Кіруючая кааліцыя Аўстрыі вырашыла забараніць нікаб і паранджу

Кіруючая кааліцыя ў Аўстрыі прадставіла законапраект, якім уводзіцца забарона на нашэнне ў грамадскіх месцах жаночага мусульманскага адзення, якое цалкам хавае твар.

Дзяўчына ў нікабе — мусульманскім жаночым галаўным уборы, які закрывае твар, з вузкім прарэзам для вачэй. Фота GETTY IMAGES

Дзяўчына ў нікабе — мусульманскім жаночым галаўным уборы, які закрывае твар, з вузкім прарэзам для вачэй. Фота GETTY IMAGES

З ініцыятывай увядзення забароны на з'яўленне ў судах, школах і іншых грамадскіх месцах у нікабе і паранджы выступілі Сацыял-дэмакратычная і Аўстрыйская народная партыі.

"Мы адданыя ідэі адкрытага грамадства, якое прадугледжвае адкрыты працэс зносін. Адзенне, што цалкам хавае твар, перашкаджае гэтаму, і таму павінна быць забароненае", — гаворыцца ў тлумачэнні да законапраекта.

Таксама разглядаецца варыянт абмежаванняў на нашэнне хіджабу (мусульманскай хусткі) і іншых рэлігійных сімвалаў супрацоўнікамі дзяржаўных устаноў.

У Аўстрыі шэраг экспертаў успрымаюць гэтую заканадаўчую ініцыятыву кіруючай кааліцыі як спробу стрымаць рост папулярнасці ультраправай Партыі свабоды, якая выступае супраць павелічэння колькасці мігрантаў.

Ва ўрадзе журналістам патлумачылі, што забарона будзе тычыцца ў роўнай ступені як гарналыжных курортаў, так і сталіцы краіны, Вены.

Па некаторых ацэнак, у Аўстрыі паранджу і нікаб носяць каля 150 жанчын.

Турыстычныя кампаніі асцерагаюцца, што забарона адштурхне ад наведвання Аўстрыі жыхароў краін Персідскага заліва.

За апошнія некалькі гадоў шэраг еўрапейскіх краін увялі абмежаванні на нашэнне ў грамадскіх месцах жаночага мусульманскага адзення. Францыя ў 2011 годзе стала першай еўрапейскай краінай, якая афіцыйна забараніла насіць паранджу і іншую вопратку, што хавае твар у грамадскіх месцах.

У тым жа годзе забарона на нашэнне такога адзення была ўведзена ў Бельгіі, а ў верасні 2016 года аналагічны законапраект ухваліла ніжняя палата парламента Швейцарыі.

У снежні мінулага года канцлер Германіі Ангела Меркель упершыню выказалася на карысць забароны на нашэнне ў краіне паранджы і нікаба. Раней МУС федэральнай зямлі Гесен забараніла дзяржаўным службоўцам прыходзіць на працу ў паранджы.

Паводле ВВС