Сенсацыя! Невялікі памер мозгу не сведчыць пра маленькі розум

Як вядома, разумны твар яшчэ не прыкмета розуму. Цяпер высветлілася, што і невялікі памер мозгу не азначае, што розум маленькі. Гэта пацвердзілі знаходкі археолагаў у Паўднёвай Афрыцы, вынікі даследаванняў цяпер актыўна публікуюць як спецыялізаваныя навуковыя часопісы, так і вядучыя сродкі масавай інфармацыі.

Рэканструкцыя гома наледзі. Крыніца: Вікіпедыя

Рэканструкцыя гома наледзі. Крыніца: Вікіпедыя


Адкрыцці ў «Калысцы Чалавецтва»

За 50 км на паўночны ўсход ад Ёханесбурга месціцца раён, які атрымаў назву «Калыска Чалавецтва». У гэтым раёне былі знойдзены косткі самых ранніх продкаў чалавека, у тым ліку — аўстралапітэка афрыканскага, узростам каля 2,5 млн год.
Тут у 2013-м у пячорнай сістэме з паэтычнай назвай «Пячора Узыходзячай Зоркі» група археолагаў знайшла скамянелыя парэшткі істот, якія біялагічна належалі да гэтак званай трыбы гамініні, да якой належаць таксама людзі, шымпанзэ і баноба. То-бок яны з'яўляюцца досыць блізкімі родзічамі чалавека разумнага. Па месцы знаходкі новыя істоты атрымалі назву «гома наледзі» — «людзі зоркі» («наледзі» з мовы сэсота, на якой размаўляе мясцовае насельніцтва, перакладаецца як «зорка»).
Чым новыя «старыя» істоты адрозніваліся ад чалавека разумнага, дык гэта маленькім аб’ёмам мозгу. У дарослых мужчын ён сягаў да 610 кубічных сантыметраў, што набліжае яго да паказальнікаў, уласцівых аўстралапітэкам. Для параўнання, у гома эрэктусаў («людзей прамаходзячых») аб’ём мозгу роўны прыблізна 900 кубічным сантыметрам, у сучасных людзей — 1200.
Гэта акалічнасць прымусіла навукоўцаў першапачаткова аднесці «людзей зоркі» да ранніх формаў чалавечых істот і датаваць іх, зыходзячы з традыцыйных поглядаў на эвалюцыю, 1-2 млн год таму. Але аналізы, праведзеныя сучаснымі метадамі датавання (у тым ліку метадам торыум-230), якія дазваляюць працаваць з матэрыяламі, дзе традыцыйны метад датавання па радыеактыўным вугляродзе С14 ужо не можа дапамагчы, прадэманстравалі куды больш «малады» ўзрост знаходак: 335-236 тысяч год таму.

Такім чынам, гома наледзі існавалі паралельна з іншымі прадстаўнікамі рода гома, якім, як лічылася, большы аб’ём мозгу даваў куды больш вялікія перавагі ў выжыванні.


Эвалюцыя мусіла весці да таго, што продкі чалавека з вялікім мозгам выціскалі з паверхні планеты тых, хто меў маленькі мозг і, адпаведна, валодаў меншымі інтэлектуальнымі здольнасцямі. Так адбылося, напрыклад, з яшчэ адным нядаўна адкрытым відам старажытных людзей — гома фларэскі (homo floresiensis). Гэтыя людзі, рост якіх быў каля аднаго метра, а аб’ём мозгу прыблізна быў роўным аб'ёму мозгу гома наледзі (каля 400 сантыметраў кубічных), здолелі дажыць у поўнай ізаляцыі на выспе Флорэс у Інданезіі да адносна нядаўніх часоў — каля 60 тыс. год таму (па апошніх даных). Але як толькі на выспе з’явіўся «чалавек разумны», яны адразу зніклі, не вытрымаўшы канкурэнтнай барацьбы з больш «мазгавітымі» гома сапіенсамі.
У адрозненне ад фларэскіх «хобітаў» (як іх яшчэ клічуць у літаратуры) гома наледзі не маглі быць абароненымі ізаляцыяй ад канкурэнтаў. Тым не менш, яны здолелі працяглы час суіснаваць з імі, хоць і саступалі ім не толькі па аб’ёме мозгу, але і па іншых габарытах: пры росце прыкладна ў 140 см яны важылі каля 40 кг. Пры гэтым іх кісці рук былі прыдатнымі для карыстання прыладамі працы, а форма шкілета — для перасоўвання на дзвюх нагах на далёкія адлегласці. Ад драпежнікаў «людзі зоркі» ратаваліся, хутчэй за ўсё, на дрэвах.

Наўмысныя пахаванні ў гома наледзі

Але гома наледзі мелі яшчэ адзін сюрпрыз для нас, які нанёс куды большы ўдар па нашых уяўленнях пра эвалюцыю, чым здольнасць выжываць побач з буйнымі канкурэнтамі. У 2015-м археолагі звярнулі ўвагу на ўмовы, у якіх захоўваліся шкілеты, знойдзеныя ў 2013-м. Яны ўсе знаходзіліся ў падземнай камеры, якая ляжыць на 12 метраў ніжэй за ўзровень асноўнай пячоры.
Пры гэтым было досыць відавочным, што целы не маглі там апынуцца выпадкова, бо для пераадолення праходу ў гэту камеру трэ было прыкласці значныя высілкі (лідар каманды даследчыкаў доктар Лі Бергер прызнаў, што згубіў 25 кілаграмаў вагі, лазячы па вузкіх праходах пячоры). Можна было б уявіць, што целы зацягнулі ў камеру драпежнікі, але аніякіх характэрных сведчанняў таго (сляды зубоў, пашкуматаныя целы) знойдзена не было. Не пацвердзілася і меркаванне, што целы маглі быць прынесены ў камеру плынямі вады падчас паводкі, паколькі аніякіх слядоў прысутнасці вялікіх аб’ёмаў вадкасці знойдзена таксама не было.

Заставалася толькі адна імаверная, хоць і, падаецца, неверагодная версія: целы былі наўмысна пахаванымі супляменнікамі.


Як лічылася раней, рытуал наўмыснага пахавання з’явіўся ў досыць познія часы. Гома сапіенсы, магчыма, пачалі хаваць сваіх родзічаў каля 100 тысяч год таму. Неандэртальцы — каля 60 тысяч. Для даследчыкаў наяўнасць пахавання сведчыла, што людзі прайшлі ўжо доўгі шлях эвалюцыі, у тым ліку і эвалюцыі галаўнога мозгу, каб дайсці да падобных складаных дзеянняў, якія патрабуюць абстрактнага мыслення.
Таму з 2018-га археолагі пачалі праверку сваёй гіпотэзы, каб пераканацца, што гэта не іх фантазіі і што гома наледзі сапраўды наўмысна хавалі памерлых. Даследаванні ў камеры далі некалькі цікавых вынікаў.
Высветлілася, што целы не проста былі зацягнуты ў яе з мэтай, напрыклад, пазбавіцца паху, які мог прыцягнуць драпежнікаў. Для кожнага цела была выкапана невялічкая ямка авальнай формы, у якой нябожчыка клалі ў скручанай «эмбрыянальнай» пазіцыі. Больш за тое, побач з косткамі рукі аднаго з дарослых мужчын быў знойдзены камень, які па форме нагадвае прыладу працы. Што, у сваю чаргу, можа сведчыць пра наяўнасць уяўленняў пра замагільнае жыццё.
Акрамя таго, на сценах пячоры былі знойдзены шматлікія глыбокія драпіны, якія ідуць у розных кірунках і ў некаторых выпадках утвараюць знак #. Такія знакі вядомы даследчыкам як праява дзейнасці сапіенсаў і неандэртальцаў. Але даследчыкі пячоры Узыходзячай Зоркі ўпэўнены, што ў дадзеным выпадку аўтарамі драпін былі менавіта гома наледзі.

У маленькіх мазгах ёсць месца для вялікіх уяўленняў

Адкрыцці ў пячоры Узыходзячай Зоркі разбураюць наша перакананне, што толькі чалавек разумны быў здольны на выкананне пэўных дзеянняў, такіх, як наўмыснае пахаванне, а таксама здольны верыць у існаванне пасля смерці. І гэтымі здольнасцямі мы павінны нашым буйным і такім разумным мазгам. Але, як высветлілася, істоты з мозгам, блізкім па фізічных памерах да мозгу малпы, рабілі і ўяўлялі тое ж у тыя часы, калі нашы непасрэдныя продкі толькі знаходзіліся на шляху да такіх высокіх ступеняў развіцця.
Мала казаць, што гэта наносіць смяротны ўдар па парэштках расісцкіх уяўленняў яшчэ адносна нядаўняга мінулага (хоць для некаторых, страшуся, гэта застаецца актуальнасцю), што фізіялогія ўплывае на інтэлект, і чым буйнейшая чарапная каробка, тым больш разумным з’яўляецца чалавек ці пэўная група людзей. Адкрыцці ў пячоры Узыходзячай Зоркі прымушаюць па-новаму глядзець на ход эвалюцыі, а таксама на функцыянаванне мозгу. І на гэтым шляху мы робім толькі самыя першыя крокі. Шмат якія з вынікаў даследавання патрабуюць яшчэ пераправеркі і ўдакладненняў (у тым ліку — у плане датавання знаходак), роўна як і пераасэнсавання і пошукаў новых сведчанняў ходу гісторыі чалавецтва.
Застаецца толькі спадзявацца, што мы з нашымі звычайнымі немаленькімі мазгамі здолеем зразумець тое, пра што даведаемся дзякуючы далейшаму даследаванню тых, у каго мозг быў зусім маленькім, але мысленне магло не адрознівацца ад нашага. І гэта ўнушае аптымізм.