Прэм'ер Канады прапануе выгнаць Пуціна з G7 назаўсёды
Прэм'ер-міністр Канады Стывен Харпер заявіў, што Расія не вернецца ў Вялікую сямёрку (G7) да таго часу, пакуль прэзідэнтам з'яўляецца Уладзімір Пуцін, паведамляе www.bbc.co.uk.
Фота nnm.me
У інтэрв'ю агенцтву "Асашыэйтэд прэс" Харпер падкрэсліў, што спадзяецца на тое, што Пуцін наогул ніколі больш не зможа прыняць удзел у самітах G7.
"Канада выступае катэгарычна супраць прысутнасці Пуціна за гэтым сталом", — сказаў ён.
"Расія вельмі часта наўмысна становіцца стратэгічным канкурэнтам і процідзейнічае тым добрым пачынанням, якія мы спрабуем ажыццявіць у свеце, выключна дзеля таго, каб ўстаўляць палкі ў колы", — дадаў прэм'ер-міністр Канады.
Лідары краін "Вялікай сямёркі", у якую ўваходзяць Вялікабрытанія, Германія, Італія, Канада, ЗША, Францыя і Японія, правядуць 7–8 чэрвеня саміт у Баварыі.
Год таму кіраўнікі гэтых дзяржаў прынялі рашэнне не запрашаць Расію ў сувязі з сітуацыяй на Украіне.