Ільхам Трэці
На чарговых выбарах у Азербайджане прэзідэнтам зноў стаў Ільхам Аліеў. Пра некаторыя аспекты элегантнай перамогі па-бакінску журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з азербайджанскім прафесарам Намікам Мамадавым.
— Паводле падлікаў ЦВК Азербайджана, за Ільхама Аліева прагаласавала 3 мільёны 118 тысяч 287 выбаршчыкаў (84,59%). Адзінаму кандыдату ад апазіцыі Джамілю Гасанлы давер аказалі крыху больш за 205 тысяч чалавек. Вы верыце гэтым лічбам?
— Я быў сябрам камісіі на адным са сталічных участкаў. На маім участку за дзень прагаласавала недзе паўтары тысячы чалавек. Аліеў атрымаў каля 1200 галасоў. Прыкладна 140 чалавек прагаласавалі за кандыдата ад апазіцыі. Думаю, што нават калі фальсіфікацыі і былі, яны не вельмі моцна паўплывалі на фінальны вынік. Перамога Аліева была прадказальнай па настроях у грамадстве.
— Аднак на пачатку года ў шэрагу раённых цэнтраў адбыліся масавыя беспарадкі. Шмат хто казаў, што гэта знак пачатку заняпаду рэжыму Аліева. Канчатковы крах сістэмы быў прызначаны на дзень галасавання.
— Тыя беспарадкі хутчэй дапамаглі дзяржаўнай прапагандзе кансалідаваць электарат вакол фігуры Аліева. Па сутнасці, палітычнага складніку тыя пратэсты не мелі. Гэта былі лакальныя бытавыя бунты, фактарам якіх ёсць перш за ўсё высокае беспрацоўе (каля 40 працэнтаў) сярод правінцыйнай моладзі. Вельмі часта, каб выжыць, маладыя ідуць у вулічны крымінал, што прыводзіць да пастаянных канфліктаў з законам. Адпаведна, галоўным лозунгам згаданых бунтаў быў «бей мянтоў». Аднак карцінкі на тэлебачанні з выявай пагромаў муніцыпалітэтаў і пастарункаў выклікалі ў грамадстве ўспаміны пра брутальныя 1990-я гады. Аліеўская прапаганда зляпіла з прэзідэнта галоўнага гаранта асабістай бяспекі кожнага. І гэта спрацавала.
— ДжамільГасанлы з’яўляецца выкладчыкам гісторыі дзяржаўнага ВНУ і пры гэтым, будучы галоўным апазіцыянерам, захаваў сваё месца працы. Гэта вельмі дзіўна, калі сыходзіць з беларускай практыкі. Таксама нашыя ўлады любяць піяр-кампаніі па дыскрэдытацыі апазіцыянераў. У вас падчас апошніх выбараў назіралася нешта падобнае?
— Сапраўды, на Гасанлы быў выкінуты кампрамат пра тое, што калісьці ён падрабіў даведку пра сваю інваліднасць. Дзякуючы гэтаму цяпер ён, быццам, атрымлівае дадатковую грашовую дапамогу. Аднак я не сказаў бы, што гэта была буйная кампанія. Магчыма, трэба сказаць, што касцяк лідараў нашай апазіцыі — гэта былыя функцыянеры ненавіснага ім рэжыму. Той жа Гасанлы і іншы раскручаны апазіцыянер Рустам Ібрагімбекаў (рэжысёр стужкі «Белае сонца пустыні) яшчэ нядаўна нармальна ладзілі з Аліевым. Іншая фракцыя апазіцыянераў — гэта тыя, хто быў звязаны з адміністрацыяй Народнага Фронту, які кіраваў краінай на пачатку 1990-х гадоў. Будучы панцюркістамі, яны карыстаюцца пэўнай падтрымкай турэцкіх палітыкаў, і іх таксама не вельмі чапаюць. У сапраўдным канфлікце з уладай знаходзяцца толькі ісламскія радыкалы. І гэта праблема з кожным годам становіцца ўсё больш актуальнай.
— Калі аналізаваць агіпроп, можна заўважыць, што значнае месца ў ім адводзіцца жонцы Аліева Мехрыбан. Улетку нават казалі, што яе рыхтуюць у пераемнікі мужу на пасадзе прэзідэнта.
— Мехрыбан Аліева мае дэпутацкі мандат і ўваходзіць у кіраўнічыя структуры афіцыйнай партыі «YeniAzərbaycan» («Новы Азербайджан»), аднак хутчэй яе можна бачыць не на палітычных акцыях, а на рознага кшталту дабрачынных мерапрыемствах. Яна, як вядома, адказная за працу Фонду імя Аліева. Не думаю, што (прынамсі пакуль) людзі бачаць у ёй перспектыўнага палітыка. Азербайджанцы больш абмяркоўваюць фасоны яе вопраткі. Мехрыбан надае перавагу вестрэрнізаваным касцюмам, што не падабаецца кансерватыўнай частцы насельніцтва.
— Прэса пісала пра тое, што Джаміль Гасанлы атрымаў сродкі на сваю кампанію ад азербайджанскай дыяспары Масквы. Ці вядзе амаль мільённая дыяспара азербайджанцаў у Расіі нейкую палітычную гульню на радзіме?
— Што тычыцца дыяспары азербайджанцаў у Расіі, то яна наўрад ці здольная весці самастойную гульню. Эміграцыя вельмі асцярожная, паколькі разумее, што цалкам залежыць ад Крамля. Між тым, зараз у Пуціна дастаткова роўныя адносіны з Баку.
Пра гэта таксама можна казаць у сувязі з уступленнем Арменіі ў Мытны саюз. Азербайджану нічога такога не прапануецца, паколькі ў Маскве ведаюць, што Азербайджан не ўступае ў міжнародныя структуры, у якіх прысутнічае Арменія. Такія ж роўныя адносіны ў нас з Захадам. Тое, што дэлегацыя ПАСЕ не знаходзіць вялікіх парушэнняў на нашых выбарах, цалкам зразумела з улікам таго, што галоўным азербайджанскім нафтавым аператарам з’яўляецца брытанская кампанія «BritishPetroleum». На Захадзе, як і ў Маскве, не зацікаўленыя ў палітычным хаосе на Каспіі.
— У мінулым годзе шмат казалі пра магчымы канфлікт Азербайджана і Ірана. Азербайджанская прэса пісала пра праблему азербайджанцаў, якія кампактна жывуць ў Паўночным Іране. Іран пагражаў перагледзець Туркманчайскі трактат 1828 года, адпаведна якому землі цяперашняга Азербайджана пераходзілі ад Ірану да Расіі. Як развіваецца сітуацыя пасля абрання новага прэзідэнта Ірану?
— Мяркую, што з’яўляецца перабольшаннем казаць пра крызіс у азербайджана-іранскіх адносінах. Антыіранская і адпаведная антыазербайджанская істэрыка характэрная для радыкальных маргінальных палітыкаў і блізкіх да іх СМІ. Нельга казаць пра якаснае пагаршэнне ўзаемнага дыялогу абодвух краін. Аднак у рэгіёне сапраўды не вельмі спакойна. Ходзяць плёткі пра магчымую вайну ЗША з Іранам з-за атамных амбіцый апошняга. Яшчэ нядаўна азербайджанцаў вельмі непакоілі навіны з Турцыі, дзе адбываліся буйныя антыўрадавыя маніфестацыі. Паколькі Турцыя — наш галоўны партнёр, усе баяліся дэстабілізацыі ў гэтай краіне. Праз саюзную Турцыю, якая падтрымлівае сірыйскую апазіцыю, Азербайджан аказаўся ўцягнуты сірыйскі крызіс. Відавочна, што нестабільнасць на Блізкім Усходзе можа адбіцца на эканоміцы і палітыцы ў нашай краіне.
— Унутранага чынніку для змены рэжыму вы не назіраеце?
— Незадаволенасць ёсць. Людзі вельмі занепакоеныя ростам уплыву аліеўскага так званага нахічаваньскага клану, які па сутнасці ператварыў краіну ў свой феод. Іншыя кланы не задаволеныя экспансіяй на іх зоны ўплыву. Гэта стварае галоўную глебу для незадавальнення. Не падабаецца і палітыка расходаў нафтадолараў. Ніхто не кансультуецца з народам, як і нашто іх выдаткоўваць. Зараз, напрыклад, чамусьці вялікія сродкі ідуць у будаўніцтва спартовай інфраструктуры. Праблема, аднак, у тым, што для азербайджанскага грамадства характэрныя вельмі моцныя традыцыйныя забабоны. Феномен карупцыі і кланавасці не з’яўляецца для большасці чымсьці адназначна адмоўным. Таму ўсялякая альтэрнатыўная аліеўскай палітычная надбудова не будзе падобная на мадэль заходняй дэмакратыі. А якой яна будзе дакладна, і ці будзе лепшай, прагназаваць цяжка. Напэўна, таму азербайджанцы і абіраюць Аліева, хаця яго сапраўды вельмі шмат і моцна крытыкуюць.