Якую назву пакінуць раю?

Якія асацыяцыі ў вас выклікае слова «Алма-Ата»? Напэўна, розныя, а вось Сейтказы Матаеў, кіраўнік афіцыйнага Саюза журналістаў Казахстана, пачуўшы слова «Алма-Ата», адразу чуе «журчанне арыкаў, пах сакавітых яблыкаў, горную свежасць». Гэта, на яго думку, важныя аргументы за тое, каб вярнуць гораду Алматы назву Алма-Ата.



534600.jpg

Алматы

Дадатковы і, напэўна, галоўны аргумент Матаеваняма ніякага нарматыўнага дакументу, паводле якога Алма-Ата павінна называцца Алматы (па-казахску «Яблыневы»). Нагадаем, што Алма-Ата з’явілася на мапе ў 1921 годзе. Аднак Алма-Ата — гэта не руская транслітарацыя Алматы, а абсалютна іншае слова. Нават не слова, а гібрыд двух казахскіх слоў: «Алма» + «Ата» (Яблык + Дзед). Дарэчы, пра яблыкі. Брытанскія навукоўцы ўсталявалі, што практычна ўсе вядомыя ў свеце гатункі яблыкаў маюць карані з раёну Алматы. Так што ёсць нават версіі, што біблейскі рай знаходзіўся менавіта тут.

Праўда, тапонім Алма-Ата прыдумалі не Адам і Ева, а рускамоўныя партработнікі на сходзе Прэзідыума ЦВК Туркестанскай АССР 5 лютага 1921 года. Паводле рэзалюцыі, прынятай на гэтым сходзе, «у азнаменаванне гістарычных пачынанняў вызвалення мусульманскай беднаты перайменаваць г. Верны ў г. Алма-Ата па назве мясцовасці, у якой знаходзіцца». За аснову была ўзятая назва горнай рэчкі Алмацінка (менавіта так яна называлася на дарэвалюцыйных мапах).

Так горад і называўся да краху СССР, калі яго на хвалі нацыянальнага адраджэння пачалі называць Алматы. Аднак ніводны ўпаўнаважаны на гэта орган адпаведнае рашэнне не прымаў. Адзінае, што ёсць, — тэкст Канстытуцыі 1993 года, дзе ў рускім варыянце горад называецца на казахскі манер — Алматы. З таго часу афіцыйна горад называюць выключна Алматы. У 2004 годзе са спасылкай на Канстытуцыю адной з мясцовых газет праз суд забаранілі рэкламаваць сябе як газету, што асвятляе падзеі ў горадзе Алма-Ата.

Аднак цяпер высвятляецца, што пры прыняцці Канстытуцыі адбыўся казус. Адзін з аўтараў тэксту асноўнага казахскага закону ўзгадвае: «Прэзідэнт у той час лічыў, што для рускага вуха і гаворкі мілагучная натуральная транскрыпцыя: Алма-Ата, а для казахскага — Алматы. Але ў першую Канстытуцыю незалежнага Казахстана, напісаную на казахскай і рускай мовах, трапіў толькі адзін варыянт — Алматы. Прэзідэнт прызнаўся, што, чытаючы рускі тэкст, скрупулёзна вывяраў важныя палітычныя артыкулы. А вось радок: «Сталіцай Рэспублікі Казахстан з’яўляецца горад Алматы» проста... прапусціў. Калі спахапіўся — усё, Канстытуцыя падпісаная. Назад не вернеш. Цягнік пайшоў. Мне падалося, прэзідэнт вельмі злаваўся на сябе за гэта».

Акрамя спасылкі на гэтую амаль анекдатычную гісторыю, Матаеў кажа, што яго падтрымлівае армія чыноўнікаў і грамадскасці, якія настальгуюць па назве Алма-Ата. Да гэтай грамадскасці яўна не належаць казахскія нацыяналісты, якія ўспрынялі ініцыятыву катэгарычна адмоўна. Адзін з крытыкаў ідэі вяртання назвы Алма-Ата адзначае: «Назвы населеных пунктаў і іншых геаграфічных аб’ектаў у любой краіне ніхто не падганяе і не павінен падганяць пад вымаўленне іншых народаў ці дубляваць іх на іншай мове, унутры краіны яны даюцца і ўжываюцца толькі на мове яе карэнных жыхароў. Скажам, казахі таксама жывуць у розных краінах свету, аднак яны ж нідзе не патрабуюць, каб там нешта «падганялі» пад казахскую мову. Гэтак жа павінны паводзіць сябе і ўсе дыяспары ў кожнай краіне планеты… Не кажучы пра тое, што вяртанне скажонай назвы — гэта абсурд, які не ўкладваецца ні ў якія рамкі!»

У якасці контратакі казахскія нацыяналісты прапануюць вярнуць старадаўнія цюркскія назвы рускім гарадам: Хажы-Тархан — Астрахань, Арынбор — Арэнбург, Сарысу — Царыцын, Сарытаў — Саратаў, Омбы — Омск, Тумен — Цюмень, Барынауыл — Барнаул і г. д.

Такая жорсткая рэакцыя на заяву Матаева тлумачыцца тым, што вяртанне тапоніма Алма-Ата можа стаць прэцэдэнтам. Не выключана, што пасля стартуе паўзучы перагляд назваў іншых населеных пунктаў, якія ў 1990-я гады пачалі называцца на казахскі лад. Так, Акцюбінск тады стаў Акцюбе, Сяміпалацінск — Семей і г. д. Заклікі вярнуцца да старой (савецкай) тапанімікі — важны складнік праграмы прарасійскага палітычнага руху.

Сапраўды, прамаскоўскія сілы ўжо падхапілі ідэю Сейтказы. Іх выданні крытыкуюць «аматараў нацыяналістычных пантоў»: «У сярэдзіне першага тысячагоддзя да нашай эры на тэрыторыі цяперашняга Казахстану жылі сакі (скіфы). Ім на змену паступова прыходзілі сарматы, гуны (у залежнасці ад часу і геаграфічнага становішча). Потым з’явіліся старажытныя цюркі, і толькі ў сярэднявеччы ўтварыўся этнонім «казах». Дык, можа, дзеля шанавання мінулага нам лепей называцца гунамі? Гэта, магчыма, лагічна, але больш падобна на любоў нашых суайчыннікаў ганарыцца мінулым, чым сучаснасцю».

Што тычыцца палітычнай апазіцыі, то яна пабачыла ў заявах Сейтказы Матаева банальнае жаданне дагадзіць кіраўніцтву. Як вядома, увосень Дарыга Назарбаева, дачка Елбасы, арганізуе ў былой сталіцы грандыёзны фестываль «Алма-Ата — мая першая любоў». І менавіта ў гэты час, на думку Матаева, мэрыя Алматы прыме пастанову пра новую (старую) назву горада. Акрамя таго, уладзе важна адцягнуць увагу грамадства ад сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне, і тапаграфічная вайна гэтага — самы лепшы сродак.

Трэба прызнаць, што большасць жыхароў Алматы дасюль называе горад па-старому. Пра гэты сведчаць у тым ліку назвы розных груп жыхароў гораду ў сацыяльных сетках. Мяркуючы па ўсім, Алма-Ата — частка лакальнай калектыўнай ідэнтыфікацыі, сродак падкрэсліць дыстанцыю ад дыскурсу ўлады. Аднак гэта не значыць, што ініцыятыву Матаева падтрымаюць. Праўда, пытацца ў гараджан таксама ніхто не будзе.

Застаецца дадаць, што вяртанне назвы Алма-Ата абяцае выклікаць цікавыя спрэчкі юрыстаў. Па-сутнасці мы маем юрыдычны нонсенс. Як можна вярнуць Алматы назву Алма-Ата, калі афіцыйна горад не быў перайменаваны? Адсюль яшчэ больш глабальнае пытанне: ці з’яўляюцца законнымі нарматыўныя дакументы, дзе значыцца тапонім Алматы? Па закону, яны таксама нелегітымныя. У тым ліку цяперашняя прэзідэнцкая канстытуцыя, на аснове якой пабудаваная назарбаеўская вертыкаль.