Юань — ён і ў Афрыцы юань

З новага года юань стаў грашовай адзінкай не толькі Кітая, але і ў Зімбабвэ. Улады гэтай краіны абвясцілі аб пачатку выкарыстання кітайскіх грошай унутры краіны. Пераход на юань афрыканскіх краін: прэцэдэнт або тэндэнцыя?



uan_china.jpg

Фота reactor.inform.kz

У свеце хапае краін, якія выкарыстоўваюць для ўнутраных разлікаў замежныя валюты. Аднак выпадак Зімбабвэ ўнікальны. Упершыню ў гісторыі краіна перайшла на кітайскія грошы. Увогуле, рэформа, якую анансавалі 26 снежня зімбабвійскія ўлады, будзе праходзіць у некалькі этапаў. У рамках першага этапу кітайскім турыстам будзе дазволена разлічвацца ў Зімбабвэ юанямі. Затым у юанях улады краіны пачнуць разлічвацца з Кітаем па пазыках.

Пераход на юань тлумачыцца выключна прагматычнымі прычынамі і макраэканамічнымі разлікамі. Так, па словах мясцовага афіцыёза, выкарыстанне юаняў дапаможа знізіць негатыўны эфект амерыканскіх санкцый у дачыненні да Зімбабвэ. А менавіта: дазволіць рабіць трансакцыі праз кітайскія фінансавыя кампаніі, а не праз амерыканскія, дзе іх час ад часу блакуюць.

«Калі мы пачнём выкарыстоўваць юань, то стымулюем кітайцаў рабіць тут больш», — кажа адзін з мясцовы эканамістаў. Нарэшце, за пераход на юань Кітай пагадзіўся прабачыць краіне доўг у сорак мільёнаў долараў.

Між тым, сярод эканамістаў і палітолагаў хапае і тых, хто бачыць у навінах з Зімбабвэ не проста бзік мясцовай дыктатуры Роберта Мугабэ, а праяву больш глабальнага дрэйфу — паўзучага пранікнення Кітаю ва ўнутраныя справы афрыканскіх дзяржаваў. Кітай даўно і сістэмна працуе на Чорным кантыненце (агульныя інвестыцыі КНР у афрыканскія дзяржавы за апошнія 15 гадоў дасягнулі 40 мільярдаў долараў), а зімбабвійскі накірунак для Пекіну — адзін з самых прыярытэтных. За апошнія гады Кітай стаў другім па велічыні гандлёвым партнёрам для Зімбабвэ, саступаючы тут толькі суседняй ПАР. Пры гэтым кітайцы працуюць не толькі ў сферах развіцця мясцовай інфраструктуры і горнай вытворчасці. Была таксама падпісана двухбаковая дамова пра падтрымку спецыялістамі.

Акрамя таго, пераход на юані ў Зімбабвэ ўспрымаецца ў кантэксце будаўніцтва ў Джыбуці першай у Афрыцы кітайскай вайсковай базы. Гэтая база значна ўзмацніць пазіцыі КНР у рэгіёне, дзе актыўна ідзе перадзел сфер уплыву паміж вялікімі дзяржавамі.

З іншага боку, некаторыя кажуць, што Зімбабвэ — гэта асобны выпадак, і ўсё, што тут адбываецца, трэба разглядаць ізалявана ад агульнаафрыканскіх трэндаў. Пачнём з таго, што гэта адзіная ў Афрыцы краіна, якая знаходзіцца пад санкцыямі з боку Захаду, што аўтаматычна штурхае рэжым у абдымкі Пекіну. Па сутнасці, Кітай і зайшоў у Зімбабвэ пасля чарговага канфлікту з ЗША на глебе санкцый. Пекін адгукнуўся на просьбу Харарэ аб дапамозе і пачаў актыўна выдаваць крэдыты, завазіць тавары народнага спажывання, дапамагаць у будаўніцтве інфраструктурных аб’ектаў у абмен на допуск да здабычы мясцовых карысных выкапняў. Трэба заўважыць, што Кітай пры гэтым стварыў сабе пазітыўны імідж краіны, якая ў адрозненні ад Захаду гатовая дапамагаць Зімбабвэ.

У дадатак у Зімбабвэ настолькі арыгінальная фінансавая сістэма, што пераход на юані не выглядае такім ужо і вялікім сюрпрызам. Шэсць гадоў таму ўрад Зімбабвэ аб’явіў пра адмову ад уласнай валюты — зімбабвійскага долара, пасля таго як эканамічны крызіс і гіперінфляцыя ў некалькі тысяч адсоткаў прывяла да яго поўнага абясцэньвання. Цяпер у краіне ходзяць паўднёваафрыканскія ранды, еўра і амерыканскія долары.

У завочнай дыскусіі: што стаіць за пераходам Зімбабвэ на юань — думаецца, перамагаюць тыя, хто бачыць у гэтым элементы кітайскай экспансіі. З дапамогай сеткі краін-сяброў па ўсім свеце, Пекін рыхтуецца стаць звышдзяржавай не толькі ў эканамічным, але і ў палітычным сэнсе. Дарэчы, у афрыканскай прэсе пачалася кампанія ў падтрымку рашэння ўраду Зімбабвэ. «Уся Афрыка вітае прыход юаня, бо падыход Кітая адрозніваецца чалавечнасцю. І калі нас палохаюць Пекінам, мне смешна. У нас больш за 400 гадоў вопыту ўзаемаадносін з Еўропай. З іх 300 — гэта гады рабства. 100 гадоў каланіялізму. На Чорным кантыненце чака­юць альтэрнатыву бязлітаснасці еўрапейцаў. Пасля падзення СССР гэтая альтэрнатыва знікла, таму прыход Кітая натхняе. Хай юань будзе валютай Зімбабвэ, калі гэта ўратуе няшчасную краіну», — піша адзін з ганскіх эканамістаў.

Аднак пра трыумфальнае шэсце юаня па Афрыцы казаць рана. Існуюць моцныя культуралагічныя бар’еры. За гады каланіялізму і посткаланіялізму жыхары Зімбабвэ прывыклі да зялёных паперак і ахвотна давяраюць ім. Ці будуць яны захоўваць зберажэнні ў паперках з іерогліфамі і выявай Маа — гэта яшчэ пытанне.

Пра гэта, напрыклад, сведчыць рэпартаж радыёстанцыі «Голас Амерыкі». Журналіст прайшоўся па цэнтру Харарэ, спрабуючы разлічыцца юанямі за розныя дробныя паслугі. Эксперымент паказаў, што толькі некаторыя зімбабвійцы гатовыя браць юані. Практычна агульную думку выказаў нейкі гандляр садавіной: «Я надаю перавагу ранду (валюта Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі), паколькі ПАР побач, і долару, паколькі долар — гэта інтэрнацыянальная валюта, якую прымаюць паўсюль».

Другім выклікам для юаня ёсць сталая палітычная нестабільнасць ў Зімбабвэ, што нарастае па ходу таго, як старэе нязменны прэзідэнт Роберт Мугабэ, якому хутка споўніцца 92 гады. Час ад часу з’яўляюцца чуткі пра падрыхтоўку палацавага перавароту. Калі нават удасца пазбегнуць путчу, ніхто не ведае, як будзе дзейнічаць пераемнік Мугабэ.