянстве Украіны, ні аб дзяржслужбе. Другі факт: 28 мая, за дзень да сенсацыйнага прызначэння, на першую гадавіну кадэнцыі Парашэнка даў інтэрв’ю адной з журналістак «5 каналу» і ні слова не сказаў пра новую старонку ў кар’еры Саакашвілі.

Як піша «Карэспандэнт», «ведаючы пафаснасць цяперашняга першага кіраўніка, можна не сумнявацца, што Парашэнка, плануючы прызначэнне Саакашвілі, асабіста б анансаваў гэта «сенсацыйнае прызначэнне». Але ён гэтага не зрабіў. Такім чынам, да 28 мая Парашэнка не думаў прызначаць Саакашвілі, а таксама такім жаданнем не гарэў Саакашвілі, не жадаючы прыняць украінскае грамадзянства. Гэта азначае, што Саакашвілі загадалі прыняць прапанову Парашэнкі. Гэта маглі зрабіць выключна куратары Парашэнкі і Саакашвілі са Злучаных Штатаў Амерыкі».

Калі версія выдання верная, гэта значыць, што Мішу ў Вашынгтоне прабачылі за былыя правалы і гатовыя зноў бачыць яго ў вялікай палітыцы. З улікам таго, што фактар падтрымкі Захаду важны для грузінскай палітычнай схемы, думаецца, што для «Грузінскай мары» не ўсё так бясхмарна, як спачатку падаецца.

Тым больш, што сам Саакашвілі сцвярджае, што будзе працягваць удзельнічаць у палітычным працэсе на радзіме, нават калі яго фармальна пазбавяць там грамадзянства. Па словах новага адэскага губернатара, быць палітычным акторам у Грузіі ён зможа і ў статусе неграмадзяніна, тым больш, што прэцэдэнты ў сучаснай гісторыі былі. «Эдуард Шэварднадзэ не быў грамадзянінам Грузіі, калі вярнуўся кіраўніком дзяржавы, і лідар «Грузінскай мары», мільярдэр Бідзіна Іванішвілі таксама не быў грамадзянінам краіны, але іх актыўнасць ніяк не перарывалася. Так што не думаю, што ў мяне будуць праблемы на палітычным рынгу», — адзначыў Міхаіл Саакашвілі. У тым жа выступе ён таксама дадаў, што яго вяртанне адбудзецца значна хутчэй, чым думаюць некаторыя.