Італьянскія «Бубначы з Атранта» танчылі «Піцыку» разам з беларускімі дзецьмі
На сцэне «Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей
і моладзі» 22 красавіка італьянскія і беларускія дзеці паказалі гледачам цэлае
шоў — «Музыка душы». Бубны, спевы дзесяцігадовай італьянкі і скачкі, зусім не характэрныя
для беларусаў, узрушылі усіх.
Пры
падтрымцы Амбасады Італіі ў Мінску стартаваў праект “Мост сяброўства: Беларусь
— навучанне беларускіх дзяцей аўтэнтычнаму мастацтву Італіі. Маэстра Масіма Панарэзэ ў лютым і сакавіку наведаў Беларусь, навучыўшы беларускіх дзетак некаторым элементам італьянскай музыкі і танцаў.
Калектыў, якім кіруе Маэстра ў Італіі, носіць назву “Бубначы з Атранта” і існуе сем гадоў. Калі Масіма Панарэзэ стаў толькі ствараць гэты ансамбль, да яго прыйшла ў галаву думка выкарыстоўваць бубен, каб можна было заахвоціць займацца музыкай усіх — і бедных, і багатых: “Шчыра кажучы, мы пачалі ў жарт, а ператварыліся ў сур’ёзную рэальнасць нацыянальнага маштабу, — прызнаўся Маэстра. — На мае курсы запісана больш за 400 дзетак. І я прытрымліваюся такой пазіцыі: нават калі дзіцё не вельмі добра грае, ён усё адно застаецца ў калектыве. Бо кожны павінен мець сваю ролю, сваё месца і адчуваць сябе важным. Самае прыўкраснае ў жыцці — бачыць шчаслівым дзіцяці”.
Калі Маэстра
прыехаў у Мінск упершыню, то беларускія дзеці яму падаліся даволі такі
сур’ёзнымі. Але, калі пачалі займацца з бубнам, то яны разняважыліся. “Таму
сяброўства паміж італьянцамі і беларусамі можна і трэба ўзмацоўваць” — заключыў
Маэстра. Масіма Панарэзэ заверыў, што атмасфера ў беларуска-італьянскім
калектыве надзвычай спакойная. Ніхто не скажа нікому, маўляў, што ён кепска
грае. Калі маюцца ў кагосьці складанасці, то да яго падыдуць і дапамогуць.
Сумесны дзіцячы выступ падобны да атмасферы штогадовага
італьянскага фестывалю “Ноч Таранты”. Цікава, што “Ноч Таранты” не мае нічога
агульнага са знакамітай і нібыта італьянскай “Тарантэлай”, якая стала
папулярнай і ў беларускіх калектывах, якія вывучаюць сярэднявечныя танцы. Танец
“Тарантэла” ўзнік у Неапалі. У кожнага рэгіёна Італіі быў свой танец. Тое, чаму
навучылі італьянцы беларусаў, носіць назву “Піцыка”. Калі вытокі “Піцыка”
сыходзяць у адзінаццатае стагоддзе, то “Тарантэла” згадваецца толькі ў канцы
васямнаццатага стагоддзя. Гэта той час, калі турысты сталі ездзіць у Італію. Для
іх і быў прыдуманы танец “Тарантэла”.
Што ж такое “Піцыка”, якая паціснула звыклыя беларускія цымбалы, што былі прадстаўлены на сцэне да гэтага? Музыка, пад якую танчылі дзеці, — па гучанні такая ж як і тысяча гадоў таму. Але адметнасць гэтага танца ў тым, што ён танчыўся кожным чалавекам па-свойму.
Усё тое, што Італія ўзяла ў кантэйнер ад культуры Грэцыі, Албаніі і Турцыі адлюстравалася ў традыцыі “тарантызму”. У першую чаргу гэтую традыцыю падтрымлівалі жанчыны, якім было патрэбна пазбавіцца ад праблем, якія накапіліся ўнутры. І яны выражалі сябе пры дапамозе музыкі, якая сёння называецца “Піцыка".
“Таранта”, або павук, — сімвал зла, сімвал таго, хто жаліць жанчын. Існавала павер’е: каб пазбавіцца ад атруты, жанчыны павінны танчыць пад такія інструменты як скрыпка, гітара, бубен. У выніку рытмічнага танцы яны вызваляюцца ад атруты павука. Мінімум тысяча гадоў існавала традыцыя — жанчыны, танцаваўшы, раз у год скідвалі з сябе ўвесь гэты негатыў. Але Каталіцкая Царква пастанавіла, што калі жанчына ўдзельнічала ў гэтым, то яна грашыла. У выніку пасля ўдзелу яна павінна была прынесці ахвяру пэўнаму Святому.
Натуральна, што тое, што пабачылі гледачы на сцэне — гэта забаўляльнае мерапрыемства. Але італьянскія майстры не бачаць нічога кепскага ў тым, што аўтэнтычыя матывы прасочваюцца ў сучасныя рэчы. Інакш танец бы так і застаўся ў Сярэднявеччы. Танец не павінен быць танцам бацькоў і дзядоў — ён павінен жыць і з’яўляцца танцам цяперашняга пакалення.
Нездарма Італія робіць гэты праект з Беларуссю. Гісторыя нацыянальных танцаў і спеваў абедзвюх краін падобная. Італьянская гісторыя была складанай і заблытанай. Бацькі і дзяды сучасных італьянцаў збольшага былі эмігрантамі. Яны закінулі сваю гісторыю і ніхто нічога не ведаў. І толькі на пачатку 80-ых гадоў яны сталі аднаўляць сваю культуру. Таму італьянцы пачалі займацца як гістарычнай часткай, так і прапагандай сучаснасці. “Калі мы сканцэнтруемся толькі на гісторыі, мы не зможам даць жыццё гэтым рэчам. Мы не зможам радвацца таму, што мы маем зараз”, — упэўнены італьянцы.
Праект “Мост сяброўства: Беларусь — Італія” будзе развівацца і далей. Госці ўсіх запрашалі на сапраўдную “Ноч Таранты” ў Італію ў жніўні. А пасол Італіі ў Беларусі Стэфана Б’янкі разлічвае на пашырэнне мерапрыемстваў і майстар-класаў па італьянскай культуры сярод беларусаў.