Мінск экстрадуе блогера Лапшына ў Азербайджан
Генпракуратура Беларусі ў пятніцу прыняла рашэнне аб экстрадыцыі ў Баку расійска-ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына, затрыманага ў Мінску па запыце Азербайджана.
У ведамстве не камэнтуюць гэтае рашэньне, адзначаючы, што ў Лапшына ёсць 10 дзён з моманту азнаямлення з афіцыйным дакументам для абскарджвання рашэння генпракуратуры ў судовым парадку.
Абвешчаны азербайджанскімі ўладамі ў міжнародны вышук Аляксандр Лапшын 15 снежня мінулага года быў затрыманы ў адной з гасцініц беларускай сталіцы і змешчаны ў СІЗА №1 — знакамітую турму «Валадарку» ў цэнтры Мінска.
У чым вінавацяць блогера
Баку абвінавачвае Лапшына, які мае падвойнае грамадзянства — Расіі і Ізраіля, у незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы Азербайджана і закліках, накіраваных супраць дзяржавы. Крымінальныя справы па гэтых абвінавачваннях узбуджаныя ў Азербайджане.
З 2011 года Аляксандр Лапшын уключаны ў "чорны спіс" азербайджанскага МЗС за няўзгодненыя з афіцыйным Баку наведванні Нагорнага Карабаху.
Заклікі, накіраваныя супраць дзяржавы, азербайджанскія ўлады ўгледзелі ў запісах блогера ад 6 красавіка і 29 чэрвеня 2016 года: Лапшын выказаўся за незалежнасць самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі, якая афіцыйна ўваходзіць у склад Азербайджана.
Афіцыйныя асобы ў Беларусі не камэнтуюць выстаўленыя супраць затрыманага блогера абвінавачванні.Як адзначае карэспандэнт Рускай службы Бі-бі-сі ў Мінску, мясцовая блогасфера таксама, па сутнасці, маўчыць — выключаючы хіба што праваабаронцаў і актывістаў журналісцкіх арганізацый.
Расія і Ізраіль супраць
Масква выступае супраць экстрадыцыі Аляксандра Лапшына ў Азербайджан.
«Мы супраць таго, каб экстрадаваць грамадзян Расійскай Федэрацыі, затрыманых у той ці іншай краіне, у трэцюю краіну», — заявіў на прэс-канферэнцыі 17 студзеня кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў.
«У нас быў консульскі кантакт з спадаром Лапшыным. Мы ведаем, што ён адначасова з'яўляецца грамадзянінам Ізраіля, і ізраільскія дыпламаты, таксама былі з ім у кантакце. Мы будзем прымаць усе меры, каб гэтую сітуацыю вырашыць пры поўнай павазе правоў грамадзяніна Расійскай Федэрацыі, які адначасова з'яўляецца грамадзянінам Ізраіля», — адзначыў Сяргей Лаўроў, падкрэсліўшы, што Расія выступае супраць крымінальнага пераследу журналістаў або звычайных грамадзян за тое, што яны наведалі тыя ці іншыя тэрыторыі.
І расійскія дыпламаты, і намеснік кіраўніка дыпмісіі Ізраіля ў Беларусі здолелі патрапіць у СІЗА да Аляксандра Лапшын толькі праз месяц пасля затрымання блогера (12-13 студзеня).
Ізраільскі дыпламат Юлія Рачынскі-Співакова пасля наведвання СІЗА распавяла беларускаму агенцтву БелаПАН, што Лапшын знаходзіцца ў прыгнечаным стане. Прадстаўнік ізраільскага пасольства заявіла таксама, што ізраільскія дыпламаты імкнуцца па меры сіл і паўнамоцтваў не дапусціць экстрадыцыі Лапшына ў Азербайджан.
Камітэт у абарону журналістаў (CPJ) са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку заклікаў беларускія ўлады вызваліць блогера Аляксандра Лапшына.
Чаму Мінск прыняў бок Баку
Пасля арышту ў Мінску блогера Лапшына Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) афіцыйна звярнулася ў азербайджанскае пасольства з просьбай патлумачыць, ці ёсць у «чорных спісах» Баку беларускія грамадзяне - блогеры ці журналісты.
«Адказу пакуль няма, — кажа кіраўнік БАЖ Андрэй Бастунец. — Гісторыяй з блогерам Лапшыным беларускія і азербайджанскія ўлады стварылі вельмі дрэнны прэцэдэнт Ён ставіць пад пагрозу працу не толькі журналістаў, але наогул перасоўванне грамадзян, якія раптам не ў самых гарачых кропках, а ў спакойным Мінску могуць апынуцца пад пагрозай арышту і рэпрэсій за выказанае крытычнае меркаванне ў адрас нават не свайго, а нейкай трэцяй дзяржавы».
Палітаналітык Раман Якаўлеўскі не здзіўлены, што пры вырашэнні лёсу блогера Лапшына афіцыйны Мінск праігнараваў просьбы Масквы і Ізраіля.
«На беларуска-ізраільскіх стасунках гісторыя з блогерам Лапшыным наўрад ці сур'ёзна адаб'ецца, а беларуска-расейскія адносіны даўно ўжо вельмі вясёлыя», — іранізуе Якаўлеўскі.
«З Баку зараз Лукашэнкі сябраваць выгадна. Вось прама цяпер па тэлевізары распавядаюць, як пасля лістападаўскага візіту беларускага прэзідэнта ў Баку азербайджанская нафта праз Адэскі порт стала рухацца ў Беларусь па чыгунцы А Расея нафтавыя пастаўкі ўрэзала, ды і не толькі нафтавыя. Ну, не мог афіцыйны Мінск у гэтай сітуацыі адмовіць азербайджанскаму боку», — тлумачыць эксперт.І заўважае: «Нават рашэннем аб лёсе блогера Мінск яшчэ раз дэманструе сваю незалежнасць ад меркавання Крамля, сваю самастойнасць».
Праваабаронцы сцвярджаюць, што ў Азербайджане блогеру Аляксандру Лапшыну пагражае немалы турэмны тэрмін.
Паводле BBC