Серыял падчас вайны. Гісторыя ўкраінскай «Гвардыі» на экранах і ў жыцці
Украінскі тэлеканал «2+2» пачаў напрыканцы траўня паказ тэлесерыялу «Гвардыя», некалькі серый якога ўжо можна знайсці ў інтэрнэце.
Серыял распавядае пра групу жаўнераў і афіцэраў украінскай Нацыянальнай Гвардыі, якія праходзяць падрыхтоўку і ўступаюць у бой за незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць сваёй Радзімы вясной-летам 2014 года.
«Гібрыдная» вайна Расіі супраць Украіны ўжо спарадзіла хвалю твораў з боку як вядомых, гэтак і раней невядомых мастакоў. У асноўным гэта музыка, відэаролікі, малюнкі і карціны, апавяданні.
Аднак менавіта «Гвардыя» з’яўляецца першым вялікім батальным палатном, якое было прысвечана гэтым падзеям па-за жанрам дакументалістыкі.
Паспрабуем ацаніць тое, што атрымалася і што не атрымалася ў «2+2», паглядзеўшы першыя 4 з 12 планаваных серыяў фільма.
Адразу пасля перамогі Майдана ў лютым 2014 году пачынаюцца інспіраваныя Расеяй хваляванні ў Крыме і на Данбасе, украінская армія, спецслужбы і міліцыя знаходзяцца ў стане паўраскладу і амаль недзеяздольныя.
Новы ўрад Украіны прымае 12 сакавіка рашэнне стварыць на базе ўнутраных войск Нацыянальную Гвардыю, дадаўшы да кадравых службоўцаў добраахвотнікаў наўпрост з Майдана.
«Сотнік» будзе біцца з афіцэрам з унутраных войскаў і пасля Майдану
Адпаведным чынам схематычна, але, адносна напэўна, трапна паказаныя складаныя адносіны паміж пасіянарнымі былымі майданаўцамі і прафесійнымі афіцэрамі, якія толькі нядаўна маглі самі ўдзельнічаць у спробах разагнаць Майдан. Адэкватна адлюстраваная і моўная сітуацыя – старыя вайскоўцы ў асноўным карыстаюцца расейскай мовай, моладзь, нават самая патрыятычная, таксама часта расейскамоўная.
Экс-майданаўцы з Крыму, з Адэсы, Кіева імкнуцца хутчэй у бой, нават бунтуюць, афіцэры іх стрымліваюць, стараюцца навучыць хоць нейкім базавым ведам перад адпраўкай у зону канфлікту.
Хутчэй згодна з класічным галівудскім штампам, чым з рэчаіснасцю, уразведатрад адмыслова запрошаны з пенсіі герой Аляксея Гарбунова набірае вельмі рознакаліберную кампанію і займаецца з імі па спецыяльнай праграме. Аднак малаверагодна, каб у сапраўднасці на добрую падрыхтоўку ў «Дзеда», ветэрана афганскай вайны, хапіла часу – ужо 5 красавіка Першы добраахвотніцкі батальён аператыўнага прызначэння Нацыянальнай Гвардыі складае прысягу. На падрыхтоўку ім далі толькі тры тыдні, і яшчэ праз 10 дзён добраахвотнікаў адправілі пад Славянск.
«Татарын» адмовіўся ад грамадзянства РФ у Крыме. Жонка напісала данос у ФСБ.
Данінай хутчэй галівудшчыне, чым рэальнасці, выглядаюць і самі заняткі будучых разведчыкаў. Зрэшты, па сюжэце аказваецца, што іх рыхтуюць не для вайсковай тактычнай выведкі ў сваёй форме, а ці ня ў большай ступені для таго, каб пераапрануўшыся ў цывільнае, яны інфармавалі пра сітуацыю ў мясцінах, захопленых баевікамі.
Такім чынам падчас першых баявых заданняў атрад дзейнічае хутчэй у стылі спецназа, падобнага да амерыканскай «Дэльты», чым як разведчыкі няхай і добраахвотніцкага, але звычайнага пяхотнага батальёна. Пазітыўна тут можна адзначыць хіба першы эпізод, дзе прадэманстраваная эфектыўнасць і роля артылерыі, якая і ў рэальнасці стане галоўным сродкам вядзення вайны на ўсходзе Украіны для абодвух бакоў.
«Іспыт» перад адпраўкай у бой
Тэма Данбасу з’яўляецца ў фільме толькі пасля адпраўкі добраахвотнікаў на фронт. І на жаль, гэтая тэма застаецца практычна нераскрытай: праціўнік украінскіх жаўнераў з’яўляецца ці то ў выглядзе поўнай нянавісціўкраінафобкі, ці то як прымітыўны п’яны люмпен ці наркаман, які стаў марыянеткай расейскіх лялькаводаў.
Будзем спадзявацца, што ў будучых серыях сцэнарысты больш увагі звярнуць на тое, як і чаму адбыўся раскол Данбасу і вялікая частка ягоных жыхароў паверыла расейскай прапагандзе.
Фільм мае лірычныя сюжэтныя лініі, але застаецца суровай стужкай пра аб’яднанне, загартаванне і змаганне групы аднадумцаў. У іх няма сумненняў адносна патрэбы абараняць Украіну ад знешняга ворагу, такія думкі з’яўляюцца толькі ў іхных родных, якія застаюцца ў тыле.
Жаніха дзяўчыны забілі на Майдане
Таксама пакуль мы не бачым і ўнутранай эвалюцыі галоўных персанажаў – пакуль што яны нагадваюць вобразы хутчэй з ікон, чым з рэальнага, не чорна-белага жыцця. Перад намі героі рамантычных фільмаў з нашага дзяцінства, рыцары, якія ратуюць даму – польскую журналістку, якая патрапіла ў палон да баевікоў.
Аднак, верагодна, менавіта таму, што прататыпам гэтых герояў дагэтуль прыходзіцца праліваць сваю кроў на фронце, амаль немагчыма ў Украіне зняць іншы фільм пра вайну, якая яшчэ не скончылася.
«Гвардыя» – кіно ваеннага часу, і нам застаецца толькі пажадаць украінцам хутчэйшага канца гэтай вайны.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu