Маразмы дыктатуры. Падборка абсурдных фактаў з жыцця нацысцкай Германіі

Роўна 90 год таму пасля падпалу Рэйхстагу Германія пачала ператварацца ў тыповую дыктатуру. І натуральна, працэс не абышоўся без маразмаў. Прапануем падборку малавядомых фактаў вар’яцкага жыцця ў Трэцім Рэйху.

Ілюстрацыйная выява. "Том і Джэры"

Ілюстрацыйная выява. "Том і Джэры"


Жывёлы і «Зіг Хайль!»

Навязванне культу нацысцкай партыі грамадству мела незвычайныя наступствы і для свету жывёлаў. У некаторых цырках жывёлаў, напрыклад, малпаў навучылі рабіць лапамі нацысцкі салют. У прынцыпе па задумцы дырэкцыі цыркаў гэта мелася быць знакам лаяльнасці на адрас новага рэжыму. Маўляў, глядзіце, нават прадстаўнікі фауны яго падтрымліваюць. Аднак публіка сустракала тыя жэсты вельмі неадназначна. Шмат хто бачыў тут пародыю на нацысцкіх бонзаў і смяяўся. У выніку на ўзроўні адпаведнага дэпартаменту была пранята пастанова, якая забараняла жывёлам рабіць нацысцкае прывітанне.  

Гутэн таг або Хайль Гітлер?

У працяг тэмы пра нацысцкае вітанне. Хутка прапагандысты патрабавалі ад немцаў, каб яны ў быту ўжывалі «Хайль Гітлер!» замест фразаў накшталт «Добры вечар», «Добрай раніцы» і «Дабрыдзень». Праўда, праз немагчымасць тэхнічна кантраляваць загад пра ініцыятыву з часам забыліся. Дарэчы, яна вельмі напужала жыхароў маленькага нейкага сілезскага горада, які меў забаўную назву «Гутэнтаг». Гутэнтагу відавочна пагражала атрымаць назву «Хайгітлер». Аднак у выніку праект так і не рэалізавалі.  
 

Пра хараство  

Чамусьці кіраўніцтва нацысцкай партыі вельмі клапацілася пра эстэтыку сваіх партыйных мерапрыемстваў. У 1934-м у будынкі, дзе праходзілі мітынгі нацыстаў, забаранілі пускаць кабетаў з непрыгожымі тварамі. Для таго, каб фільтраваць непрыгожых, нават была створаная спецыяльная служба.

Гітлер і Спячая прыгажуня

Дабралася нацыфікацыя і да свету казак. Педагогам раілі чытаць дзецям казку пра Спячую прыгажуню, якую, як вядома, абудзіў прынц. Настаўнікі пры гэтым тлумачылі, што спячая прыгажуня сімвалізуе Германію да прыходу Гітлера да ўлады. Вось такі складаны сімвалізм.
Затое казку пра Чырвоны каптурок нацысцкія ідэолагі перарабілі. Дзяўчынка, паводле новай версіі, несла бабулі не нейкія матчыны піражкі, а паёк з нацысцкага фонду дапамогі пенсіянерам. У фінале казкі за свае подзвігі галоўная гераіня атрымлівала пасаду рэгіянальнага кіраўніка Саюзу нямецкіх дзяўчынак — праўладнай арганізацыі.  

Гітлераўскае надвор’е

Дыктатура прымусіла палітызаваць сваю працу нават дыктараў на радыё, якія распавядалі пра надвор’е. Ад тых, хто чытаў тэксты сіноптыкаў, патрабавалі каб сонечныя і цёплыя дні яны называлі «гітлераўскае надвор’е» або «надвор’е фюрэра».

Абраза Гітлера

У 1935-м нямецкім суддзям, якія вялі шлюбныя працэсы, даслалі цікавую інструкцыю. Цыркуляр дазваляў разрываць шлюбы ў выпадку, калі адзін з сужэнцаў быў застуканы за тым, як абражаў Гітлера.

Рэгламентавалі прычоскі

У 1943-м, калі праз вайну назіраўся дэфіцыт электрычнасці і гарачай вады, было вырашана эканоміць на жаночых прычосках. Цырульням забаранілі рабіць завіўкі і ўвялі стандарт даўжыні прычоскі. Максімальная даўжыня валасоў складала 15 сантыметраў. Выключэнне рабілася толькі для тых кабетаў-вайскоўцаў, якія прыехалі на адпачынак з фронту.  

Афіцыянты — забароненая прафесія  

У 1939-м нацысты звярнулі ўвагу, што ў некаторых месцах грамадскага харчавання ежу разносяць мужчыны-афіцыянты. На вышэйшым узроўні была прынята пастанова ўсіх афіцыянтаў звольніць, паколькі праца абражае мужны вобраз нямецкага мужчыны. Цікава, што нацыстам таксама вельмі не падабаліся юрысты. Гітлер у прыватным коле казаў, што людзі, якія жывуць дзякуючы веданню параграфаў законаў, з’яўляюцца паразітамі. У перспектыве ён планаваў забараніць гэтую прафесію.

Дэмаграфія і прэса

Праблема дэмаграфіі, думаецца, турбуе любы ўрад. Вырашалі яе і нацыянал-сацыялісты. У тым ліку за кошт папулярызацыяй ідэі пра тое, што нармальная нямецкая сям’я мусіць мець шмат дзяцей. Для гэтага ў тым ліку патрабавалі ад газетаў друкаваць выключна партрэты тых сем’яў, якія маюць не менш за чатыры дзіцяці. З той жа мэтай была прыдумана ўзнагарода «Матчыны крыж», якую атрымлівалі шматдзетныя маці. Існавалі тры ступені ўзнагарод — бронзавы матчыны крыж, срэбны і залаты. Апошнім узнагароджвалі кабет, якія нарадзілі больш за восем дзяцей.