Манархія ўсё больш папулярная

Дзякуючы ўрачыстасцям з нагоды знаходжання Елізаветы ІІ на троне, Вялікабрытанія перажывае беспрэцэдэнтны рост манархісцкіх настрояў. Аднак у рэспубліканцаў ёсць свой каварны план.

Першыя сацыялагічныя апытанні наконт таго, ці падабаецца інстытут манархіі і непасрэдна цяперашні манарх, пачалі праводзіцца ў Вялікабрытаніі дастаткова позна. Відавочна, што сама пастаноўка пытання пра гэта гучала неяк крамольна, паколькі ў законе дасюль захаваўся крымінальны артыкул за знявагу манархічнага ладу.



c2ae5cb2426d96ed19a50b0b7d7c8e11.jpg

Дзякуючы ўрачыстасцям з нагоды знаходжання Елізаветы ІІ на троне, Вялікабрытанія перажывае беспрэцэдэнтны рост манархісцкіх настрояў. Аднак у рэспубліканцаў ёсць свой каварны план.
Першыя сацыялагічныя апытанні наконт таго, ці падабаецца інстытут манархіі і непасрэдна цяперашні манарх, пачалі праводзіцца ў Вялікабрытаніі дастаткова позна. Відавочна, што сама пастаноўка пытання пра гэта гучала неяк крамольна, паколькі ў законе дасюль захаваўся крымінальны артыкул за знявагу манархічнага ладу.
Толькі ў 1964 годзе агенцтва «British Election Study» задало брытанцам гэта пытанне. Вынікі былі такімі: больш за 60 працэнтаў рэспандэнтаў пазітыўна ацэньвалі дзейнасць маладой каралевы Елізаветы ІІ. Ненавіснікаў манархіі было не больш за 10 працэнтаў.
Рэйтынг каралевы заставаўся стабільным усе 1960-я гады, пакуль не пачаліся студэнцкая і рок-рэвалюцыя. У 1969 годзе ўпершыню папулярнасць каралевы ўпала, праўда нязначна — да 57 працэнтаў, затое колькасць аматараў рэспублікі на Альбіёне вырасла да фантастычнай лічбы — 27 працэнтаў.
Безумоўна, свой унёсак у статыстыку зрабілі «Beatles», якія ў той час фармавалі густы моладзі, а пасля — і сярэдняга класу. «Бітлы» як выхадцы з пралетарскай поўначы ніколі не любілі кіруючы клас. У 1963 годзе яны нахабна прыкалоліся з каралевы падчас канцэрту ў Букінгемскім палацы. Джон Ленан заклікаў прысутных арыстакратаў замест апладысментаў патрэсці сваімі ўпрыгожаннямі. Трошкі пазней музыкі дэманстратыўна выкінулі атрыманыя імі раней медалі за службу Брытанскай імперыі.
У 1977 годзе, калі адзначаўся срэбны юбілей знаходжання каралевы на троне, канфрантацыя паміж моладзевай субкультурай і манархіяй дасягнула кульмінацыі. Вялікай папулярнасцю карыстаўся славуты хіт панк-гурта «God Save the Queen», дзе ёсць словы пра тое, што «манархія — гэта фашысцкі рэжым». На гэты час каралеву любілі не больш за 50 працэнтаў брытанцаў.
Уздым папулярнасці Віндзараў пачынаецца толькі ў 1981 годзе, пасля таго, як у Букінгемскім палацы з’явілася прынцэса Дыяна Спенсер. У 1985-м, дзякуючы Дыяне, 70 працэнтаў брытанцаў пачалі пазітыўна ставіцца да каралеўскай сям’і. І гэта не дзіўна — уся Англія ўсхвалявана назірала за перыпетыямі яе шлюбу з прынцам Чарльзам, у якога былі відавочныя адносіны з Камілай — яго будучай другой жонкай.
Адпаведна, калі ў 1998 годзе Лэдзі Дзі загінула ў аўтакатастрофе, адказнасць усё дружна пераклалі на тую ж самую ўчора яшчэ любімую каралеўскую сямейку. У гэтым годзе быў зафіксаваны самы нізкі ў гісторыі ўзровень даверу да інстытутаў манархіі. Толькі 20 працэнтаў жыхароў Вялікабрытаніі лічылі, што скасаванне манархічнага ладу ўяўляе для краіны нешта кепскае.
Было патрэбна прыблізна 20 гадоў, каб грамадская думка кардынальна змяніла прыярытэты. Толькі пасля вяселля прынца Вільяма і Кейт Мідлтан  у мінулым годзе армія сімпатызантаў манархіі стала складаць большую частку насельніцтва брытанскіх выспаў.
А цяпер у атмасферы святкавання дыяментавага юбілею ўвогуле адбываецца нешта неверагоднае. Адпаведна апытанням выдання «Guardian», 69 працэнтаў брытанцаў лічаць, што без наяўнасці структур манархіі нацыі было б горш. І толькі 10 працэнтаў апытаных выступаюць за тое, каб у выпадку смерці каралевы адбыліся ўсенародныя выбары кіраўніка дзяржавы. Антыманархісцкія сантыменты дамінуюць толькі ў Шатландыі, дзе традыцыйна моцныя левыя партыі.
Адпаведна іншаму сацыялагічнаму агенцтву «Ipsos Mori», упершыню з 1990 года Елізавета ІІ стала больш папулярнай за прынцэсу Дыяну. У дадатак каралева становіцца сапраўдным лідарам нацыі. Яе дзейнасць падабаецца 78 працэнтам апытаных.
Культ Елізаветы ІІ яўна пераходзіць усе межы разумнага. Так, у грамадстве ўзнікла ініцыятыва перайменаваць славуты лонданскі Біг-Бэн у Вежу Елізаветы.
Палітолагі і культуролагі трактуюць прыліў манархічных сантыментаў як рэакцыю грамадства на актуальныя палітычныя і сацыяльныя працэсы. Так, каралеву ў тым ліку любяць з-за крызісу даверу да палітычнай эліты. Мікраскапічнымі ў параўнанні з рэйтынгам Яе Вялікасці выглядаюць рэйтынгі вядучых палітыкаў. Так, кіраўніку кабінета кансерватараў Дэвіду Кэмерану вераць 11 працэнтаў, а лідару лейбарысцкай апазіцыі Эду Мілібэнду — 12.
Пры гэтым аказваецца, што ў Елізаветы ІІ значна больш палітычнай волі. Менавіта пры ёй брытанская манархія прызнала правы каталікоў, дазволіла рэформу англіканскай царквы, дзе кіруючыя пасады цяпер могуць займаць жанчыны. Жанчыны таксама атрымалі права займаць трон.
Аднак, на думку палітолагаў, найбольшую павагу выклікае такая якасць каралевы, як уменне трымаць язык за зубамі, не лезці ў палітыку і дысцыплінавана выконваць цырыманіял.
Як ні парадаксальна, у рэспубліканскім лагеры не назіраецца асаблівай панікі. Надзею на перамены рэспубліканцы звязваюць з тым фактам, што манархічная супольнасць краіны моцна па­дзеленая. Па падліках «Guardian», 39 працэнтаў аматараў манархіі выступаюць за тое, каб карону атрымаў прынц Чарльз. З другога боку, 49 працэнтаў апытаных хацелі б, каб яе насіў малады прынц Вільям.
Гэты падзел стварае, калі верыць рэспубліканцам, амаль рэвалюцыйную перспектыву. У выпадку, калі адна са згаданых асобаў стане манархам, фракцыі  перасварацца, што будзе не проста сямейным канфліктам. У Вільяма і ў Чарльза свой сфармаваны электарат. Так, за караля Вільяма агітуюць выбаршчыкі лейбарыстаў і моладзь. Таму вынікам канфрантацыі прыхільнікаў бацькі і сына можа стаць як мінімум кампраметацыя манархіі і магчымая канстытуцыйная рэформа.
Ну а пакуль рэспубліканцы рыхтуюцца правесці самую вялікую антыманархічную акцыю за 60 гадоў праўлення Елізаветы ІІ. 3 чэрвеня яны ладзяць маніфестацыю ў Лондане, каб адзначыць «60 бяздарных гадоў персанальнага абагачэння, слабага лідарства і нежадання дазволіць вольнае галасаванне па пытанню, ці мае права каралева кіраваць краінай».