У Кіеве рыхтуюцца да судовага працэсу над Віктарам Януковічам
Чацвёртага прэзідэнта Украіны вінавацяць у дзяржаўнай здрадзе і пасягальніцтве на тэрытарыяльную цаласнасць і суверэнітэт Украіны.
У Кіеве рыхтуюцца да судовага працэсу над прэзідэнтам-уцекачом Віктарам Януковічам. Суд мае адбыцца ў лютым, пра што афіцыйна паведаміў Генеральны пракурор Юрый Луцэнка.
Віктар Януковіч з лютага 2014 года хаваецца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Суд будзе праходзіць завочна. Абвінавачванні, высунутыя былому ўкраінскаму прэзідэнту, каментуе юрыст Юрый Аўдзеенка:
— Януковіч сам ухіліўся ад выканання абавязкаў прэзідэнта, калі ўцёк. Калі казаць пра дзяржаўную здраду, дык існуе атрыкул, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць на карысць чужой дзяржавы. У Крымінальным кодэксе не пазначана: ці быў ён прэзідэнтам, ці быў шараговым грамадзянінам. І кваліфікуецца ў залежнасці ад таго, што тая ці іншая асоба зрабіла.
Малаверагодна, што Масква выдасць Кіеву былога ўкраінскага прэзідэнта нават у тым выпадку, калі яго віна будзе даказаная.
Паводле Радыё Рацыя