Венгерскі тупік

У сеціве адбыўся зліў інфармацыі, які тычыцца амерыкана-венгерскіх адносін. Гаворка пра інтэрв’ю аднаго з былых супрацоўнікаў ЦРУ па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Згодна з ім, Вашынгтон і Будапешт моцна пасварыліся.



sankcii_protiv_vienhrii_3.jpg

Экс-црушнік пагадзіўся на размову на ўмовах ананімнасці. Ён раскрывае прычыны ўвя­дзення дыпламатычных санкцый з боку ЗША да чальцоў венгерскага ўраду.

Нагадаем, што ў кастрычніку мінулага года амерыканскія ўлады пайшлі на вельмі незвычайны крок — уключылі ў чорны спіс асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЗША, некалькіх венгерскіх чыноўнікаў і бізнесменаў, прытым што Венгрыя з’яўляецца чальцом Еўрасаюзу і NАТО.

Афіцыйная версія забароны — абвінавачванні ў карупцыі. Але большасць каментатараў не паверылі гэтай версіі дзярждэпартаменту ЗША. На думку большасці экспертнай супольнасці, санкцыі былі звязаныя з інтэнсіўнымі венгерска-расійскімі кантактамі. У прыватнасці, Вашынгтон, быццам, быў вельмі здзіўлены тым, што Венгрыя тады прыпыніла на нявызначаны тэрмін рэверсныя пастаўкі газу ва Украіну, спаслаўшыся на рост аб’ёмаў спажывання ў сябе. Яшчэ раней венгерскі лідар выступіў супраць антырасійскіх санкцый, падтрымаў «Паўднёвы паток» і падпісаў дамову з Масквой на крэдыт у 10 мільярдаў еўра на будаўніцтва новых блокаў АЭС у горадзе Пакш.

Аднак, па словах супрацоўніка ЦРУ, значна больш непакоіць Белы дом імклівыя антыдэмакратычныя трэнды ў атачэнні прэм’ера Віктара Орбана. Орбан на вачах стварае аўтарытарную мадэль, якая абапіраецца на моцную антыеўрапейскую і нацыяналістычную рыторыку. Доўгі час амерыканцы разглядалі метамарфозы ў Будапешце як нейкі трэнд, выкліканы асаблівасцямі мясцовай палітычнай культуры, якая магла быць вынікам, напрыклад, старой калектыўнай траумы ад страты венграмі паловы сваіх земляў па выніках Першай сусветнай вайны.

Аднак пасля таго, як узімку стала відавочнай перамога на парламенцкіх выбарах у Грэцыі левай кааліцыі SIRYZA, на гарызонце ўзнікла перспектыва стварэння восі Афіны—Будапешт, якая па сутнасці фармавала ўнутры ЕС новы палітычны полюс.

Асобную трывогу ў амерыканцаў выклікаў таксама рост папулярнасці венгерскай праварадыкальнай партыі «Jobbik». За апошнія гады Jobbik абышла ў сацыялагічных апытаннях сацыялістаў і стала галоўнай апазіцыйная партыяй. Калі Орбан і яго партыі «Фідэс» усё ж мае антыкамуністычны і ліберальны бэкграунд, то «Jobbik» — партыя, якая адкрыта адмаўляе дэмакратычныя інстытуты, культывуе аўтарытарны прагітлераўскі рэжым адмірала Хорці (1919–1944). Нарэшце, лідары «Jobbik» нават не хаваюць, што маюць адкрытую крэдытную лінію ў Маскве.

Прычым палітычны дыскурс правых радыкалаў паступова захоплівае розумы актыву «Фідес». Напрыклад, Орбан не выступіў супраць узвядзення помніка Хорці. Ён не суп­раць, калі яго публічна называ­юць венгерскі Чавес. Эксперты адзна­чаюць, што рыторыка Орбана пра стопрацэнтую заня­тасць насельніцтва, неабходнасць кантролю над медыя, вельмі нагадваюць ход думак часоў Кадара. У атачэнні Орбана ўсё больш былых чыноўнікаў камуністычнага ўраду.

Пра распаўсюд у Венгрыі аўтарытарных канцэпцый сведчыць і незвычайны дэмарш Віктара Орбана, які прапанаваў вярнуць у мясцовае заканадаўства артыкул пра смяротнае пакаранне, якое было забаронена ў краіне ў 1990 годзе. Ад сваёй ідэі Орбан адмовіўся толькі пасля таго, як прэзідэнт Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер прыгразіў Венгрыі выключэннем з Еўрасаюза выпадку ўвядзення смяротнага пакарання ў краіне.

Апошняй кропляй стала палітыка Будапешта ў энергетычным пытанні. Орбан выступае супраць таго, каб Еўрасаюз шукаў замену «Газпрому», напрыклад, у выглядзе амерыканскага сланцавага газу. Венгрыя намагалася заблакаваць будаўніцтва ў суседняй Харватыі тэрміналаў, якія могуць прымаць амерыканскія караблі з газам. Такі праект цалкам ліквідаваў бы манаполію Расіі на пастаўкі газу ва Усходнюю Еўропу. Акрамя таго Венгрыя актыўна гуляе на энергетычным рынку суседніх краін. Так, Будапешт мае інтарэс да набыцця славенскай электрычнай кампаніі «Slovenske elektrarne». Набыццё «Slovenske elektrarne» дазволіла б лабісту «Газпрома» пашырыць свой уплыў у рэгіёне.

Гэтай вясной адміністрацыя Орбана стала рупарам праціўнікаў стварэння аб’яднанай гандлёвай зоны паміж ЕС і ЗША. Па словах Орбана, дамова пазбаўляе нацыянальныя дзяржаўныя органы кампетэнцыі ўмешвацца ў працу гаспадарчых суб’ектаў на юрыдычна падкантрольнай ёй тэрыторыі.

Парадокс у тым, што сапраўдных інструментаў ціску на Будапешт у Вашынгтона, мяркуючы па ўсім, няма. Папулярнасць антыорбанаўскай апазіцыі вельмі нізкая, што не дзіўна з улікам манаполіі праўладных алігархаў на прэсу. Таму, калі верыць ананіму з ЦРУ, за акіянам абраны шлях пошуку кампрамату на лідараў рэжыму. З восені мінулага года пачалася праца па маніторынгу фінансавых патокаў, на якіх «сядзіць» венгерская ўлада. Праўда, Орбан, як сведчаць паказанні суразмоўцы, вельмі асцярожна працуе з фінансамі. Пры ім ёсць людзі, які выконваюць ролю нефармальных скарбнікаў.

Яшчэ адным інструментам у барацьбе з Орбанам з’яўляецца дыпламатычны ціск з боку краін ЕС. Дыпламатычная блакада плюс выкрыццё карупцыйных схемаў палітыкаў, па словах інтэрв’юера, дапамогуць да канца года цалкам змяніць сітуацыю ў Венгрыі.