Леанід Чарнавецкі, Ханін Саабі, Міхаіл Саўчанка
Леанід Чарнавецкі
Леанід Чарнавецкі
Мэр Кіева вядомы сваімі экстравагантнымі выхадкамі кшталту правядзення конных
скачак на кубак мэра. Той, хто паставіць грошы на рысака, які прыйдзе першым, атрымлівае прыз — ганаровае права зрабіць фотаздымак з гарадскім галавой. Чарнавецкі, які знік на пэўны час з
поля зроку публікі з-за хваробы, вярнуўся ў ратушу, каб зноў узяцца за старое. На гэты раз ён, калі верыць крыніцам украінскай газеты «Сегодня», вырашыў давесці сваім праціўнікам,
што абсалютна псіхічна здаровы. Сапраўды, апазіцыя даўно патрабавала ад Юшчанкі правесці экспертызу наконт псіхічнага стану мэра Кіева. І вось цяпер Чарнавецкі быццам гатовы наведаць псіхіятра
добраахвотна і даказаць, што з галавой у яго ўсё нармальна. Праўда, нашто гэта яму рабіць, да канца не зразумела. Адпаведна ўкраінскаму Закону аб дзяржаўных чыноўніках, пасаду кіраўніка адміністрацыі
можа займаць асоба, якая папярэдне атрымае ад псіхіятра даведку са штампам «прыдатны». Чарнавецкі, відавочна, такую даведку мае. Думаецца, што мэр рыхтуе чарговае шоу. Дарэчы, раней
Чарнавецкага падазравалі ва ўжыванні какаіну. У адказ ён здаў аналізы і давёў сваім апанентам, што наркотыкі не прымае.
Ханін Саабі
39-гадовая грамадзянка Ізраілю арабскага паходжання, педагог па
спецыяльнасці, стала першай у ізраільскай гісторыі палесцінкай, якая была абрана ў парламент. Усяго ў Кнесеце, па выніках апошніх выбараў, будзе засядаць дзесяць арабаў. Падчас адкрыцця сесіі на
мінулым тыдні ўсе яны, дарэчы, дэманстратыўна праігнаравалі спяванне дзяржаўнага гімна. Партыя, якую прадстаўляе Ханін, абяцала выбаршчыкам, што ў выпадку абрання ў парламент будзе змагацца супраць
дыскрымінацыі арабаў, якія жывуць у Ізраіле. Ханін лічыць, што яна таксама ахвяра дыскрымінацыйнай палітыкі. Па яе словах, палесцінскае паходжанне не дало ёй магчымасці ў свой час зрабіць акадэмічную
кар’еру. Праўда, Ханін не мае ілюзій наконт будучыні: абсалютную большасць месцаў у Кнесеце займаюць прадстаўнікі правых партый, якія выступаюць за жорсткую лінію ў адносінах да арабаў.
Дэпутатка кажа, што паспрабуе хіба што нешта зрабіць для вырашэння праблемы беспрацоўя сярод палесцінскіх жанчын.
Міхаіл Саўчанка
Былы мэр Мурманску ад партыі «Адзіная Расія» аказаўся
галоўным героем выбараў мэраў трох буйных расійскіх гарадоў. 1 і 14 сакавіка жыхары Томску, Петрапаўлаўска-Камчацкага і Мурманску абіралі кіраўнікоў мясцовай адміністрацыі. У Томску і на Камчатцы
стаўленікі адзінаросаў перамаглі. А вось у Мурманску адбыўся нечаканы пракол. У другім туры Саўчанка прайграў былому віцэ-губернатару Сяргею Субоціну, прычым з катастрафічным разрывам: 60 працэнтаў
— за Субоціна і толькі 30 працэнтаў — за Саўчанку. Паражэнню папярэднічаў скандал: мясцовая секцыя «Адзінай Расіі» раскалолася на прыхільнікаў Саўчанкі (яго
кандыдатуру зацвердзіла Масква) і Субоціна, які абапіраўся на адміністратыўны рэсурс губернатара Юрыя Еўдакімава. Падзеі ў горадзе, што знаходзіцца за палярным кругам, выклікалі вялікі рэзананс па
ўсёй Расіі. Некаторыя аналітыкі разглядаюць фронду мурманскага губернатара як спробу рэгіёнаў скарыстацца крызісам і адарваць ад цэнтра больш улады. А галоўны палітолаг Крамлю Глеб Паўлоўскі лічыць,
што Еўдакімава выкарысталі ў сваіх інтарэсах колы, якія мараць пра дэстабілізацыю Расіі.