Як Берлін зноў стаў сталіцай
Гістарычны пераезд нямецкай сталіцы з Бона ў Берлін пачаўся 25 гадоў таму. І, па сутнасці, працягваецца да сёння.
На першы погляд, ідэя пераезду сталіцы ў Берлін з Бона была цалкам лагічнай. Паколькі Германія пасля падзення «берлінскай сцяны» аб’ядналася, то метраполіяй павінен быў стаць горад, які меў сталічны статус да расколу краіны. Аднак логіка — не аргумент для сучаснікаў, у тым ліку дэпутатаў, якія прымалі канчатковае рашэнне. Нездарма перавага аматараў пераезду сярод парламентароў у выніку галасавання склала ўсяго 18 галасоў.
Чаму вялікая частка нямецкай палітычнай эліты была не ў захапленні ад пераносу сталіцы? Па-першае, кошт пераезду быў па тых часах дастаткова вялікі — каля 7 мільёнаў цяперашніх еўра. Сярод бюргераў хапала незадаволеных тым, як палітыкі кідаюцца грашыма, і гэта ў той час, калі бюджэт ФРГ, па сутнасці, узяў на буксір усю гаспадарку былой ГДР.
Нельга не ўзгадаць таксама і тое, што пасля таго, як Германія ў 1945 годзе страціла Усходнюю Прусію і Сілезію, геаграфічна Берлін перастаў знаходзіцца ў цэнтры краіны.
Па-другое, сама ідэя Берліну як сталіцы Германіі выглядала вельмі супярэчлівай: з улікам таго, што менавіта гэты горад быў сталіцай дзяржавы, якая ўмудрылася за няпоўныя паўстагоддзя развязаць дзве сусветныя вайны. Пераезд у Берлін, асабліва левымі партыямі, разглядаўся як сімвалічнае адраджэнне духу германскага імперыялізму. Некаторыя прапаноўвалі ў якасці сталіцы нават Франкфурт-на-Майне, які лічыцца калыскай нямецкай дэмакратыі, — тут у 1848 годзе сабраўся першы нацыянальны парламент. Меў сталічныя амбіцыі і Патсдам — горад-спадарожнік Берліна, дзе ў свой час знаходзілася рэзідэнцыя культавага прускага імператара Фрыдрыха. Аднак гэтыя варыянты нават не разглядаліся ўсур’ёз.
Цікава, што самі берлінцы не вельмі жадалі ператварацца ў жыхароў сталіцы. Асабліва былі незадаволеныя жыхары Заходняга Берліну. Падчас «халоднай вайны» захад Берліну мала цікавіў заможных бюргераў ФРГ, якія баяліся савецкіх танкаў. Таму кватэры ў цэнтральных кварталах былі даступныя для студэнтаў, працоўных мігрантаў, артыстычнай багемы. Перспектыва пераезду сталіцы на бераг Шпрэе азначала хуткую міграцыю сюды чыноўнікаў і буйных бізнесменаў, на гаманцы якіх будуць арыентавацца арандадаўцы і ўладальнікі крамаў (пасля пераезду, дарэчы, так і атрымалася). Аднак думку гараджан ніхто слухаць не хацеў. Пытанне пераезду нават не разглядалася ў гарадскім Сенаце. Хапіла вуснай згоды тагачаснага бургамістра.
Жыхары ж усходненямецкай глыбінкі, наадварот, успрынялі плёткі пра новую сталіцу як падарунак нябёсаў. Наступствам пераезду мусіла стаць буйная рэканструкцыя гораду, а гэта значыць — працоўныя месцы, якіх у правінцыі пасля краху планавай эканомікі ГДР станавілася ўсё менш.
Настроі заходніх берлінцаў шмат у чым гарманіравалі з настроямі бонскіх чыноўнікаў, якія ў труне бачылі той Берлін. Іх абсалютна не натхняла ідэя жыць у горадзе, дзе няма добрай інфраструктуры, элітнага жытла і адпаведнай спажывецкай мадэлі. Не мелі ахвоты мяняць прапіску і дэпутаты.
Тым не менш у выніку «бонцы» апынуліся ў меншасці. Падчас дэбатаў у Бундэстагу пра новую сталіцу большасць прысутных пагадзіліся са спікерам хрысціянскіх дэмакратаў Вольфгангам Шойбле, які нагадаў, што пачынаючы ад блакады 1949-га Берлін быў у вачах немцаў сімвалам дэмакратыі і свабоды. Натуральна адзначалася, што феномен Берліна, дзе яшчэ нядаўна былі заходні і ўсходні сектары, як нішто іншае сімвалізуе ідэю нямецкага адзінства.
Праўда, канчатковай перамогі «берлінцы» так не атрымалі. Па-першае, на пераезд адводзілася тры гады. Тым, хто жадаў, дазволілі дапрацаваць да пенсіі ў Боне. Сам горад захаваў статус федэральнага гораду, паколькі абвяшчаўся «запасной» сталіцай. Па-другое, нейкім чынамі аматары бонскага варыянту пралабіравалі ідэю, каб шэсць з 24 міністэрстваў усё ж засталіся ў Боне. Так узнікла незвычайная з’ява, якую ў Германіі называюць «маятнік-сталіца». Карыстаючыся цяперашнім юбілеем як нагодай, адзін з міністраў выказаў намер перавезці ў Берлін усе федэральныя дэпартаменты.
Цяперашнім рэхам рашэння 25-гадовай даўніны сталі бойкі моладзі з паліцыяй на заштатнай вуліцы Rigaer. Тут з часоў ГДР засталіся некалькі дамоў, захопленых анархістамі. Як ні дзіўна, увесь гэты час улады на іх заплюшчвалі вочы. Аднак запушчаны пераездам сталіцы рост коштаў на нерухомасць сёння прымусіў мэрыю задумацца і пра эксплуатацыю аб’ектаў на Rigaer.
Увогуле, вельмі сімвалічна, што цяперашні юбілей Берліна як сталіцы прыйшоўся на глабальныя трансфармацыі, выкліканыя рэферэндумам у Вялікабрытаніі. Адным з яго наступстваў сталі дэбаты пра тое, што Лондан можа перастаць адыгрываць ролю сусветнай фінансавай пляцоўкі. Ужо зараз пра намер стаць новай фінансавай сталіцай свету заявілі Мадрыд, Парыж і Франкфурт. Пра сваё Сіці мараць і ў берлінскай ратушы.