Малдова. Расія павінна адказаць за забойства
Малдаўскія праваабаронцы пачалі кампанію за тое, каб Масква прызнала адказнасць за масавае забойства румын, якія спрабавалі перайсці савецка-румынскую мяжу ў красавіку 1941 года. Праз Фентына Албэ (цяпер украінская вёска Белыя Крыніцы) намагаліся збегчы румыны Паўночнай Букавіны, якая, як і Бесарабія, стала часткай СССР у чэрвені 1940 года.
Фентына Албэ
Галоўнай прычынай масавага сыходу сталі першыя выпадкі дэпартацыі румын як патэнцыйна палітычна нелаяльных элементаў у Сібір. Усяго да пачатку вайны СССР і Германіі было дэпартавана каля 28 тысяч румын. Каб спыніць рух бежанцаў, у красавіку 1941-га савецкія вайскоўцы ўжылі зброю. Па розных дадзеных, у выніку расправы было забіта каля 3 тысяч чалавек. Два гады таму румынскі парламент прызнаў дзень 1 красавіка Днём памяці рэпрэсаваных румынаў у СССР. Пакуль МЗС Расіі ігнаруе патрабаванні Кішынёва і Бухарэста. У сваю чаргу, расійскія гісторыкі звяртаюць увагу на тое, што Румынія таксама не выпускала ў анексаваную СССР Малдову і Букавіну выхадцаў з гэтых рэгіёнаў. Так, 30 чэрвеня 1940 года ў горадзе Галац румынскімі памежнікамі было паранена каля 600 малдаван, якія намагаліся вярнуцца на радзіму.
Паводле малдаўскай прэсы