Калі б яны атрымалі грамадзянства, мы б ужо жылі ў Расіі

На Рыжскім вакзале цябе адразу сустракае руская лаянка. Рускамоўныя жабракі нападпітку, якіх нямала на прывакзальнай плошчы. І рускі шансон уперамешку з рускай папсой, які чуецца ў першым жа падземным пераходзе.

riha_1_logo.jpg

«Ну, як табе Латвія?» — пыталіся знаёмыя, калі я вярнулася ў Мінск. «Вельмі спадабалася. Толькі зашмат рускіх», — адказвала я.

Прывяду некалькі лічбаў: на сённяшні дзень амаль 27 працэнтаў насельніцтва Латвіі складаюць этнічныя рускія. Гэта крыху больш за 500 тысяч чалавек. Аднак у Рызе колькасць рускіх — 38 працэнтаў, або больш за 250 тысяч чалавек. Для параўнання, этнічных латышоў у Рызе — каля 290 тысяч. А яшчэ — каля 26 тысяч беларусаў, 23 тысяч украінцаў і 12 тысяч палякаў.

s_mval_rig__logo.jpg

Сімвал Рыгі

За савецкім часам у Рыгу з’язджаліся рабочыя з усяго СССР, аднак пераважна з тэрыторыі РСФСР для працы на такіх гігантах прамысловасці, як «ВЭФ», «РАФ», «Аўтаэлектарпрыбор», а таксама на шматлікіх заводах, што абслугоўвалі ваенна-прамысловы комплекс. ВУЗы Ленінграда і Чэлябінска нават рыхтавалі спецыялістаў адмыслова для працы ў сталіцы Латвіі. А шматлікія ПТВ накіроўвалі сюды сваіх выпускнікоў. Гэта наклала своеасаблівы адбітак на сацыяльную структуру сённяшняй Латвіі, асабліва Рыгі.

rizhsk_rinak_logo.jpg

Рыжскі рынак

 

Магчыма таму з першых крокаў на Рыжскім вакзале цябе сустракае руская нецэнзурная лаянка. Рускамоўныя жабракі нападпітку, якіх нямала на прывакзальнай плошчы. І рускі шансон уперамешку з рускай папсой, які чуецца ў першым жа падземным пераходзе. На жаль, менавіта такія першыя ўражанні пакідае сталіца Латвіі. І шмат хто з транзітных пасажыраў з гэтымі ўражаннямі і з’язджае. Хаця на самай справе Рыга — вельмі прыгожы і культурны горад. Са шматлікімі паркам і скверамі, цудоўнымі помнікамі архітэктуры і ветлівымі людзьмі розных нацыянальнасцяў.

rizhsk_ja_cjul_pani_logo.jpg

Рыжскія тульпаны

Аднак я ехала ў Латвію, каб паспрабаваць адказаць на пытанне: якія яны, рускія Латвіі? Ці ўяўляюць яны хоць якую пагрозу незалежнасці гэтай краны? Ці зможа ашалелая расійская прапаганда зрабіць з гэтых людзей «пятую калону»? А можа, ужо зрабіла? Адказы на гэтыя пытанні я шукала ў размовах з рознымі людзьмі.

Адразу скажу, што ніколі не верыла ў расійскую прапаганду пра тое, што рускіх у Латвіі дыскрымінуюць. Найперш таму, што не лічу патрабаванне ведання мовы тытульнай нацыі дыскрымінацыяй. Таму ў размовах з рускімі, якія пражылі ў Латвіі ўсё жыццё і ніколі не хацелі вывучыць латышскую мову, я не была бесстаронняй.

Агрэсія Расіі супраць Украіны зрабіла нестабільнай сітуацыю ў шматлікіх краінах нашага рэгіёну. У краінах Балтыі, якія нягледзячы на ўступленне ў ЕС і NАТО адчуваюць некаторую небяспеку з боку пуцінскага рэжыму. Для Літвы, Латвіі і Эстоніі зноў актуальнай стала тэма русафобіі. Аднак менавіта русафобіі, а не нянавісці да рускіх. Проста апошнім часам шмат хто з жыхароў Латвіі задае сабе пытанне: калі ў нас будзе, як ва Украіне, на баку якой краіны я буду? А на якім будзе мой сусед? Згадзіцеся, гэта пытанне шэптам гучыць і ў Беларусі.

Дарэчы, у Латвіі ёсць такія рускія, якія, як і нашы заходнерусісты, лічаць латышоў штучнай нацыяй і ўпэўненыя, што тэрыторыя сучаснай Латвіі «исконно русская». Але такіх амаль што адзінкі, і мы не будзем рабіць ім рэкламу.

Паспрабуем разабрацца ў тых рускіх, якія, прынамсі пакуль што, лічаць Латвію не проста самастойнай незалежнай краінай, але і сваёй радзімай. Іх можна падзяліць на тры катэгорыі: грамадзяне Латвіі па нараджэнні, грамадзяне Латвіі праз натуралізацыю і неграмадзяне. Ёсць яшчэ і чацвёртая катэгорыя рускіх — пэўная колькасць грамадзян Расіі, якія маюць у Латвіі сталы від на жыхарства. Збольшага гэта рускія, якія прыехалі ў Латвію ўжо пасля аднаўлення яе незалежнасці, набылі тут нерухомасць, маюць бізнес ці проста сталую працу. Аднак ёсць і тыя, хто вырашыў замест латышскага прыняць расійскае грамадзянства, але пры гэтым застаўся жыць у Латвіі. Больш падрабязна спынюся толькі на трох катэгорыях.

Грамадзяне па нараджэнні

4 мая 1990 года Вярхоўны савет Латвійскай ССР прыняў дэкларацыю «Аб аднаўленні незалежнасці Латвійскай Рэспублікі». З 201 дэпутата за яе прагаласавалі 138. Дэкларацыя аднавіла Канстытуцыю Латвійскай Рэспублікі 1922 года і адначасова кваліфікавала ўступленне савецкіх войскаў на тэрыторыю краіны 17 чэрвеня 1940 года як міжнароднае злачынства.

15 кастрычніка 1991 года Вярхоўны Савет Латвійскай Рэспублікі прыняў пастанову «Аб аднаўленні правоў грамадзян Латвійскай Рэспублікі і асноўных умовах натуралізацыі». Згодна з ім, грамадзянства было прызнана толькі за асобамі, былымі грамадзянамі Латвійскай Рэспублікі на 17 чэрвеня 1940 года, і іх нашчадкамі. Такім чынам, Латвія не пайшла шляхам так званага «нулявога варыянту», які абрала Літва, падараваўшы грамадзянства ўсім тым, хто жыў на яе тэрыторыі на момант аднаўлення незалежнасці.

budinak_latv_jskaga_sejma_logo.jpg

Будынак латвійскага сейма

Чаму? Прывяду толькі некалькі лічбаў. На пачатку 1940 года латышы складалі амаль 77 працэнтаў насельніцтва краіны, рускія — каля 9 працэнтаў. А ў 1989 годзе латышоў было ўжо толькі 52 працэнты (1 мільён 390 тысяч), рускіх — амаль 34 працэнты (больш за 905 тысяч). Прычым гэта быў вынік не натуральнага прыросту, а свядомай палітыкі савецкай улады, якая, акрамя рабочых і інжынераў, масава засяляла краіну дзейнымі ваеннымі і адстаўнікамі.

Таму не дзіўна, што новыя ўлады незалежнай Латвіі вырашылі не спяшацца з аўтаматычным грамадзянствам для ўсіх жыхароў краіны. Бо акрамя пашпарта грамадзяніна, усе гэтыя шматлікія працоўныя мігранты і былыя вайскоўцы атрымалі б і права галасаваць і быць абранымі.

sejm_logo.jpg

«Калі б усе гэтыя людзі атрымалі тады грамадзянства, мы б зараз жылі ў Расіі», — заўважыла Лайма, касірка гандлёвага цэнтру «Стокман», што побач з чыгуначным вакзалам Рыгі. У 1990-м ёй было 25 гадоў. Яе дзед загінуў недзе на абшарах Сібіру. Бабуля неўзабаве пасля арышту мужа памерла ад інфаркту. А маці вырасла ў інтэрнаце. Лайма добра памятае падзеі студзеня 1991 года, калі АМАП паспрабаваў разагнаць масавыя акцыі ў падтрымку Вярхоўнага Савета Латвіі і супраць падаўлення акцый у Літве. Тады загінула 5 чалавек, было паранена восем.

pomn_k_tim_hto_zag_nu_na_barikadah_studzen_1991_goda_logo.jpg

Помнік тым, хто загінуў на барыкадах ў студзені 1991 года

Але мова зараз не пра гэта. На пачатку 1990-х гадоў па нараджэнні грамадзянамі Латвіі сталі амаль дзве траціны насельніцтва краіны. Сярод тых, чые продкі спрадвеку жылі на тэрыторыі Латвіі, і дэпутат Сейму ад блоку «Адзінства», сябра камісіі па нацыянальнай бяспецы і абароне Аляксей Ласкутоў (ці Аляксейс Ласкутоўс, як будзе правільна па-латышску). Праўда, пра свайго дзеда, які жыў у Латвіі, Аляксей даведаўся не адразу. Таму ў пачатку 1990-х гадоў пачаў сур’ёзна вывучаць латышскую мову, каб атрымаць грамадзянства і пачаць будаваць кар’еру ў акадэміі паліцыі Латвіі.

Родная мова Аляксея руская, але зараз ён гэтак жа вольна валодае латышскай мовай і яшчэ англійскай. Ён зрабіў паспяховую юрыдычную кар’еру, неаднойчы абіраўся дэпутатам парламента, узначальвае камісію па барацьбе з карупцыяй. Аляксей лічыць абсалютна слушным закон пра грамадзянства.

aljaksej_laskuto_na_mjai_z_rasijaj_logo.jpg

Аляксей Ласкутоў на мяжы з Расіяй. Фота з фб Aleksejs Loskutovs

«Калі б у Латвію штучна не перасялялі рускіх, калі б тут заставаліся жыць толькі тыя, хто жыў спрадвеку, можна было б аб’явіць грамадзянамі ўсіх. Але толькі ў гэтым выпадку. І мне дзіўна чуць, што некаторыя кажуць, маўляў незалежная Латвія пачалася ў 1990-я гады, таму і грамадзянства трэба было даваць усім, — кажа Ласкутоў. — Дарэчы, у свой час значная колькасць жыхароў Латвіі не хацела атрымліваць грамадзянства, каб не служыць у арміі. Але ў нас ужо шмат гадоў прафесійная армія, а яны прызвычаіліся так жыць, і ім так зручна. Ім камфортна так жыць. Яны жадаюць, каб усе ведалі дзве мовы, а яны — толькі рускую. Пры гэтым яны кажуць, што выступаюць за рэальнае двухмоўе. Я, дарэчы, таксама прыхільнік рэальнага двухмоўя, але толькі тады, калі ўсе рускія будуць ведаць латышскую мову».

Аляксей кажа, што ёсць і тыя, якія жывуць у чаканні рэваншу, яны ўсё яшчэ мараць пра часы СССР, яны ніколі не вучылі і не збіраюцца вучыць латышскую мову, аднак лічаць, што грамадзянства ім павінны былі даць толькі, таму што яны шмат гадоў тут жывуць.

Тым не менш, Аляксей лічыць, што абсалютная большасць рускіх у Латвіі, нягледзячы на наяўнасць ці адсутнасць у іх грамадзянства, не хацелі б жыць у Расіі, і больш таго, у надзвычайнай сітуацыі сталі б на абарону незалежнасці Латвіі. Хаця прызнае наяўнасць вельмі абмежаванага кола маргіналаў, якіх могуць выкарыстаць для эскалацыі сітуацыі ў Латвіі. Аднак пуцінскаму рэжыму, упэўнены Ласкутоў, не патрэбны рускамоўныя, каб пачаць агрэсію. Яму дастаткова проста сказаць, што Расія ідзе іх абараняць. «Дарэчы, клопат Расіі пра суайчыннікаў можа распаўсюдзіцца і на Беларусь», — папярэджвае дэпутат.

Яшчэ адзін грамадзянін па нараджэнні, сустаршыня праўлення партыі «Рускі саюз Латвіі» Міраслаў Мітрафанаў лічыць, што латышскія ўлады выкарыстоўваюць сітуацыю ва Украіне, каб павялічыць бюджэтныя выдаткі на абарону. Па яго меркаванні, Расія зацікаўлена ў стабільнасці ў Латвіі, паколькі мае тут вялікія інвестыцыі. Мітрафанаў нават лічыць, што такая стабільнасць любым коштам не на карысць рускай грамадскасці Латвіі, бо вядзе да замоўчвання іх праблем. У першую чаргу праблем рускіх школ і неграмадзян. Цікава, што найгоршым ворагам рускіх у Рызе Мітрафанаў лічыць рускага мэра Ніла Ушакова. «Столькі рускіх школ, колькі зачыніў Ушакоў, не зачынілі ўсе разам узятыя латышскія мэры Рыгі», — кажа Міраслаў.

m_trofanov_logo.png

Міраслаў Мітрафанаў, Рускі саюз Латвіі

На жаль, сустрэцца з мэрам латышскай сталіцы ў мяне не атрымалася. Таму даведацца, што ён думае пра рускіх Латвіі і што б адказаў на абвінавачванне Мітрафанава, мы не зможам. Дарэчы, рускі мэр Ушакоў, сын настаўніцы рускай мовы і рускага інжынера, унук вайскоўцаў, атрымаў грамадзянства Латвіі толькі ў 1999 годзе ва ўзросце 23 гадоў, прайшоўшы працэдуру натуралізацыі. Але пра натуралізаваных рускіх і неграмадзян мы паразмаўляем у наступным артыкуле.