Карлсан, які галасуе за правых
Сенсацыяй выбараў у Швецыі стаў прарыў у парламент правай радыкальнай партыі Шведскія дэмакраты (SD).
Сенсацыяй выбараў у Швецыі стаў прарыў у парламент правай радыкальнай партыі Шведскія дэмакраты (SD).
Хаця шведы лічацца вельмі памяркоўнай нацыяй, сустракаюцца тут і такія экзатычныя экземпляры, як правыя радыкалы. Першыя групоўкі нацыстаў узніклі ў краіне ў 1920-я гады, калі ў Еўропе пачала
набываць папулярнасць расавая тэорыя. У 1926 годзе на свет з’явілася Фашысцкая народная партыя Швецыі. Пасля партыі такога кшталту пачалі расці як грыбы пасля дажджу — Нардычная
моладзь, Нацыянал-сацыялістычная партыя будучага, Новы шведскі рух і г.д. Гісторыкі налічылі да 90 рознага кшталту карычневых асацыяцый і ініцыятыў, якія існавалі ў краіне да вайны. Дарэчы, сябрам
адной з такіх груп — Новы шведскі рух — быў некаторы час Інгвар Кампрад, адзін з заснавальнікаў кампаніі IKEA.
Аднак колькасць — не значыць якасць. Адзінства сярод карычневых не было. У 1930 годзе фюрэры дзвюх вядучых партый вырашылі аб’яднацца, але хутка зноў пасварыліся, і ўсё
вярнулася на свае месцы. Магчыма, нацысты не маглі падзяліць грошы, якія ішлі з Берліну.
Цікава, што пасля падаўлення путчу Рэма ў Германіі некаторыя шведскія нацы расчараваліся ў нямецкай мадэлі нацызму. Яны нават замянілі свае сімвалы — свастыку на герб каралеўскага роду Ваза.
Ускосна гэта пасавала тэзісу пра тое, што немцы — арыі другога гатунку, а вось Швецыя з’яўляецца сапраўднай калыскай арыйскай расы. Цікава, што Швецыя, як і Германія, да вайны
праводзіла палітыку стэрылізацыі хворых і алкаголікаў.
Падчас вайны ў краіне дзейнасць правых была паралізаваная. Улады Швецыі, якая заняла нейтралітэт, бачылі ў радыкальных правых патэнцыйных нямецкіх шпіёнаў.
Пасля вайны правы рух адрадзіўся, аднак ніякай істотнай ролі ў палітыцы не адыгрываў. Звычайна гэты лагер прадстаўлялі дастаткова радыкальныя, антысеміцкія і вельмі далёкія ад рэальнасці
секты.
У якасці прыкладу можна прывесці Нацыянал-сацыялістычны фронт Швецыі (NSF), створаны ў 1994 годзе. Фронт (яго забаранілі ў 1998-м) выступаў за ліквідацыю дэмакратычнай сістэмы і за наданне датацыі
сем’ям, дзе растуць «генетычна здаровыя дзеці».
Іншая экзатычная тусоўка — Нацыянальныя дэмакраты. Гэта, як правіла, былыя сацыял-дэмакраты, якія выступаюць за забарону рэстаранаў McDonald’s і супраць прапаганды культуры
амерыканскіх гета.
Асобная фракцыя шведскага правага радыкалізму — ініцыятывы, звязаныя з моладзевымі субкультурамі цяжкага року, панку і г.д. Напрыклад, сетка Storm. Вось з якога асяроддзя выйшлі Шведскія
дэмакраты.
А пачалося ўсё з кампаніі «Захаваем Швецыю шведскай», арганізаванай шэрагам радыкалаў.
У 1988 годзе тагачасны лідэр кампаніі пачаў паступовую трансфармацыю ў «еўрапейскую нацыяналістычную партыю». Гэта азначала стаўку на папулісцкія лозунгі за кошт нацысцкай традыцыі.
Шведскія дэмакраты выступаюць супраць эмігрантаў і гомасексуалістаў. Трыбуны SD патрабуюць вяртання эмігрантаў на іх гістарычную радзіму. Сцвярджаецца, што зэканомленых на эмігрантах грошай
будзе дастаткова, каб палепшыць жыццё маргінальных частак насельніцтва і пенсіянераў. Таксама Шведскія дэмакраты супраць аднаполых шлюбаў і ўвогуле гомасексуалістаў. Тут ёсць адзін кур’ёз
— гамафобскія лозунгі SD знаходзяць падтрымку сярод выбаршчыкаў-мусульман, якія, як правіла, эмігранты.
SD заявіла пра сябе пасля выбараў 1996-га, на якіх Шведскія дэмакраты сабралі 30 тысяч галасоў — столькі правыя не збіралі з даваенных часоў. У 2006 годзе Шведскія дэмакраты набралі 2,9
працэнта (прахадны бар’ер у шведскі парламент — 4 працэнты). Поспех шырока каментаваўся ў прэсе. І вось цяпер узятая наступная прыступка: набраўшы 6 працэнтаў, партыя атрымала 20
дэпутацкіх мандатаў.
Пакуль цяжка сказаць, якія перспектывы ў Шведскіх дэмакратаў. Еўрапейская прэса прызнае, што шведскае грамадства зрабіла крэн направа. Рэалізацыя ж лозунгаў SD на практыцы з’яўляецца
дастаткова ўтапічнай. Асабліва высылка эмігрантаў, якіх у Швецыі 14 працэнтаў.
У лепшым выпадку, на думку экспертаў, SD могуць паўтарыць прыклад Дацкай народнай партыі, ад галасоў дэпутатаў якой залежыць лёс урадавай кансерватыўна-ліберальнай кааліцыі. Аднак правыя цэнтрысты,
якія перамаглі на выбарах, не збіраюцца весці перамовы з ультраправымі, нават нягледзячы на тое, што ім не хапае галасоў для парламенцкай большасці. Па іх словах, яны будуць намагацца пераманіць на
свой бок Зялёных, якія, дарэчы, упершыню ў гісторыі сталі трэцяй партыяй у парламенце.
----------------------------------------------------------
Каментар
Пра вынікі апошніх выбараў разважае Сяргей Рауш, беларускі студэнт, які вучыцца ва ўніверсітэце Мальмё.
— Ці сапраўды настолькі важная праблема эмігрантаў у шведскім грамадстве?
— Хутчэй, існуе праблема інтэграцыі эмігрантаў, асабліва ўцекачоў як групы, у шведскае грамадства. Часткова таму, што працэс афармлення прытулку занадта зацягнуты, часткова таму, што курсы
шведскай мовы для эмігрантаў маглі б быць яшчэ лепшымі. Больш таго, існуюць раёны, якія заселены галоўным чынам эмігрантамі, і гэта, вядома, таксама вельмі замінае інтэграцыі. Але шматлікія шведы
лічаць, што з самім эмігрантамі праблем няма, а гэта хутчэй структурныя праблемы, звязаныя з эміграцыяй і інтэграцыяй.
— Які партрэт сярэдняга правага выбарца?
— Гэта часцей мужчыны, чым жанчыны, хутчэй некваліфікаваныя працаўнікі ці беспрацоўныя, чым людзі з пасадай, і яны звычайна жывуць на поўдні Швецыі, дзе вялікі працэнт эмігрантаў.
— Як шведы ставяцца да эмігрантаў з Беларусі?
— Наконт беларусаў у шведаў няма вызначанага меркавання, пра іх вельмі мала ведаюць і рэдка сустракаюць. Хоць нядаўна я пазнаёміўся з адным з сяброў партыі “Новыя мадэраты
з Мальмё, які ведае Франака Вячорку. Апошні неяк прыязджаў у Мальмё і распавядаў пра Беларусь. Яшчэ амаль усе шведы-мужчыны лічаць несправядлівым тое, што аднойчы беларусы выйгралі ў шведаў у
хакей.